Пётр Рудкоўскі: Нямоглы лідар — гэта знак, а транзіт улады пачаўся яшчэ ў 2021-м

Яўна нездаровыя паводзіны беларускага кіраўніка на ваенным парадзе ў Маскве, а затым няздольнасць выступіць з прамовай ужо ў Мінску спарадзілі масу версій і здагадак.

_belarus_lida_horad_sneh_2023_fota_novy_czas__2__1_logo.jpg


Мала таго, пасля 9 траўня Лукашэнка не з’яўляецца на публіцы, прапаганда маўчыць. Вечарам 13 траўня Лукашэнка прыязджаў у «Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр», дзе знаходзіўся дзве гадзіны, а 14 траўня не з’явіўся на прыдуманы ім жа самым дзяржаўны рытуал — Дзень герба, сцяга і гімна.

Калі Лукашэнкі такі хворы, то навошта ён тады паляцеў у Маскву? Пагаварылі з акадэмічным дырэктарам BISS Пятром Рудкоўскім.

Нямоглы, скукожаны, з перакрыўленым ад болю тварам — такім паказала расійская прапаганда Лукашэнку на парадзе ў Маскве. Асацыяцыі з познім Брэжневым, якога выводзілі на трыбуну і пад ручкі спускалі з яе сталі відавочнымі. Навошта тады ў такім стане Лукашэнка паляцеў у Маскву?

— Мяркую, што падарожжа Лукашэнкі ў Маскву было абумоўлена "настойлівай просьбай" з боку Пуціна. Заўважу, што нават менш лаяльныя саюзнікі, як Такаеў або Мірзіёеў, пагадзіліся прыбыць. У такой сітуацыі Лукашэнку як суперлаяльнаму ніяк не выпадала адмовіцца. Спасылка на хваробу магла б быць расцэнена як паскудны хітрык (бо ў мінулым Лукашэнка часам спасылаўся на хваробу, калі хацеў прыпаднесці той ці іншы ўрок Крамлю).

— У любым выпадку народ убачыў, нават 20-25% прыхільнікаў Лукашэнкі, што краінай кіруе стары нямоглы пенсіянер. Афіцыйнай інфармацыі пра стан Лукашэнкі няма дагэтуль. Усе 30 гадоў праўлення здароўе Лукашэнкі хавалася за сямю замкамі. Ці паўплывае гэты фактар на грамадскую свядомасць?

— Імідж фізічна моцнага лідара мае немалаважнае значэнне перадусім у плане захавання парадку і дысцыпліны ўнутры элітаў (маю на ўвазе топ-чыноўнікаў і топ-сілавікоў). Нямоглы лідар — гэта знак, што дагэтулешні спосаб кіравання, размеркавання рэсурсаў і кантроль над кадрамі можа перастаць функцыянаваць. Павышаецца страх таго, што тая ці іншая групоўка ўнутры сістэмы патаемна захопіць усю паўнату ўлады. Гэта вядзе да таго, што ўнутры эліт у такіх выпадках пачынаецца, як кажуць па-руску, брожение — топ-чыноўнікі пачынаюць размаўляць пра тое, што раней было абсалютным табу: што і як рабіць у выпадку, калі "первый" страціць здольнасць кіраваць краінай або памрэ. 

Што тычыцца грамадства, то тут асаблівых зменаў у плане павелічэння колькасці праціўнікаў або прыхільнікаў не выпадае чакаць. У асяроддзі прыхільнікаў і часткі нейтралаў актывізуецца чыста чалавечае пачуццё спачування. У асяроддзі праціўнікаў, як няцяжка здагадацца, гэта можа выклікаць ажыўленне і надзею на падзенне аўтакратыі. Але ў чыста колькасным плане наўрад ці стан здароўя нешта зменіць. 

— Відавочна, візіт у Маскву меў для Лукашэнкі надзвычайны характар, і справа яўна не ў “победоносной” ідэалогіі. Што магло здарыцца?

— Калі прыняць, што атака беспілотніка на Крэмль у ноч з 2 на 3 траўня не была інсцэніроўкай, то тады раптоўная арганізацыя візітаў кіраўнікоў іншых краін складаецца ў даволі лагічны ланцужок: атака на Крэмль —> апасенне, што з падобнай лёгкасцю хтось зможа заатакаваць Пуціна, які 9 траўня плануе быць пад голым небам —> прысутнасць кіраўнікоў іншых дзяржаў мінімалізуе рызыку атакі на Пуціна. Нагадаю, што Крэмль пачаткова не планаваў прыёму кіраўнікоў іншых дзяржаў, але пасля 3 траўня хутка змяніў меркаванне. Цягам наступных дзён былі ўзгоднены і анансаваны візіты кіраўнікоў краін АДКБ. (Гэта, дарэчы, можна лічыць другім выпадкам у гісторыі, калі АДКБ сябе праявіла — хоць і вельмі спецыфічна: кіраўнікі краін прыбылі ў Маскву, каб сваёй прысутнасцю мінімалізаваць рызыка атакі на Пуціна).

Але нават калі і прыняць гіпотэзу аб інсцэніроўцы, то матыў зніжэння рызыкі атакі на Пуціна надалей мог мець месца. Бо ўкраінцы ўжо на ранейшых этапах шмат разоў паказалі, наколькі далёка і наколькі цэльна могуць наносіць удары.

— Палітызаваная публіка зноў згадала пра верагодны транзіт улады. Афіцыйных пацверджанняў таму няма. Але ці ёсць аб’ектыўныя прыкметы падрыхтоўкі да гэтага працэсу? Ці не сведчыць заява Церцеля, што КГБ прадухіліў адразу некалькі тэрактаў 9 мая, пра тое, што барацьба за трон ужо пачалася? 

— Я выступаю з тэзай аб падрыхтоўцы да транзіту ад пачатку 2021 года. Калі б Лукашэнка і яго атачэнне не рыхтаваліся, то не было б сэнсу ствараць моцны УНС, ствараць партыю ўлады, канстытуцыйна абмяжоўваць тэрмін прэзідэнта двума тэрмінамі і распісваць гарантыі бяспекі для "былога прэзідэнта". Так, прыкметы ёсць. Іншая справа, што вялікую ролю тут адыгрывае ўнутраны стан Лукашэнкі, а канкрэтна, тое, ці ў рашаючы момант ён не зробіць спробу павярнуць працэс назад, ці гатоў будзе паверыць, што гарантыі бяспекі і рознага роду падстрахоўкі сапраўды спрацуюць. 

Што тычыцца выказвання Церцеля... Нават калі барацьба за трон і пачалася, то заява Церцеля нічога не дадае і нічога не адымае ад гэтай гіпотэзы. Гэта, так бы мовіць, дзяжурнае выказванне, якое мае на мэце прадэманстраваць Лукашэнку і грамадству, што КГБ працуе, што працуе, маўляў, эфектыўна. Гэта, так бы мовіць, паралельная з'ява ў стасунку да магчымай барацьбы за трон.