445-ты дзень вайны: Расія ўначы ўдарыла па Украіне беспілотнікамі і крылатымі ракетамі
У ноч на 14 траўня расійскія войскі атакавалі Украіну з розных напрамкаў. Пра гэта паведамілі паветраныя сілы Украіны. Па ўсёй краіне ўначы абвяшчалася паветраная трывога. Паводле звестак украінскага боку, у нападзе ўдзельнічалі ўдарныя беспілотнікі тыпу «Шахед», крылатыя ракеты «Калібр», Х-101, Х-555 і Х-55. УСУ збілі 18 дронаў-камікадзэ і тры ракеты.
Навіны вайны
У ноч на 14 траўня Расія атакавала Украіну з розных напрамкаў ударнымі дронамі, ракетамі “Калібр” з караблёў у Чорным моры, крылатымі ракетамі Х-101/х-555/х-55 з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС. Пра гэта паведаміла камандаванне паветраных сіл УСУ. На працягу начной атакі былі знішчаныя тры крылатыя ракеты Х-101 / х-555 / х-55 і 25 беспілотнікаў, у тым ліку 18 ударных дронаў Shahed-136/131, адзін ударны БПЛА тыпу “Ланцэт”, два БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню “Арлан-10” і яшчэ чатыры дроны, тып якіх удакладняецца.
Расіяне двойчы за ноч атакавалі Цярнопальскую вобласць. Каля 5:00 гадзін раніцы зафіксаваныя ўдары крылатых ракет па грамадзянскіх аб'ектах. Разбураныя два і пашкоджаныя 12 дачных дамоў, цывільныя, гандлёвыя і гаспадарчыя аб'екты і дзевяць грузавых аўтамабіляў. Людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Уладзімір Труш.
Увечары 13 траўня рэгіён таксама знаходзіўся пад ударам, пацярпелі два чалавекі.
Кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак апублікаваў фатаграфіі наступстваў удару па Цярнопалі. «Гэта адбывалася якраз тады, калі ўкраінскі гурт TVORCHI з Цярнопаля выступаў у фінале Еўрабачання», — заявіў Ярмак.
Ноччу расіяне нанеслі ракетныя ўдары, папярэдне ЗРК С-300, па Харкаве і гарадскім пасёлку Золачаў Богадухаўкага раёна. У Харкаве пашкоджаны аб'ект транспартнай інфраструктуры, будынак інтэрната і шматкватэрны жылы дом. У Золачаве дзве ракеты патрапілі ў зямлю паміж жылымі дамамі. У дамах выбітыя вокны, людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.
Акрамя таго, за мінулыя суткі салдаты РФ з артылерыі, мінамётаў і з выкарыстаннем авіяцыі абстрэльвалі населеныя пункты Купянскага, Чугуеўскага і Харкаўскага раёнаў вобласці, два чалавекі параненыя.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі сем чалавек (пяцёра ў Аўдзееўцы і двое ў Канстанцінаўцы), яшчэ 16 чалавек атрымалі раненні.
У Херсонскай вобласці шасцёра параненых. Яшчэ адзін чалавек пацярпеў падчас масіраванай атакі па прыфрантавым Гуляйполі Запарожскай вобласці. У Херсонскай вобласці таксама на адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у вёсцы Міралюбаўка Новаваранцоўскай абшчыны пяць чалавек падарваліся на выбухоўцы, што была пакінутая расійскай арміяй. Усе пяцёра загінулі.
- Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 14 траўня: асабовага складу — каля 198 880 (+620 за суткі) чалавек.
Армія РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. За мінулыя суткі адбылося 57 баявых сутыкненняў на гэтых участках фронту, у эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
- Паводле інфармацыі Генштаба, РФ працягвае папаўняць свае страты ў жывой сіле за кошт зняволеных.
Нядаўна ў адзін з палявых лагераў у Рагаве Луганскай вобласці прыбылі каля 200 такіх чалавек для праходжання чатырохтыднёвага курсу агульнавайсковай падрыхтоўкі. Да канца месяца чакаецца прыбыццё яшчэ да 250 асуджаных. Акрамя таго, у раёне Мажнякоўкі Луганскай вобласці расіяне арганізавалі падрыхтоўку да 800 новапрыбылых расійскіх вязняў.
А ў раёне населенага пункта Новапятроўка Запарожскай вобласці на тэрыторыю палігона для ваеннай падрыхтоўкі нядаўна прыбыло каля 400 наймітаў са складу расійскіх зняволеных, завербаваных ПВК “Вагнер”. Падрыхтоўка працягнецца некалькі тыдняў. У бліжэйшы час для ваеннай падрыхтоўкі чакаецца прыбыццё яшчэ 400 наймітаў са складу расійскіх асуджаных.
- Брытанская выведка паведамляе, што ў расійскай аб'яднанай групоўцы войскаў ва Украіне — больш за 200 тысяч чалавек.
Яны арганізаваныя прыкладна ў 70 баявых палкоў і брыгад, якія падзеленыя на пяць груп войскаў.
Аналітыкі адзначаюць, што прыкладна гэтак жа выглядалі гэтыя сілы ў пачатку ўварвання ва Украіну 446 дзён таму — толькі ў лютым 2022 года яны складаліся з прафесійных салдат, былі ў асноўным аснашчаныя даволі сучаснымі сродкамі перамяшчэння і рэгулярна трэніраваліся, імкнучыся зладжана дзейнічаць у складаных сумесных аперацыях. Цяпер жа сілы РФ складаюцца ў асноўным з дрэнна навучаных мабілізаваных рэзервістаў і ўсё больш залежаць ад састарэлага абсталявання, пры гэтым многія падраздзяленні моцна недаўкамплектаваныя і здольныя толькі на простыя пяхотныя аперацыі.
Выведка лічыць малаверагодным, што Расіі ўдасца стварыць вялікі дзеяздольны мабільны рэзерв для рэагавання на аператыўныя праблемы, якія ўзнікаюць уздоўж 1200-кіламетровай лініі фронту.
Краіны G7 і Еўрасаюза ў рамках саміту ў Хірасіме 19-21 траўня маюць намер забараніць экспарт расійскага газу па трубаправодах, па якіх раней былі прыпыненыя пастаўкі, паведамляе Financial Times.
Візіт Зяленскага ў Германію
Уначы 14 траўня Уладзімір Зяленскі паведаміў, што прыбыў у Берлін: «Зброя. Магутны пакет. СПА. Рэканструкцыя. ЕС. НАТА. Бяспека», — напісаў ён.
У Берліне беспрэцэдэнтныя захады бяспекі на фоне візіту Зяленскага, паведамляе ўкраінская рэдакцыя “Свабоды”. Перакрыты ўвесь цэнтр горада, стаяць дзясяткі паліцэйскіх машын, а таксама вадамёты. Мясцовыя журналісты ўспамінаюць, што такога не было нават падчас візіту Абамы ў статусе прэзідэнта.
Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце распавёў пра вынікі свайго візіту ў Рым: «Італія працягне падтрымку Украіны. Узгадняем новыя сумесныя абарончыя крокі. Ёсць добрыя рэчы, якія зробім разам для абароны неба. Ёсць добрыя рэчы, якія зробім разам для абароны на зямлі. Дамовіліся аб зброі і СПА».
Акрамя таго, са слоў кіраўніка Украіны, 13 траўня была падпісаная супольная дэкларацыя з Італіяй, у якой Рым падтрымаў пачатак перамоваў аб уступленні Украіны ў ЕС у 2023 годзе, а таксама «правільныя і своечасовыя сігналы што да NATO». Акрамя таго, Італія «абсалютна выразна» падтрымала ўсе пункты ўкраінскай формулы міру. Што тычыцца сустрэчы з Папам Рымскім Францішкам, то, па словах Зяленскага, «гэта была размова, якая сапраўды можа паўплываць на гісторыю, дапамагчы спыніць зло агрэсіі».
Учора таксама Зяленскі распавёў у інтэрв'ю тэлеканалу RAI, што Сі Цзіньпін у тэлефоннай размове паабяцаў яму не пастаўляць зброю Расіі. «Мы разлічваем, што Кітай не будзе пастаўшчыком зброі ў РФ і не будзе зброяй або іншымі тэхналогіямі падтрымліваць Расію», — дадаў украінскі прэзідэнт.
Зяленскі таксама паведаміў, што правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі: «Казаў пра формулу міру, пра справядлівасць, пра тое, што наш свет павінен быць аб'яднаны правіламі міжнароднага права. Кожны, хто будзе дапамагаць агрэсару зброяй, будзе саўдзельнікам з усімі наступствамі. Заклікаў спадара прэзідэнта далучыцца разам з іншымі краінамі свету, усіх кантынентаў, Афрыкі да сумеснай працы для рэалізацыі нашай формулы міру».