Жывы шчыт для Пуціна? «Лукашэнку на ложку павезлі б, калі б спатрэбілася»
Аляксандр Лукашэнка ўвечары 8 мая выправіўся ў Маскву — на ваенны парад з нагоды 9 мая. Ён апошнім з постсавецкіх кіраўнікоў аб’явіў пра «рабочы візіт» у расійскую сталіцу, дый то постфактум — на месцы. Прычым прапаганда паказала надзвычай дзіўныя кадры…
Чаму Лукашэнка, які заўсёды выкарыстоўваў паездкі ў Маскву для дэманстрацыі «саюзнай любові», напярэдадні 9 мая нібы вады ў рот набраў? Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
Жывы шчыт для Пуціна?
— Пачну з невялікага анекдота. Пасля з’яўлення інфармацыі, што Лукашэнка збіраецца ў Маскву, афіцыйных пацверджанняў не было доўгі час. Матолька першы паведаміў, што Лукашэнка збіраецца туды, затым прайшла інфармацыя, што Такаеў, Пашынян таксама паедуць. Стала зразумела, што ў Маскве збярэцца як мінімум АДКБ. Я хутчэй жартам напісаў у тэлеграм-канале, што ўсе яны збіраюцца разам, каб панізіць верагоднасць атакі на Красную плошчу, — ствараюць своеасаблівы жывы шчыт для Пуціна. Сусветная гісторыя памятае падобныя выпадкі. У 2008 годзе, калі Расія пагражала Саакашвілі, у Грузію накіраваліся і Юшчанка, і Качыньскі, і прэзідэнты краінаў Балтыі. Ці, напрыклад, калі ў Палестыне наступалі абвастрэнні, у рэзідэнцыі Ясіра Арафата заўсёды збіраліся актывісты — барацьбіты за мір, каб панізіць рызыку ўдара з боку Ізраіля па рэзідэнцыі Арафата.
Напісаў як жарт, а праз паўгадзіны тая ж думка з’яўляецца ў адыёзнага расійскага прапагандыста Сяргея Маркава, які фактычна рэтранслюе афіцыйныя наратывы расійскай прапаганды. І ён піша вельмі сур’ёзна, што на парадзе будуць прысутнічаць кіраўнікі постсавецкіх дзяржаў — «адважныя людзі, бо яны ведаюць аб магчымасці тэракту, арганізаванага з Кіева». Дык можа, іх усіх туды прыцягнулі, каб падвысіць меры бяспекі для Пуціна?
І, канечне, сёння Пуціну вельмі патрэбна прадэманстраваць, што ён не адзін, што яшчэ хоць нейкі ўплыў на постсавецкую прастору яшчэ прысутнічае, што яшчэ хоць кагосьці здольны прызваць гэтым днём у Маскву. Зразумела, гэта не тыя людзі, якіх бы ён хацеў бачыць: яны свае, ужо кішэнныя. Іншая справа — Сі Цзіньпін ці Лула, прэзідэнт Бразіліі, альбо прэзідэнт Інданезіі, або прэзідэнт Паўднёвай Афрыкі. Але ніхто з сусветных лідараў прыехаць не пажадаў, застаецца толькі прывозіць гэтых.
«Прапаганда не паказвае Лукашэнку ў руху»
— Лукашэнка апошні пацвердзіў свой візіт у Маскву, дый тады, калі ён ужо апынуўся ў Маскве. У выніку нават прапагандысты паказалі кадры, што ён знаходзіцца там. А кадры, трэба прызнаць, вельмі дзіўныя: мы не бачым Лукашэнку з блізкай дыстанцыі, ён вельмі дзіўна выглядае ў сваёй бейсболцы, увогуле яго не паказваюць у дынаміцы, калі ён рухаецца. Гэтыя кадры вельмі статычныя; асоб, якія сустракаюць Лукашэнку, паказваюць вялікім планам. Адмыслова акцэнтуюць увагу, што гэта ўжо Масква. Паводзіны прапагандыстаў выдаюць сітуацыю, калі ім трэба зрабіць нейкую карцінку, а магчымасці моцна абмежаваныя: Лукашэнка яшчэ ў стане, яго сустракаюць і што гэта Масква.
Чаму гэта адбываецца? Спекуляцыі наконт Лукашэнкі працягваюцца. Сапраўды, апошнім разам яго паказвалі 5 траўня, і ён выглядаў не вельмі добра — хваравіта; на выхадных яго ўвогуле не было ў публічнай прасторы, ва ўсіх афіцыйных мерапрыемствах удзельнічалі Вальфовіч, Хрэнін, Качанава, а прамову за Лукашэнку зрабіў Галоўчанка. Сітуацыя склалася недарэчная. І вось у такой сітуацыі яму давялося ехаць у Маскву: перанеслі ўскладанне кветак у Мінску з раніцы на вечар, не падобна, што ён будзе рабіць нейкую прамову.
Выглядае Лукашэнка не вельмі добра, але мусіць ехаць, ён там патрэбны. У Лукашэнкі пазіцыя горшая, чым у астатніх: ва ўсіх рэжымаў і пазіцыя ў вайне нейтральная, і добрыя адносіны з Захадам, яны могуць прыехаць у Маскву, але потым зробяць рэверансы перад Захадам і за паездку ў Маскву яшчэ і нешта атрымаюць. У Лукашэнкі такіх магчымасцяў няма: калі Масква кажа — павінен быць, што тут зробіш, нават у цяперашнім стане паехаў. Хаця відавочна, што загадзя гэта не планавалася, гэта экспромт.
А навошта Пуціну трэба было сабраць усіх у адным месцы? Ці сапраўды гэта меры перасцярогі ці можа нешта больш сур’ёзнае? Пабачым ужо на сустрэчах. Калі будзе выглядаць так, што Лукашэнка прыехаў пастаяць недалёка ад Пуціна (калі ў Лукашэнкі грып ці нешта такое, яго яўна блізка не падпусцяць), а прапаганда падае гэта як працоўны візіт. А працоўны візіт прадугледжвае нейкія сустрэчы.
«Прамова Пуціна можа стаць шэрым пшыкам»
— Усё выглядае вельмі дзіўна. Тым больш што і ў Расіі падкрэсліваюць, што парад будзе непаўнавартасны — без авіяшоу.
А можа, усё да банальнага проста. Мы, назіраючы за Пуціным, за Лукашэнкам, схільныя шукаць нейкія таемныя сэнсы. А можа сапраўды Пуцін вырашыў для сябе: я ізгой, выдадзены ордэр на мой арышт, а я вазьму ды пакажу, што на постсавецкай прасторы я не адзін, у мяне ёсць паплечнікі, і яны павінны з’явіцца. Яны з’явіліся. Лукашэнку на ложку павезлі б, калі б спатрэбілася.
Вы, напэўна, чыталі расследаванне Іллі Жагулёва пра тое, як Пуцін прымаў рашэнне пра пачатак вайны з Украінай. Расійскі журналіст прыйшоў да высновы абсалютна банальнай: гэтае рашэнне прымалася пад уплывам асабістага непрыязнага стаўлення Пуціна да Зяленскага, асабістых абразаў і стаўлення Зяленскага да Медведчука (адабралі тэлеканалы і іншае). Абсалютна банальныя асабістыя фактары і дрэнныя разлікі прывялі да такой катастрофы. Тэкст Жагулёва мне падаўся абсалютна рэалістычным: гэтыя людзі, у дзеяннях якіх мы шукаем складаныя гульні, камбінацыі, жывуць у сваім свеце, са сваімі эмоцыямі. Мы думаем, што Пуцін заўтра будзе абвяшчаць нейкія планы; а можа, гэта толькі пытанне бяспекі? А можа, ён вырашыў самому сабе прадэманстраваць, што яшчэ на нешта здатны.
Мне нават падаецца, што прамова Пуціна 9 мая, ад якой чакаюць немаведама што, абернецца шэрым пшыкам.