446-ы дзень вайны: Прыгожын прапаноўваў здаць украінцам пазіцыі УС Расіі, вызваленне Бахмута працягваецца
Усё самае істотнае, што адбылося на фронце — у нашай традыцыйнай падборцы.
Уладальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын у канцы студзеня 2023 года заявіў, што, калі ўкраінскія войскі выведуць салдат з Бахмута, ён перадасць Кіеву інфармацыю аб пазіцыях расійскіх войскаў, якую Украіна зможа выкарыстоўваць для нападу. Аб гэтым паведамляе «The Washington Post», спасылаючыся на дакументы выведкі ЗША, якія ўцяклі на Discord.
Ва ўцечцы сцвярджаецца, што Прыгожын перадаў прапанову праз знаёмых у Галоўным упраўленні выведкі Мінабароны Украіны, з якімі падтрымліваў сакрэтную сувязь у ходзе вайны.
Якія менавіта пазіцыі расійскіх войскаў Прыгожын прапаноўваў раскрыць, не ўдакладняецца.
Два ўкраінскія чыноўнікі пацвердзілі, што Прыгожын некалькі разоў размаўляў з прадстаўнікамі ўкраінскай выведкі. Крыніцы «WP» у Кіеве і Вашынгтоне заявілі, што сумняваюцца адносна намераў Прыгожына.
За мінулыя суткі з-за абстрэлаў у Херсонскай вобласцізагінулі шэсць чалавек і тры атрымалі раненні, паведамілі ў абласной адміністрацыі.
Камандуючы Сухапутнымі войскамі УСУгенерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі заявіў, што прасоўванне ўкраінскіх войскаў на бахмуцкім кірунку — «гэта першы поспех наступальных дзеянняў падчас правядзення аперацыі па абароне Бахмута». Па словах Сырскага, гэта варта ўспрымаць як частковы поспех.
Намеснік міністра абароны Украіны Ганна Маляр, у сваю чаргу, паведаміла, што ў Бахмуце і наваколлях «цяпер усё складана». «Расійцы не мяняюць мэты. Падцягваюць да наваколляў Бахмута свае дэсантна-штурмавыя атрады. Працягваюцца цяжкія баі. Працягваецца абарона Бахмута», — сказала яна.
У Данецкай вобласці за суткі паранены сем чалавек у Курахаве, Канстанцінаўцы і Дружкаўцы, расказалі ў адміністрацыі рэгіёна.
Паветраныя сілы Украіны паведамілі, што ў ноч на 15 траўня знішчылі чатыры расійскія робаты-камікадзэ «Шахед».
Ранішняя зводка Генштаба УСУ. Галоўнае
Расійскія войскі 14 траўня нанеслі 11 ракетных удараў (у прыватнасці, па гарадах Харкаў, Канстанцінаўка і пасёлку Залочаў), а таксама 41 авіяцыйны ўдар. Таксама УС РФ ажыццявілі 74 пускі з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Пацярпелі мірныя людзі, разбураны і пашкоджаны прыватныя жылыя дамы і іншая грамадзянская інфраструктура.
Расія засяродзіла асноўныя намаганні на ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і мар'інскім напрамках — прайшло 46 баявых сутыкненняў за суткі. Цяжкія баі ў Бахмуце і Мар'інцы.
УСУ адбілі атакі расійскіх сіл на купянскім напрамку (у раёнах Масютоўкі і Сінькоўкі), на бахмуцкім (у Бахмуце, а таксама ў напрамку населеных пунктаў Грыгораўка, Багданаўка і Прадцечына), на мар'інскім (у раёне горада Мар'інка). На ліманскім напрамку Расія не наступала.
Авіяцыя УСУ за суткі нанесла 17 удараў па раёнах засяроджвання асабовага складу і ваеннай тэхнікі УС РФ. Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі УСУ знішчылі адзін пункт кіравання, шэсць раёнаў засяроджвання жывой сілы, чатыры артылерыйскія падраздзяленні на агнявых пазіцыях, адзін сродак супрацьпаветранай абароны і яшчэ сем важных цэляў расійскіх сіл.