Чаму Лукашэнка далучыўся да агрэсара і пра які канец вайны марыць?

Тэзіс «Расея ня можа прайграць у гэтай вайне» гучыць у Менску ўсё радзей і ўсё больш няўпэўнена. Між сабой беларускія чыноўнікі і «сілавікі» ўжо амаль адкрыта абмяркоўваюць: чаму Расея аказалася такой слабой і бездапаможнай у гэтай вайне? Разважае Багдзевіч у блогу на «Свабодзе».

aleksandr_lukashenko_na_parade_v_moskve_9_maya_2023_goda.jpg

Фота Reuters
Што гэта за «другая армія сьвету», якая паўгода штурмуе нейкі нікому дагэтуль не вядомы Бахмут і ніяк ня можа ўзяць? Урэшце, у якім рэальна стане ў такім разе беларуская армія? А галоўнае: чым гэта авантура можа скончыцца для рэжыму і асабіста для іх? А скончыцца можа вельмі па-рознаму. У гісторыі на тое шмат красамоўных прыкладаў.

«Вось таму і целяпаюцца цяпер...»

Да Лукашэнкі даходзяць гэтыя размовы, сумневы і пытаньні ягоных падначаленых. Ён спрабуе супакоіць іх і аргумэнтаваць расейскія паразы. Галоўная на сёньня вэрсія: Расея занадта шмат увагі і грошай аддала на распрацоўку новых узбраеньняў, а на рэальную вайну сілаў не хапіла. Вось як ён тлумачыў гэта падчас свайго апошняга пасланьня 31 сакавіка сёлета:
«У Расеі, можна шчыра сказаць, быў пэўны перакос ва ўзбраеньні. Яны ўдзялілі калясальную ўвагу пэрспэктыўным распрацоўкам. Яны першымі ў сьвеце стварылі гіпэргукавую зброю, самыя новыя сыстэмы стратэгічнага ўзбраеньня. Ведаеце, гэтыя „Сармат“, „Ярс“, на падводных лодках ды інш. Гэта вялізныя грошы. Мне Пуцін пастаянна расказваў, ува што гэта абыходзілася... Вось грошай і не хапала... А ўкраінскі досьвед паказаў, што на зямлі немагчыма перамагчы без гранатамётаў, кулямётаў і аўтаматаў, без самага элемэнтарнага. Нельга перамагчы бяз „Градаў“, „Тарнада“, „Урагану“ ды іншага... Безь мільёнаў боепрыпасаў нельга перамагчы. Вось таму і целяпаюцца цяпер».
Магчыма, для прапаганды такая вэрсія і згадзіцца. Але чалавек з крытычным мысьленьнем тут жа задасьць пытаньне: дзе ж тыя перадавыя распрацоўкі, на якія пайшлі ўсе расейскія абаронныя бюджэты? Чаму іх не відаць на полі бою? Дзе вайсковыя выведвальныя спадарожнікі, новыя сыстэмы сувязі, дакладная артылерыя, новыя танкі? Чаму ва Ўкраіны ўсё гэта (дзякуючы пастаўкам з Захаду) ёсьць, а ў Расеі няма (ці амаль няма)? І ці не пайшлі выдаткаваныя зь дзяржаўнай казны мільярды не на мітычныя «перадавыя ўзбраеньні», а на палацы, яхты, замежныя вілы і іншыя атрыбуты шыкоўнага жыцьця расейскіх генэралаў?

Увогуле, Лукашэнка, шукаючы апраўданьне для ваенных няўдач Расеі, нагадвае гульца, які памыліўся з выбарам стаўкі, прайграў і цяпер спрабуе апраўдацца за свой памылковы выбар. І перад сабой, і перад паплечнікамі.

Ідэальны сцэнар для Лукашэнкі

Ён даўно ўжо не разьлічвае на свой удзел у парадзе на Храшчаціку ў Кіеве ў якасьці пераможцы. Апошні ідэальны для сябе сцэнар заканчэньня вайны Лукашэнка выклаў у тым жа апошнім пасланьні: «Шлях адзін — перамовы, перамовы без папярэдніх умоў... Зараз, зараз, а ня заўтра». Нават апраўданьні і аргумэнты для кожнага з бакоў падказаў.
Для Расеі: «Тыя нацыяналісты, нацмэны, фашысты, якіх мы называлі так — іх ужо там няма... Самых адвязаных ідэйных нацыстаў, фашыстаў ды іншых ужо няма ва Ўкраіне. Яны былі наперадзе. І яны ўсе загінулі». Своеасаблівая падказка для Крамля: маўляў, «дэнацыфікацыя», пад лёзунгам якой Пуцін уводзіў войскі і распачынаў агрэсію, пасьпяхова праведзена, можна абвяшчаць пра зьнішчэньне ўкраінскіх фашыстаў і поўную перамогу.
Для Ўкраіны: «Валодзя, ты падумай. Вайна ідзе на тваёй зямлі, на тваёй тэрыторыі. Сёньня ты будзеш героем, будзеш на чале — езьдзіць пад Бахмут (ён жа Арцёмаўск) уручаць узнагароды. А пройдзе час, народ у цябе спытае: «Чаму ты не перадухіліў вайну? Чаму не зрабіў усё, каб вайны гэтай не было? А калі яна пачалася, чаму не спыніў яе і гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі?». А яны «ня хочуць ваяваць, бо не разумеюць, за што ваююць».
Для Захаду: «Калі Расея раней (шчыра скажу — і ў нас таксама) прасіла зброю і боепрыпасы, то сёньня яна ні ў кога ня просіць. Чаму? Бо вайскова-прамысловы комплекс (я гэта дакладна ведаю) сёньня ў Расеі разгортваецца на поўную магутнасьць. І калі ён разгорнецца, пра мір гаварыць будзе цяжка. Гэтая расейская фурманка па інэрцыі калі пакоціцца, то мала ня здасца. Зараз пакуль можна...». Словам, зараз Расея пачне па-сапраўднаму — і тады ў Захаду ніякай зброі ня хопіць. Таму падказка Захаду: неадкладна сядайце з Пуціным за стол перамоваў...
Ідэальны сцэнар для Лукашэнкі: баявыя дзеяньні неадкладна спыніць, канфлікт замарозіць. Пачаць чарговыя шматгадовыя перамовы (пажадана зноў у Менску, а чаму не). Расея ў такім разе атрымлівае перадышку і час, каб ачомацца і акрыяць ад няўдалай кампаніі. А да яго, Лукашэнкі, перастаюць чапляцца і ён нават атрымлівае дывідэнды ад сваёй міратворчай актыўнасьці.
На гэтыя заклікі Лукашэнкі фактычна ніхто не адклікнуўся. Прэзыдэнт Зяленскі сам ведае, чаго хоча ягоны народ і за што можа спагнаць у яго. А спытаць можа за маладушнасьць і нерашучасьць, але не за мужнасьць і гераізм. Украінцы добра ведаюць, за што ваююць на сваёй зямлі.
А застрашыць Захад тым, што расейскі ВПК «вось-вось разгорнецца і тады нікому мала ня здасца» ўжо наўрад ці магчыма. Калі Расея здымае з захоўваньня і пасылае на фронт танкі 1950-1960-х гадоў выпуску, то пра якую найноўшую цуда-зброю можа ісьці размова? Усе бачылі гэтую «цуда-зброю» падчас апошняга куртатага вайсковага параду на Краснай плошчы 9 траўня: расейскія генэралы на ім ня здолелі выставіць нават танкавыя калёны і пабаяліся зрабіць парад авіятэхнікі.

Заклікаць зараз неадкладна спыніць вайну і пачаць перамовы з Пуціным — гэта прыблізна тое, што сярод Другой сусьветнай вайны, пасьля Сталінградзкай бітвы і Курскай дугі, патрабаваць ад Сталіна спыніць савецкі наступ і застацца на тых межах, якія склаліся на 1943 год. Хто б на такое пагадзіўся?

Паміж вайной і ганьбай

Лукашэнка зусім ня першы і далёка не апошні кіраўнік невялікай, у эканамічным і вайсковым пляне ня самай перадавой краіны, якой даводзіцца рабіць геапалітычны выбар у сытуацыі, калі адносіны паміж сабой высьвятляюць значна больш сур’ёзныя гульцы.
У ХІХ-ХХ стагодзьдзях, калі на эўрапейскай палітычнай мапе зьявіліся дзясяткі малых і сярэдніх дзяржаў, амаль усе яны ў розныя пэрыяды гісторыі паўставалі перад такім выбарам. Асабліва востра гэтая праблема ўзьнікала падчас абедзьвюх сусьветных войнаў. Вядома, зусім натуральнае і найбольш рацыянальнае для маленькай краіны выйсьце — застацца ўбаку ад чужой бойкі, захаваць нэўтралітэт і моўчкі назіраць за паядынкам галіяфаў.
Але далёка ня ўсім удаецца пераняць удалы досьвед Швайцарыі, якая на працягу апошніх двух стагодзьдзяў умудрылася ўберагчыся ад удзелу ў вайсковых блёках і кааліцыях і дамаглася, каб яе прызналі традыцыйным месцам мірных перамоваў і пасярэдніцтва. Куды часьцей невялікім краінам, заціснутым паміж магутнымі імпэрыямі, даводзілася выбіраць: спрабаваць супраціўляцца ці паслухмяна і пакорліва паддацца чужой сіле. Розныя краіны спрабавалі рабіць па-рознаму.
Падчас Другой сусьветнай вайны, прыкладам, Польшча зацята і мужна бараніла свой сувэрэнітэт, нягледзячы на тое, што супрацьстаяць агрэсіі дзьвюх магутных таталітарных дзяржаў адразу і з захаду, і з усходу было справай безнадзейнай. Краіна пацярпела калясальныя страты: больш за 6 мільёнаў палеглых (звыш 20% насельніцтва), зруйнаваныя гарады, зьнішчаная эканоміка.
Іншы прыклад — невялікая Данія. Як і Польшча, яна мела зь Нямеччынай дамову аб ненападзеньні. Як і ў выпадку з Польшчай, Гітлер гэтую дамову праігнараваў. Праз гадзіну пасьля таго, як войскі вэрмахту пераступілі дацкую мяжу, урад і кароль Даніі аддалі загад не аказваць агрэсару супраціву і капітулявалі. Каралеўства было цалкам акупавана за шэсьць гадзін. Ва ўсёй апэрацыі загінулі два вайскоўцы.

Выбіраючы паміж вайной і ганьбай, датчане выбралі ганьбу. І, насуперак вядомаму афарызму, атрымалі ня першае і другое, а толькі другое — ганьбу. Але адначасова — мінімальныя страты насельніцтва, параўнальна мяккі рэжым акупацыі і ацалелыя гарады.

І Гітлеру сябры і Сталіну ня ворагі

Але найбольш уражваюць паралелі паміж сёньняшняй Беларусьсю і Баўгарыяй часоў Другой сусьветнай вайны. Тагачасная Баўгарыя — невялікая і эканамічна слабая балканская краіна, манархія з аўтарытарным ладам, у атачэньні варожа настроеных да яе суседзяў з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі, пакрыўджаная паразай і тэрытарыяльнымі стратамі, якія яна пацярпела ў выніку Першай сусьветнай вайны.
Вядомы сваёй палітычнай гнуткасьцю баўгарскі цар Барыс ІІІ ня меў вялікіх сымпатый ні да фашысцкай дыктатуры Гітлера, ні да камуністычнай дыктатуры Сталіна. Але і з Масквы, і з Бэрліна яму недвухсэнсоўна давалі зразумець, што застацца нэўтральным не атрымаецца. Сталінскі Савецкі Саюз быў ня супраць уключыць яе ў сваю сфэру ўплыву і разьмясьціць там свае вайсковыя базы, каб у далейшым кантраляваць чарнаморскія пралівы. Гітлер на пачатку 1941-га ўжо сплянаваў захоп Грэцыі і Югаславіі. Абысьціся пры гэтым без баўгарскага пляцдарма было немагчыма. Гітлер і не зьбіраўся абыходзіцца.
Па сутнасьці, перад царом Барысам і тагачасным баўгарскім прэм’ерам Богданам Філавым стаяла дылема: прыняць прапанову Масквы, падпісаць пакт з СССР (і, вельмі верагодна, паўтарыць лёс краінаў Балтыі) ці далучыцца да фашысцкага блёку, добраахвотна дазволіць увядзеньне на сваю тэрыторыю гітлераўскіх войскаў і ў далейшым шчыльна залежаць ад Бэрліна.
Паводле стану на пачатак 1941-га, гітлераўская Нямеччына выглядала магутнай, непераможнай і пасьпяховай. А ў тыя часы так здаралася часта: не памылісься з выбарам саюзьніка, зробіш стаўку на будучага пераможцу — сарвеш куш, атрымаеш новыя тэрыторыі, умацуеш уласную ўладу, упішаш імя ў гісторыю ўдзячнага народа. Баўгарскія лідэры зрабілі стаўку на Гітлера. Пры гэтым паставілі перад сабой выключна прагматычныя мэты: да фашысцкага блёку далучыцца, але ўласнымі ўзброенымі сіламі ў вайне, наколькі гэта магчыма, ня ўдзельнічаць. Як ні дзіўна, гэта ім амаль удалося.
Першага сакавіка 1941-га Баўгарыя далучылася да Траістага пакту (восі), ужо на наступны дзень на тэрыторыю краіны ўвайшла 680-тысячная армія нямецкага фэльдмаршала Ліста і выкарыстала Баўгарыю як пляцдарм для агрэсіі супраць іншых балканскіх краін. Баўгарыя ўсяляк спрыяла агрэсіўнаму саюзьніку: давала свае палігоны і аэрадромы, дапамагала ўтрымліваць армію, пастаўляла харч...
Але самі баўгары ў баявых дзеяньнях фактычна ня ўдзельнічалі. На першым этапе Баўгарыя дзякуючы новым саюзьнікам значна пашырыла сваю тэрыторыю (больш як на 42 тысячы квадратных кілямэтраў), у тым ліку за кошт Югаславіі атрымала паўночную Македонію, а за кошт Грэцыі — шырокі выхад да Эгейскага мора. Цара Барыса афіцыйна сталі называць царом-аб’яднальнікам, будаўніком Вялікай Баўгарыі ад Чорнага да Эгейскага мора.
Пасьля нападу Нямеччыны на СССР Гітлер неаднаразова патрабаваў ад цара Барыса накіраваць войскі на Ўсходні фронт. Але той кожны раз аднекваўся і ўхіляўся: маўляў, мы этнічна блізкія, адна рэлігія, падобныя мовы, баўгары супраць расейцаў ваяваць ня хочуць, актывізуюцца прарасейскія настроі.... Паспрабавалі набіраць на Ўсходні фронт добраахвотнікаў — але і такіх па ўсёй краіне набралася ня больш за сотню. Урэшце, Баўгарыя так і не абвясьціла вайну СССР, а ў Сафіі фактычна да канца вайны працягвала функцыянаваць савецкая амбасада (што выглядала ня менш дзіўна, чым дзейнасьць украінскай амбасады ў сёньняшняй Беларусі).

Кветкамі сустракалі і фашыстаў, і камуністаў

Савецкія войскі ўвайшлі ў Баўгарыю 8 верасьня 1944 года, не сустрэўшы ніякага супраціву: войскі вэрмахту на той час ужо пакінулі тэрыторыю краіны, а самі баўгары і ня думалі ваяваць з СССР. У савецкіх падручніках гісторыі ілюстравалі гэту старонку фатаздымкамі пра тое, як на вуліцах мясцовыя жыхары сустракаюць савецкіх салдатаў кветкамі. Гэта праўда, але ня ўся. Трыма гадамі раней, увесну 1941-га, калі дывізіі вэрмахту ўваходзілі на баўгарскую тэрыторыю, іх таксама многія сустракалі кветкамі.
Такая вось трохі дзіўная ваенная гісторыя маленькай балканскай краіны. Многія эўрапейскія краіны ў той час ляжалі ў руінах. Мільёны ахвяраў, мільёны ўцекачоў, зьнішчаная эканоміка... А баўгары на гэтым тле выглядалі своеасаблівай выспай, якую ваеннае ліхалецьце калі і не абышло, то зачапіла ў параўнальна слабой ступені. Нават баўгарскія габрэі пацярпелі значна меней, чым іхныя супляменьнікі ў іншых краінах: яны былі мабілізаваныя на грамадзкія работы, а ня трапілі ў канцлягеры.
І цар Барыс, і прэм’ер-міністар Богдан Філаў лічылі ўсё гэта ўласнай заслугай. Праўда, баўгарскі манарх да канца вайны не дажыў: раптоўна памёр 28 жніўня 1943 года, празь некалькі дзён пасьля вяртаньня ў Сафію з Усходняй Прусіі, дзе сустракаўся з Гітлерам. Паводле афіцыйнай вэрсіі — ад інфаркту. Вядома, што Гітлер падчас той сустрэчы чарговы раз настойліва патрабаваў ад яго дзейснага ўдзелу ў вайне. Цар чарговы раз адмовіў...
А прэм’ер-міністар Богдан Філаў заставаўся пры ўладзе, стаў адным з рэгентаў пры малалетнім цару Сімяону. Пры ім Баўгарыя ў канцы жніўня 1944-га абвесьціла пра нэўтралітэт і запатрабавала вывесьці нямецкія войскі са сваёй тэрыторыі. Ён жа добраахвотна падаў у адстаўку за некалькі дзён да прыходу да ўлады камуністаў. І нікуды не ўцякаў, відавочна, не адчуваючы ніякай сваёй віны. У камуністаў (і баўгарскіх, і савецкіх, якія на той час ужо акупавалі краіну) былі іншыя думкі на гэты конт.
11 верасьня 1944-га Богдан Філаў, іншыя рэгенты і большасьць міністраў ягонага кабінэта былі арыштаваныя і высланыя ў Савецкі Саюз, дзе трапілі на Лубянку. На пачатку студзеня 1945-га іх цягніком вярнулі назад у Баўгарыю, каб зрабіць паказальны суд. На судзе Філаў спрабаваў апраўдвацца тым, што ў яго не было выбару, што пры іншай палітыцы дзяржава і народ пацярпелі б ад вайны значна больш, што гэта былі разумныя рацыянальныя рашэньні...
Але правасудзьдзе на той час было ўжо камуністычным. І кіравалася ня столькі законам, колькі патрабаваньнем новага камуністычнага правадыра Баўгарыі, паплечніка і пасьлядоўніка Сталіна Георгія Дзімітрова: «Ніхто не павінен быць апраўданы. Матывы гуманнасьці і спачуваньня не павінны выконваць ніякай ролі».

У пантэон ня трапіў

За ценямі Барыса ІІІ і Богдана Філава мне бачацца абрысы сылюэта Лукашэнкі. Параўнаньне, зразумела, умоўнае. Лукашэнку можна шмат што прад’явіць за мінулыя больш як чвэрць стагодзьдзя ягонай дыктатуры. Тое, чаму Беларусь апынулася ў такім становішчы, чаму яна перасварылася з чатырма (зь пяці) сваімі суседзямі і стала эўрапейскім ізгоем — асобная вялікая размова. Але, калі Лукашэнка дажыве да суду над ваеннымі злачынцамі (пры ўмове, што такі суд калі-небудзь адбудзецца), ён, пэўна, зможа апраўдвацца гэтак жа, як апраўдваўся ў студзені 1945-га перад трыбуналам Богдан Філаў: маўляў, не было выбару; пагадзіўся на ўвод расейскіх войскаў, бо Масква шантажавала; рабіў усё магчымае, каб не паслаць беларусаў на фронт і захаваць рэшткі сувэрэнітэту; калі б спрабаваў запярэчыць Пуціну — атрымаў бы тое, што атрымала Ўкраіна (вайну, вялізныя ахвяры, разбурэньні і мільёны ўцекачоў).
Ці сапраўды ў яго не было ніякага выбару? Справядлівы суд нашчадкаў, будзем спадзявацца, разьбярэцца і вынесе свой вэрдыкт.
Які вэрдыкт быў вынесены ў свой час у Баўгарыі? Усе абвінавачаныя ў тым, што краіна ў 1941 годзе далучылася да ўдзелу ў вайне на баку Нямеччыны (сам Філаў і яшчэ 103 высокапастаўленыя кіраўнікі старога рэжыму) былі ў студзені 1945 года асуджаныя трыбуналам, падкантрольным камуністам, на сьмяротнае пакараньне. І тут жа, 2 лютага, расстраляныя — бяз права на абскарджаньне прысуду. Гэта было самае масавае разавае пакараньне сьмерцю ў гісторыі Баўгарыі. Акрамя таго, у сям’і Філава канфіскавалі ўсю маёмасьць, яе абавязалі выплаціць народнай уладзе 5 мільёнаў леваў штрафу. Імя Богдана Філава як палітыка, дзяржаўнага дзеяча і навукоўца на 50 гадоў было выкрасьлена з гісторыі і забаронена.
На пачатку 90-х гадоў уладамі новай дэмакратычнай Баўгарыі ягонае добрае імя як навукоўца і колішняга прэзыдэнта нацыянальнай Акадэміі навук было вернута, адбылася навуковая рэабілітацыя. Партрэт прафэсара Філава вярнуўся на ганаровае месца ў будынку акадэміі. 26 чэрвеня 1996 года Вярхоўны суд адмяніў колішняе рашэньне трыбуналу ад 1945 года: пасьмяротна яго рэабілітавалі. Зрэшты, у баўгарскі палітычны пантэон колішні прэм’ер-міністар і рэгент так і не вярнуўся: ні помнікаў, ні вуліц у гонар Філава вы ў Баўгарыі ня ўбачыце. Усё ж супраца з агрэсарам і спрыяньне ваеннаму злачынцу — дужа брудная пляма на рэпутацыі, каб дараваць яе нават праз паўстагодзьдзя. Нават калі яе спрабавалі апраўдаць высакароднымі матывамі.