Не трэба выдаваць жаданае за сапраўднае. Медыяэксперт — пра тое, як СМІ самі сабе стварылі інфанагоду
Ужо тыдзень з розных ракурсаў незалежныя СМІ разглядаюць хваравіты твар Лукашэнкі і гадаюць, хто будзе «пераемнікам». Але між тым святкаваць яшчэ можа быць рана.
Тэма адсутнасці Аляксандра Лукашэнкі на публічных мерапрыемствах на працягу шасці дзён была адной з галоўных для недзяржаўных медыя Беларусі. Пры гэтым у большасці публікацый у якасці версіі «знікнення» кіраўніка называецца хвароба. Такія высновы робяць па апошніх кадрах з удзелам Лукашэнкі на мерапрыемствах з нагоды Дня Перамогі ў Маскве і Мінску, яго адсутнасці на так званым свяце дзяржсімволікі і рознай інфармацыі, дакладнасць якой пацвердзіць не ўдалося.
У шэрагу публікацый называюцца нават верагодныя дыягназы кіраўніка — зноў жа, паводле чутак або неправеранай інфармацыі, піша «Media IQ».
Аднак у асноўным матэрыялы ў недзяржаўных медыя на гэтую тэму ўтрымліваюць канстатацыю фактаў. Напрыклад, «Наша н*ва» прыводзіць храналогію падзей і выказванні палітыкаў. У той жа час дапускае верагоднасць захворвання Лукашэнкі «нейкім вірусам» і робіць высновы наконт таго, што зачытванне прамовы Лукашэнкі так званым прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам «можа быць індыкатарам» таго, каму перайшла б улада ў выпадку смерці Лукашэнкі.
У цэлым шмат увагі недзяржаўныя медыя надалі пытанню пераходу ўлады пасля скону Лукашэнкі, успаміналі, з-за чаго і пры якіх абставінах паміралі іншыя дыктатары. Таксама выданні публікавалі аўтарскія меркаванні — у прыватнасці, на «Б*лсаце» выступіла даследчыца культуры Віка Біран, якая лічыць, што «калі Лукашэнка памрэ, ніхто не знервуецца». А ў эфіры «Е*рарадыё» прадстаўнік АПК па транзіце ўлады Павел Латушка разважаў пра тое, «ці ўратуе Лукашэнка хвароба ад ордэра з Гаагі».
Адзначым, што разам з прасоўваннем версіі пра сур'ёзную хваробу Лукашэнкі практычна не гучалі іншыя версіі пра яго дзеянні ў Маскве, адсутнасць на публічных мерапрыемствах, маўчанне дзяржмедыя на гэтую тэму.
Напрыклад, эксперты «Media IQ» не сустрэлі ў публікацыях СМІ версію пра імітацыю хвароб — пра што гаварыў эканаміст і палітык Яраслаў Раманчук. Пра гэта ён, у прыватнасці, заяўляў у эфіры youtube-шоу «Звычайная раніца». На яго думку, Лукашэнка можа падыгрываць, як рабіў гэта і раней, ствараць «перфоманс» для ўнутранай аўдыторыі, падаваць сігналы, разыгрываць сцэны, разлічаныя на Уладзіміра Пуціна і іншых палітыкаў.
У каментары для «Media IQ» медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі нагадаў, што пры працы з версіямі журналістам трэба быць адказнымі і спачатку вылучыць усе рэальна магчымыя версіі і паралельна зладзіць іх праверку.
«Прыслухайцеся да сябе — якую гіпотэзу вы адстойваеце падчас стварэння матэрыялу. Калі яна ёсць, то гэта лепш прызнаць самому сабе адразу, таму што тады яе лягчэй свядома ўраўнаважыць іншымі меркаваннямі. Пакуль няма магчымасці даведацца, што насамрэч адбылося, трэба даць спектр меркаванняў, каб не выдаваць жаданае за сапраўднае», — сказаў Быкоўскі.
Паводле яго слоў, версія заўсёды павінна мець дастатковыя падставы.
«Вось доўгая адсутнасць Лукашэнкі на публіцы, хваравіты выгляд яго 9 траўня, хваравіты выгляд яго на сустрэчы з вайскоўцамі 15 траўня — даюць падставу лічыць яго нездаровым, але неабавязкова сведчаць пра немінучы смяротны зыход тут і цяпер. Таму важна выразна адрозніваць, што мы сапраўды ведаем, ад таго, якое ўражанне на нас хочуць скласці, а таксама ад здагадак», — падкрэсліў Быкоўскі.