Лаўрухін: «Можам атрымаць рэжым горшы, чым пры Лукашэнку»

«Можам атрымаць рэжым горшы, чым пры Лукашэнку», лічыць Андрэй Лаўрухін. Што будзе з сістэмай улады, калі знікне Лукашэнка? Хто тады перахопіць уладу? Лукашэнка апошнія гады рабіў усё, каб узмацніць сістэму праз сілавікоў. Раней яны яму падпарадкоўваліся. Але калі яго не будзе, а ў іх будзе амаль уся ўлада?


nehvaltouny_pratest_belarus2020_novy_czas_dzmitryj_dzmitryeu14.jpg

Ці можа цяперашні рэжым у Беларусі ператварыцца ў вайсковую дыктатуру? Ці ёсьць Лукашэнка гарантам таго, што краіна не абрынецца ў яшчэ больш брутальны тэрор? Якую ролю можа адыграць Расея ў эвалюцыі сёньняшняй уладнай сыстэмы ў Беларусі? На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале “Св*бода Premium» адказвае старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, дырэктар па дасьледаваньнях Інстытуту разьвіцьця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Эўропы Андрэй Лаўрухін.

— Андрэй, днямі вы апублікавалі артыкул пад назвай «Створаныя ўсе ўмовы для вайсковай дыктатуры». Вы выказалі сваё меркаваньне ў межах дыскусіі, якая разгарэлася падчас хваробы Лукашэнкі. Ён, здаецца, ачуняў, вось нават у Маскву сабраўся. Але праблема насамрэч ня зьнікла. Дык што за ўмовы для вайсковай дыктатуры створаныя ў Беларусі?

— Многія цяперашнія прадстаўнікі цывільнай улады ў Беларусі пад цывільнымі гарнітурамі носяць пагоны. Палітолягі называюць гэтую катэгорыю чыноўнікаў «агентамі палітычнай эліты».

Раней у Беларусі была інэрцыя савецкага часу, калі сілавікі ўсё ж падпарадкоўваліся цывільным палітычным элітам і адначасова яны былі вось такімі «агентамі палітычнай эліты». Але мы бачылі, як у 2020 годзе пахіснулася легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі. Яна пахіснулася ня толькі ў вачох цывільнай эліты, але і ў вачох сілавой, вайсковай эліты.

— А ў чым гэта праявілася?

— У 2020 годзе адбываліся бойкі зь сілавікамі на вуліцах. І тады далёка ня ўсе людзі ў пагонах былі ўпэўненыя, што трэба было рабіць так, як яно рабілася. І часам яны добра атрымлівалі па зубох. Гэта была вялікая пагроза.

Таму Лукашэнка тады і зьвярнуўся да Ўладзімера Пуціна. Не хапала ўпэўненасьці, што ўласнымі сіламі яму ўдасца разабрацца з пратэставым рухам.

— Але ж разабраўся.

— Так. Але ж і інаўгурацыя адбывалася амаль што перад вайскоўцамі. І далей мы бачылі, кім запаўняліся высокія пасады ў дзяржаўным апараце, пад чые інтарэсы мянялася заканадаўства, нават у такой сфэры, як адукацыя. І грамадзтва ўжо функцыянавала фактычна паводле законаў вайсковай дыктатуры.

Дарэчы, яшчэ ў студзені 2021 году Анджэй Пачобут у «Gazeta Wyborcza» адзначаў зьяўленьне ў Беларусі прыкметаў клясычнай вайсковай дыктатуры.

— Сапраўды, можна назваць шэраг уплывовых чыноўнікаў зь сілавым бэкграўндам, якія набылі вагу ў апошнія гады: прэм’ер Раман Галоўчанка, сакратар Рады бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергяенка, упаўнаважаныя па вобласьцях, былы міністар унутраных справаў Юры Караеў і былы старшыня КДБ Валер Вакульчык. Але такіх і ў мінулым было шмат — Уладзімер Замяталін, Урал Латыпаў, Уладзімер Макей.

Дык ці можна сказаць, што менавіта ў апошнія гады адбылося нейкае прышэсьце людзей у пагонах у дзяржапарат?

— Мой прагноз наконт вайсковай дыктатуры больш тычыцца часу і сытуацыі, калі Лукашэнка зьнікне. Цяперашняя дыктатура — пэрсаналісцкая, яна трымаецца на асобе, на харызьме Лукашэнкі. Пытаньне: што адбудзецца з гэтай сыстэмай, калі зьнікне Лукашэнка? Хто тады перахопіць уладу? Лукашэнка апошнія гады рабіў усё, каб узмацніць сыстэму празь сілавікоў. Раней яны яму падпарадкоўваліся. Але калі яго ня будзе, а ў іх будзе амаль уся ўлада?

Грамадзтва будзе бачыць, што цывільнае кіраўніцтва ня ў стане справіцца з сытуацыяй. І выклікі будуць непараўнальныя з тымі, якія былі нават за часамі Лукашэнкі.

Вайна працягваецца, вонкавыя ўмовы вельмі жорсткія, ціск з боку Расеі моцны, мілітарызацыя ў сувязі з вайной і магчымымі ўнутранымі пратэстамі будзе працягвацца. І, з аднаго боку, будзе інфраструктура гвалту ў выглядзе сілавых інстытутаў. А з другога — запыт з боку той часткі грамадзтва, якая стаяла за Лукашэнку, а гэта парадку 30%. Дарэчы, паводле апытаньняў, мы бачым, што цяпер, ва ўмовах вайны, вакол Лукашэнкі пачала аб’ядноўвацца і частка «балота».

І гэтая частка будзе фармаваць запыт на «жорсткую руку» (ці «рукі»).

Зразумела, што такога ж харызматычнага лідэра ня будзе. Значыць, павінна зьявіцца нейкая іншая структура ўлады.

— Вы спаслаліся на меркаваньне Пачобута, выказанае ў студзені 2021 году. Вось сьвежае інтэрвію парталу «Зеркало» Джона Болтана — былога дарадцы ў нацыянальнай бясьпецы прэзыдэнта ЗША. Ён кажа пра ўрокі 2020 году: «Я разумею разчараваньне беларусаў. Цяпер у іх ёсьць дзьве праблемы. Першая — гэта праблемы, выкліканыя дзеючай уладай. Другая — пагроза прыходу да ўлады яшчэ больш жорсткага ўраду, яшчэ больш аўтарытарнага».

Ці выказвалі падобныя думкі нейкія іншыя заходнія экспэрты — што сытуацыя ў Беларусі можа зрабіцца значна горшай, чым яна ёсьць?

— Я ведаю некалькі польскіх і нямецкіх аналітыкаў, якія лічаць, што беларускія ўладныя эліты ў выпадку сыходу Лукашэнкі будуць імкнуцца захаваць той рэжым, які ёсьць. Але гэта вымагае больш жорсткага кіраваньня.

Ніякага пераемніка Лукашэнка не прызначае. І яго пераемнікі не пасьпеюць набыць нават той легітымнасьці, якая цяпер застаецца ў Лукашэнкі.

Варта таксама ўлічваць уплыў Расеі. Яе Беларусь будзе цікавіць выключна як вайсковы пляцдарм. Эканамічныя, культурныя, палітычныя чыньнікі — увесь гэты грамадзкі «софт» — будзе ў Расеі, якая ваюе, на сотым месцы.

— З вашых словаў вынікае, што парадаксальным чынам Лукашэнка — гарант таго, што краіна не абрынецца ў яшчэ больш жахлівую, больш брутальную дыктатуру. Дык выснова: трэба берагчы Лукашэнку?

— Часткова — так. Калі спраўдзіцца мой прагноз.

— Калі ваш прагноз спраўдзіцца, Лукашэнкі ўжо можа ня быць на гэтым сьвеце. Дык, атрымліваецца, яго цяпер трэба берагчы?

— Ну, я магу і памыляцца. Але Лукашэнка трымаецца на старой харызматычнай легітымнасьці, яго дыктатура — цывільная. Ладная частка беларусаў лічыць, што ў іх жыцьці нічога асабліва не зьмянілася. Маўляў, ну так, сядзяць нейкія асобы ў турмах, але шмат што для многіх не зьмянілася. Як заўжды, на чале Лукашэнка, як заўжды, жыцьцё працягваецца.

Сыход Лукашэнкі будзе шокам. Для многіх гэта будзе сьвятам, будуць адкаркоўваць шампанскае. Але трэба думаць пра тое, што будзе пасьля.

Ён такую сытуацыю і стварыў. Але ён і гарант таго, што краіна не абрынулася ў яшчэ больш жорсткую і непрадказальную дыктатуру.

З Лукашэнкам мы больш-менш ведаем, што будзе.

— Я б вам запярэчыў. Скажам, на пачатку 2021 году, пасьля таго як пратэсты, паўстаньне скончыліся, палітвязьняў яшчэ былі сотні, 1200 грамадзкіх арганізацыяў яшчэ існавалі, Tut.by працаваў у Менску, дзясяткі тысячаў сёньняшніх эмігрантаў жылі ў Беларусі. Цяпер лік палітвязьняў — на тысячы, больш за 1200 недзяржаўных арганізацыяў ліквідаваныя, незалежныя мэдыя — у эміграцыі.

Была пэўная дынаміка, былі сталінскія тэрміны зьняволеньня, былі шматлікія рэпрэсіўныя законы, ажно да расстрэлаў, прынятыя пазьней. У студзені 2021 году мы ня ведалі, што падзеі будуць разьвівацца менавіта так.

І які іншы, больш высокі ўзровень жорсткасьці вы ўяўляеце?

— Мы бачылі, на што сілавікі здольныя, калі іх спускаюць з ланцугу. У 2020 годзе людзей забівалі. І гэта ўсё ж было спынена.

Цяпер палітычная ўлада знаходзіць палітычныя, юрыдычныя аргумэнты, якія ўпэўніваюць частку грамадзтва, што тое, што рабілася і робіцца, — гэта справядліва, нармальна і законна. Але ў межах прагнозу, які я раблю, рэпрэсіі, у тым ліку і забойствы, ужо нават ня будуць спрабаваць апраўдваць.

У Лукашэнкі ўсё ж палітычны талент (хай і дʼябальскі), вялікі палітычны досьвед. У пераемнікаў нічога гэтага ня будзе, мы нікога зь іх ня ведаем. І іхнай палітыкай будзе чысты гвалт.

— Андрэй, вайсковая дыктатура, хунта — гэта нешта экзатычнае ў нашых краёх. Хунты — гэта ў Лацінскай Амэрыцы, у Азіі, у Афрыцы. На нашых абшарах хапала рознага, але ня гэтага. Чаму беларускія сілавікі пачнуць будаваць Чылі часоў Піначэта ці Аргентыну часоў «бруднай вайны»? У іх у мазгах іншыя гістарычныя ўзоры.

— Вайсковыя дыктатуры — гэта ня толькі Лацінская Амэрыка, Азія і Афрыка. Франкісцкая Гішпанія, Польшча часоў ваеннага становішча, улада вайскоўцаў у Партугаліі пасьля рэвалюцыі 1973 году — гэта Эўропа.

У Гішпаніі пасьля грамадзянскай вайны 20 тысячаў чалавек было забіта, дзесяткі тысячаў загінулі ў зьняволеньні і паўмільёна ўцяклі з краіны.

Зь Беларусі ўжо ўцяклі недзе 177 тысячаў чалавек. І гэта ад прыкладна 9 мільёнаў насельніцтва. У Гішпаніі ў 1930-х гадах жыло недзе 25 мільёнаў чалавек.

У Беларусі ўведзенае сьмяротнае пакараньне за «здраду дзяржаве» для дзяржслужбоўцаў і вайскоўцаў. І я не выключаю, што забойствы будуць.

Сілавікі ў 2020 годзе паказалі, якія ў іх маральныя магчымасьці. Забіваць людзей ім лёгка. Моцная палітычная ўлада тады зацугляла гэты хаос, сілу, якая пачынала вырывацца на прастору.

— Вы напачатку сказалі пра моцны ўплыў Расеі. А якая яе роля ў тым сцэнары вайсковай дыктатуры, які вы намалявалі? Расея вядзе вайну, Расея пад беспрэцэдэнтнымі санкцыямі. Але там вайсковай дыктатуры няма. Ці будзе залежнасьць ад Расеі спрыяць руху Беларусі да значна больш рэпрэсіўнай дыктатуры? Зьверскія вайсковыя дыктатуры ня вельмі ўстойлівыя, тая ж аргентынская дыктатура ў 1983 годзе абрынулася імгненна.

— Мы бачылі і ў 2020 годзе, што Пуцін спрабаваў ісьці двума шляхамі. Ён, з аднаго боку, падагнаў пад мяжу Беларусі Расгвардыю, а з другога, казаў, што трэба беларускай уладзе выходзіць на нейкі дыялёг.

Думаю, што гэтак жа будзе і ў выпадку крызісу ў Беларусі, зьвязанага з сыходам Лукашэнкі.

Але ўсё залежыць ад таго, што будзе адбывацца з самой Расеяй.

Ня выключана, што і сама Расея будзе рухацца ў тым жа кірунку істотнага нарастаньня рэпрэсіўнасьці.