Фінал Еўрабачання-2023: перамога Швецыі і абстрэл Украіны ракетамі падчас выступу TVORCHI
Завяршыўся міжнародны песенны конкурс «Еўрабачанне-2023». Сёлета перамогу атрымала Швецыя, набраўшы 583 балы.
Гранд-фінал «Еўрабачання-2023» скончыўся сёння ўначы ў Ліверпулі. Там ён адбываўся ад імя і замест Украіны, якая перамагла ў мінулым годзе, але з-за вайны еўрапейскуі песенны конкурс адбыўся ў іншай краіне.
Перамогу сёлетняга Еўрабачання атрымала шведская спявачка Loreen. Яна ў суме набрала 583 галасы.
Дарэчы, артыстка ўжо была пераможцай Еўрабачання ў 2012 годзе. Тады Loreen з песняй Euphoria прывезла ў Швецыю перамогу.
На другім месцы аказалася Фінляндыя — Käärijä набраў 526 балаў. І шмат хто лічыў, што перамагчы мусіў Käärijä.
362 балы атрымаў Ізраіль — і размясціўся на трэцім месцы.
Прадстаўніком Украіны, мінулагодняга пераможцы, стала група TVORCHI. Яна заняла шостае месца па выніках галасавання журы і гледачоў.
Мінабароны Украіны: Расія запусціла ракеты ў момант, калі ішоў фінал «Еўрабачання»
Міністэрства абароны Украіны паведаміла ў сваім твітары, што Расія запусціла крылатыя ракеты па тэрыторыі краіны «роўна ў той момант, калі Еўропе працягваецца свята музыкі, адзінства і святла на песенным конкурсе "Еўрабачанне"».
Да гэтага ўлады Украіны паведамлялі аб выбухах у Тэрнопалі — родным горадзе ўкраінскага гурта TVORCHI, які бярэ ўдзел у «Еўрабачанні».
Кіраўнік Тэрнопальскай абласной адміністрацыі Уладзімір Труш паведаміў, што ў выніку расійскага абстрэлу горада атрымалі раненні двое цывільных асоб.
«Папярэдне аскепкавыя раненні і апёкі. Пацярпелыя знаходзяцца ў медыцынскіх установах», — напісаў Труш.
Паводле яго слоў, «ёсць траплянні ў складскія памяшканні, якія належаць камерцыйным прадпрыемствам і рэлігійнай арганізацыі».