Трынаццаць герояў Лукашэнкі

За гісторыю незалежнай Беларусі вельмі абмежаваная колькасць асоб здолела атрымаць найвышэйшую ўзнагароду краіны. Ганаровае званне «Героя Беларусі» пачалі даваць з 1996 года, і толькі чортаў тузін быў варты адпаведнага загаду Лукашэнкі. Паглядзім на кампанію.

luka_13.jpg

Вярхоўны Савет Беларусі ў красавіку 1995 году зацьвердзіў новую ўзнагароду. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, «званьне «Герой Беларусі» зьўляецца найвышэйшай ступеньню адрозьненьня і прысвойваецца за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадзтвам, зьвязаныя з подзьвігам, зьдзейсьненым у імя свабоды, незалежнасьці і росквіту Рэспублікі Беларусь».

Прэферэнцыі

Акрамя народнай пашаны і ганаровай зоркі, якую неабходна насіць зьлева на грудзёх, героі маюць права на:

  • бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя па месцы жыхарства;
  • бясплатны праезд на ўсіх відах гарадзкога пасажырскага транспарту (акрамя таксі) незалежна ад месца жыхарства;

  • першачарговае аднаразовае (!) бясплатнае ўсталяваньне кватэрнага тэлефону пры працягласьці абанэнцкай лініі не больш за 500 мэтраў;
  • вызваленьне ад платы за камунальныя паслугі (гарачае і халоднае водазабесьпячэньне, каналізацыя, газ, электрычная і цеплавая энэргія, вываз і абясшкоджваньне цьвёрдых бытавых адкідаў, карыстаньне ліфтамі).

А таксама яшчэ некалькі прывілеяў.

Хто атрымліваў?

За ўсю гісторыю героямі Лукашэнкі сталі 13 чалавек, зь іх на сёньня жывыя толькі 4. Падзелім іх на катэгорыі.

Авіятары

Уладзімер Карват быў самым першым, у 1996 годзе, а таксама апошнімі на сёньня зьяўляюцца два афіцэры УС РБ, што загінулі падчас трэніровачнага палёту ў 2021 годзе: Мікіта Куканенка і Андрэй Нічыпорчык.

Падпалкоўніку Уладзімеру Карвату трэба было выканаць заданьне па практыкаваньнях Курсу баявой падрыхтоўкі зьнішчальнай авіяцыі: палёт у аблоках з вялікімі кутамі нахілу і тангажу з адпрацоўкай тактычных прыёмаў паветранага бою ў аблоках на малых вышынях у складаных метэаўмовах уначы.

Уладзімер Карват

Уладзімер Карват

Машына СУ-27 была зусім новай (выпушчаная ў 1991 годзе, налётала ўсяго 123 гадзіны), лётчык — адзін з лепшых пілётаў палка. На восьмай хвіліне палёту ягоны самалёт гарэў. Карват атрымаў загад катапультавацца, аднак у гэтае імгненьне пад ім была вёска каля Баранавічаў. Ён адвёў свой самалёт крыху ўбок, і за кілямэтар ад населенага пункта СУ-27 рухнуў.

У 2021 годзе ў тых жа Баранавічах загінулі наступная пара пілотаў.

22-гадовы Мікіта Куканенка і 33-гадовы Андрэй Нічыпорчык падчас трэніровачнага палёту разьбіліся на самалёце Як-130 УС РБ каля жылых дамоў на вуліцы Розы Люксембург у Баранавічах. Гэтыя самалёты беларуская армія атрымала ад Расеі ў 2015 годзе.

Андрэй Нічыпорчык

Андрэй Нічыпорчык

Кіраўніцтва беларускай арміі вырашыла праводзіць трэніроўкі па-над горадам і жылымі дамамі, бо праз два дні павінна было прайсьці авіяшоу з нагоды 150-годзьдзя Баранавічаў.

Падчас палёту самалёт выявіўся зламаным. Пілёты паспрабавалі адвесьці самалёт ад паселішча. Пераканаўшыся, што траекторыя падзеньня самалёта знаходзіцца па-за жылымі дамамі, пілёты катапультаваліся, але абодва загінулі. Разам з тым самалёт упаў у жылым сэктары мікрараёну Ўсходні на невялікі пустыр паміж дамоў.

Мікіта Куканенка

Мікіта Куканенка

У 2021 годзе карныя органы Беларусі затрымалі некалькі дзесяткаў чалавек за рознага кшталту каментары ў сацсетках з нагоды гэтай трагедыі.

Аграрыі

Міхаіл Карчміт стаў героем у 2001 годзе. Кіраўнік агракамбінату «Сноў» атрымаў узнагароду «За ўклад у разьвіцьцё сельскай гаспадаркі Нясьвіжскага раёну Менскай вобласьці, а таксама за працу ў Камісіі па рэгіянальнай палітыцы Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».

karczmit_mihail_aleksandrovicz.jpg

30 гадоў кіраваў калгасамі, яго з цеплынёй узгадвалі супрацоўнікі партыйных органаў, якія на абкамах кампартыі абмяркоўвалі новыя прызначэньні Карчміта.

Памёр герой у Нямеччыне ў 2004 годзе.

Віталь Крамко стаў героем у адзін дзень з таварышам па калгасах — 30 чэрвеня 2001 году. Узнагароду атрымаў не за абы-што, а «За працу ў калгасе «Прагрэс» і СВК «Кастрычнік-Гародня» Гарадзенскага раёну Гарадзенскай вобласьці».

35 гадоў кіраваў калгасам, а ў 2010 годзе, ужо пасьля сьмерці, родная калектыўная гаспадарка пачала насіць імя свайго былога старшыні. А новым кіраўніком стаў сын Крамко.

Віталь Крамко

Віталь Крамко

Па стане на 2010 год адбылася цікавая размова з жыхарамі вёскі, дзе княжыў Крамко. Зьдзівіла тое, што ў прыватных гаспадарках на тэрыторыі СВК наагул няма кароваў. У лепшым выпадку людзі трымаюць аднаго-двух парсючкоў, курэй, гусей, і то ня ўсе.

Аказваецца, калгасьнікі і пэнсіянэры атрымліваюць дармовае малако, мяса і нават хлеб.

Спадарыня: «А нам даюць 20 літраў малака, хлеб, батоны, па 5 кіляграмаў мяса на месяц».

Другая спадарыня: «А яшчэ 25 кіляграмаў мяса на дзень нараджэньня кожны год даюць. Што, мала?»

Карэспандэнт: «Але ж 20 літраў малака ў дзень надойваюць ад самай звычайнай каровы…»

Спадарыня: «Нам хапае…»

Васіль Равяка, кіраўнік сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву «Прагрэс — Верцялішкі» ў 2006 годзе стаў героем «За працу ў СВК «Прагрэс — Верцялішкі» Гарадзенскага раёну Гарадзенскай вобласьці».

Васіль Равяка

Васіль Равяка

Равяка ня толькі кіраваў калгасам, але і разьвіваў і разьвіў міжнародныя адносіны Беларусі. Ён быў чальцом Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 4-га скліканьня, чальцом Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы. Пасьпеў герой папрацаваць інструктарам арганізацыйнага аддзелу Гарадзенскага абкому Камуністычнай партыі Беларусі, першым сакратаром Мастоўскага райкому КПБ.

Неаднаразова Васіль Равяка быў даверанай асобай Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.

За адданую працу атрымаў заслужаную ўзнагароду.

Аляксандар Дубко, яшчэ адзін знакаміты аграрый. Атрымаў сваю зорку пасьмяротна, у 2001 годзе «За ўклад у разьвіцьцё сельскай гаспадаркі Гарадзенскай вобласьці». Менавіта Дубко быў адным з шасьці кандыдатаў на прэзідэнта на першых выбарах у 1994 годзе. Атрымаў тады 5,9 % галасоў і стаў перадапошнім, абышоўшы кандыдата ад кампартыі.

Аляксандар Дубко

Аляксандар Дубко

У 1994 годзе будучы герой замяніў Сямёна Домаша, які кінуў выклік дыктатуры ў 2001 годзе, на пасадзе кіраўніка Гарадзенскай вобласьці.

Як бачым, з чатырох герояў чамусьці ніводны не кіраваў гаспадаркай на ўсходняй частцы Беларусі.

Аўтамабілісты

Павел Марыеў, генэральны дырэктар вытворчага аб’яднаньня «БелАЗ», атрымаў зорку ў 2001 годзе са сьціплай фармулёўкай «За самаадданую працу і выключныя заслугі ў развіцьці айчыннага аўтамабілебудаваньня».

maryeu.jpg

Як кажуць, зьяўляецца доктарам тэхнічных навук. Працаваў ня толькі як практык, але і напісаў вялікую колькасьць навуковых артыкулаў.

Нарадзіўся будучы герой у Яраслаўскай вобласьці Расеі. Цікава, што на БелАЗе Павел Марыеў аказаўся выпадкова. Ён прыехаў у Менск лекаваць траўму рукі, але выявілася, што чарга на аперацыю расьцягнулася на паўгода. Грошай ні на жыцьцё, ні на вяртаньне дадому ў яго не было, таму ён уладкаваўся працаваць на жодзінскае прадпрыемства, назаўжды зьвязаўшы свой лёс з Беларусьсю.

Быў дэпутатам Парлямэнцкага сходу так званага Саюзу Беларусі і Расеі.

Міхаіл Высоцкі, генэральны дырэктар Навукова-інжынэрнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белаўтатрактарабудаваньне» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, стаў уладальнікам зоркі ў 2006 годзе. Працаваў на Менскім аўтазаводзе 50 гадоў, зь якіх 35 гадоў — галоўным канструктарам.

vysocki.jpg

Нагода гучыць сур’ёзна: «За выключныя заслугі ў сацыяльна-эканамічным развіцьці Рэспублікі Беларусь, асабісты ўклад у станаўленьне і разьвіцьцё нацыянальнага аўтамабіле-і аўтобусабудаваньня, беларускай навуковай школы мэханікі і комплекснага праектаваньня мабільных машынаў, правядзеньне фундамэнтальных і прыкладных навуковых дасьледаваньняў, падрыхтоўку навуковых кадраў».

Астатнія волаты Беларусі

Мастак Міхаіл Савіцкі стаў героем у 2006 годзе «За разьвіцьцё беларускага жывапісу».

Ацэньваць талент жывапісца пакінем крытыкам і адмыслоўцам. Адзначым толькі адну дэталь: Савіцкі некаторымі разглядаецца як антысэміт і беларусафоб, прыхільнік культу Сталіна.

savicki_1.jpg

Напрыклад, на карціне «Летні тэатар» на фоне трупаў побач з нацыстамі намаляваны палонны габрэй, памагаты немцаў. Карціна выклікала вялікую колькасьць крытыкі, асабліва сярод габрэйскага насельніцтва. Але сам мастак сцьвярджаў, што габрэі зьяўляліся асноўнымі даносчыкамі ў лягерох. Таксама, падчас званка адной з радыёстанцыяў яму дадому, ён заявіў, што ўсе СМІ належаць габрэям, а з габрэямі ён размаўляць ня будзе.

Савіцкі не любіў Шагала і ягонай творчасьці.

Лічыў, што габрэі празьмерна завышаюць колькасьць загінулых у вайне. Лічыў, што халакосту ўвогуле не было, як і газавых камэраў. Былі толькі крэматорыі, у якіх спальвалі мёртвых людзей.

 

Пётр Пракаповіч, кіраўнік нацыянальнага банку Беларусі, пры якім здарыўся адзін з самых балючых абвалаў эканомікі ў 2011 годзе, атрымаў сваё кляймо (зорку) у 2006 годзе «За значны ўклад у забесьпячэньне ўстойлівых тэмпаў эканамічнага росту і павышэньне ўзроўню жыцьця ў краіне».

prakapovicz_1.jpg

У 1998 годзе Пракопавіч з пасады намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі становіцца кіраваць Нацбанкам усёй Беларусі. Аніякай адпаведнай адукацыі альбо досьведу працы ён ня меў.

За часамі яго кіраваньня адбыліся дзьве разавыя дэвальвацыі беларускага рубля: у 2009 і 2011 гадох. Хаця яшчэ ў сакавіку 2011 году ён казаў:

«Пакуль я старшыня Нацбанку, ніякай разавай аднамомантавай дэвальвацыі ніколі ня будзе. У нас дастаткова досьведу, які мы назапасілі за 15 гадоў, і гэты досьвед сьведчыць пра тое, што гэта дрэннае рашэньне для беларусаў. Паколькі дрэннае рашэньне, мы яго выконваць ня будзем. Нават дэвальвацыі ў 5% у нас ніколі ня будзе».

23 траўня 2011 году Нацбанк дэвальваваў беларускі рубель на 56%. Герой.

Філярэт

Кіраўнік філіі РПЦ у Беларусі атрымаў званьне героя ў 2006 годзе. У 2009 годзе блаславіў пабудову капліцы ў гонар Аляксандра Неўскага на тэрыторыі вайскова-забаўляльнага комплексу «Лінія Сталіна».

mitropolit_filaret_i_a.g.lukashenko.jpg

А 11 ліпеня 2013 году па атрыманьні ордэна Аляксандра Неўскага, падзякаваўшы за давер Уладзімеру Пуціну, дадаў:

«Служу Расеі!».

Зараз у Менску, каля былога каталіцкага бернардынскага касьцёла, адабранага РПЦ у 1860 годзе, стаіць помнік гэтаму масквічу, які не разабраўся, каму служыць.

Служыў бы лепш Богу.

 

Дар’я Домрачава

Адзіная кабета, якая даслужылася да ганаровага званьня. Чатыры разы станавілася чэмпіёнкай на алімпійскіх гульнях, безьліч разоў падтрымлівала дыктатара.

Пасьля сканчэньня спартовай кар’еры патрыятызму было на два дні. У верасьні 2019 году Дар’я Домрачава і яе муж Уле-Эйнар Б’ёрндален падпісалі кантракт з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Кітаю.

domraczava.jpg

Дар’я зьяўляецца старшым лейтэнантам КДБ.

11 кастрычніка 2020 году ў Менску падчас чарговага разгону дэманстрантаў быў жорстка зьбіты і затрыманы родны брат Дар'і Домрачавай Мікіта. Выказацца ў абарону брата гераіня не знайшла гераізму.

Сама Домрачава яшчэ ў ліпені 2020 году распавядала ў інтэрв'ю: «Галоўнае — я шаную тое, што нават позьнім вечарам магу спакойна прагуляцца па вуліцах Менску, не турбуючыся аб сваёй бясьпецы, гэтым могуць пахваліцца далёка ня ўсе сталіцы сьвету».

У 2022 годзе Дар’я сказала: «Я лічу абсалютна наіўным меркаваць, што адхіленьне беларускіх і расейскіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў дапаможа вырашэньню ваеннага канфлікту. На мой погляд, падобныя меры толькі спрыяюць распальваньню варожасьці сярод людзей».

Вось такія афіцыйныя героі ў гісторыі Беларусі.