«Я прыйшоў весці барацьбу, а не забіваць людзей»

На сумленні чалавека, які прамовіў словы, вынесеныя ў загаловак, менш ахвяраў, чым у Сталіна ці Гітлера. Але ў канцы 1970-х яго імем палохалі дзяцей. Сапраўднае імя таго чалавека было Салот Сар. Хоць усяму свету ён вядомы як Пол Пот.

2d4a8ad4d0e8e91da462dc1f49829ace_1538784226_b.jpg

За час сваёй улады ён здолеў знішчыць чвэрць насельніцтва сваёй краіны, ды яшчэ і выразаў некалькі тысячаў жыхароў краіны суседняй. А рабіў ён гэта дзеля высокай мэты…

Пачатак: Салот Сар

Дакладная дата народзінаў Салот Сара дакладна не вядомая. Па французскіх дакументах, ён нарадзіўся 25 траўня 1928-га, але цяпер у літаратуры днём народзінаў прынята лічыць 19 траўня 1925-га. Па бацьку ён быў кхмерам, якія складаюць абсалютную большасць насельніцтва Камбоджы, а ягоная маці была кітаянкай. Тым не менш мова, культура і традыцыі ў сям’і былі кхмерскімі. І хоць у далейшым Пол Пот сцвярджаў, што яго бацькі былі беднымі сялянамі, памеры зямельнага надзелу, якім яны валодалі, не менш чым у 10 разоў перавышаў сярэдні па краіне. Вядома, што ягоная стрыечная сястра некаторы час была пры двары тагачаснага караля Камбоджы Сісават Манівонга.

Пачатковую адукацыю Сар атрымаў у будыйскім манастыры, але потым працягнуў яе ўжо ў каталіцкай французскай школе. Камбоджа ў той час была ў каланіяльнай залежнасці ад Францыі, і вучыцца ў такой школе было прэстыжна. Разам з ім вучыліся дзеці французскіх каланіяльных чыноўнікаў. Падлеткам ён наведваў у каралеўскім палацы сваю стрыечную сястру. Як сведчаць некаторыя крыніцы, там ён атрымаў свой першы сексуальны досвед — з каралеўскімі наложніцамі.

Пэўная прыналежнасць да мясцовай эліты дазволіла Сару трапіць у групу маладых людзей, якія накіроўваліся для працягу адукацыі за мяжу. У 1950-м ён пачаў вучыцца ў парыжскай Школе радыёэлектронікі. Такі старт жыцця абяцаў неблагія перспектывы ў далейшым. Малады чалавек мог разлічваць па вяртанні на радзіму на добрую кар’еру. І нават, магчыма, на які-небудзь высокі пост. Міністэрскі, напрыклад. Але будучы Пол Пот вырашыў абысціся са сваім жыццём іначай. І з жыццямі мільёнаў іншых, як высветлілася ў далейшым.

У Парыжы ён і яшчэ некалькі яго сяброў-камбаджыйцаў (у тым ліку і Енг Сары, які ў далейшым будзе адыгрываць значную ролю ў лёсе Камбоджы) пазнаёміліся з марксізмам. Прастэча, лагічнасць і ўяўная справядлівасць гэтага вучэння хутка захапіла Сара. Як і метады вядомых тады марксістаў: Сталіна і Мао, працы якіх былі даступнымі для парыжскіх студэнтаў. Яны і сфармавалі яго ўласныя погляды, мэты і метады. Кінуўшы вучобу, ён вяртаўся ў Камбоджу перакананым марксістам і кхмерскім нацыяналістам, арыентаваным на простыя і хуткія рашэнні.

Вяртаўся ён у няпросты час. Увесь рэгіён быў ахоплены канфліктамі. У самой Камбоджы ішла грамадзянская вайна, у якой кіраўніку краіны прынцу Нарадому Сіануку процістаялі разнастайныя мясцовыя палітычныя фракцыі. Сар, як сапраўдны герой і мужны чалавек, які цвёрда паўстаў на шлях барацьбы, не далучыўся да аніводнай з груповак. Замест гэтага ён накіраваўся ў В’етнам, дзе разам з парыжскімі сябрамі ўступіў у в’етнамска-кхмерскія фармаванні, якія вялі вайну за незалежнасць ад Францыі.

Нородом Сіянук --- кароль Камбоджы і кіраўнік краіны ў вайсковай форме Францыі.

Нородом Сіянук --- кароль Камбоджы і кіраўнік краіны ў вайсковай форме Францыі.


Пасля абвяшчэння ў 1953-м незалежнасці Камбоджы, Сар вярнуўся ў краіну і нават паспрабаваў прыйсці ў палітыку праз выбары. Але гэтая спроба правалілася. Некаторы час ён выкладаў у прыватнай школе гісторыю і геаграфію (і нават мараль), атрымаўшы добрыя водгукі ад вучняў. Адначасова ён прыняў удзел ва ўтварэнні марксісцкай Працоўнай партыі. Прынц Сіанук, які ў той час замацаваў за сабой пажыццёвае кіраванне краінай, абрынуў на партыю рэпрэсіі. Але ідэалагічныя пазіцыі прынца былі даволі блізкімі да камуністычных поглядаў. Таму праз некаторы час ён запрасіў Сара і яго таварышаў на асабістую сустрэчу. Але Сар катэгарычна адмовіўся.

1c305de4818541799ded48c3c0204a01.webp

Працяг: Пол Пот

Яго метадам была не мірная трансфармацыя, а рэвалюцыйная барацьба. Таму шлях павёў яго зноў у В’етнам, дзе ўжо йшла барацьба паміж Поўначчу і Поўднем. Там ён арганізаваў базу для баявых атрадаў сваёй партыі. Але сустрэча з кіраўніцтвам Паўночнага В’етнама не прынесла чаканых вынікаў: Хо Шы Мін быў заняты ўласнай барацьбой, і змагацца яшчэ і з Сіанукам у Камбоджы не збіраўся. Візіт у Кітай быў крыху больш паспяховым. Там падзялялі яго погляды на савецкі рэвізіянізм і на неабходнасць радыкальна-рэвалюцыйных метадаў дзеля пабудовы камунізму. Сам Сар адзначыў для сябе істотнасць перыядычных партыйных чыстак дзеля таго, каб захоўваць еднасць шыхтоў.

Па вяртанні з Кітая Сар перайменаваў сваю партыю ў Камуністычную, але дзеля канспірацыі ён увёў для ейных чальцоў пазначэнне “чырвоныя кхмеры”. Гэтак жа, дзеля канспірацыі, чальцы кіраўніцтва партыі, якія былі адзін адному як браты, замянілі свае імёны на зварот “брат” з нумарам, адпаведным іхняму месцу ў партыйнай гіерархіі. Так, Енг Сары зрабіўся “братам № 3”, а “братам № 2” быў Нуон Чэа — стары лідар камбаджыйскіх партызанаў. Сар, канечне, быў “братам № 1”.

З гэтага моманту знік і сам Салот Сар. Замест яго на свет з’явіўся Пол Пот (ад французскага выразу “politique potentielle”, што можна перакласці як “палітык будучыні”, у процілегласць цяперашняму). Чымсьці нагадвае гэта з’яўленне Дарта Вейдэра (фантазія часцяком паўтарае рэальнасць — што б з іх не было суб’ектам і аб’ектам), але, у адрозненне ад апошняга, над Пол Потам не было дадатковай сілы. Ён сам быў вярхоўнай і абсалютнай уладай у рамках сваёй партыі. А потым — і ў рамках краіны.

У студзені 1968-га чырвоныя кхмеры з атакаў на вайсковыя базы пачалі рэалізацыю сваіх плянаў па камуністычнай рэвалюцыі ў Камбоджы. Армія Сіанука адказвала дывановымі бамбардыроўкамі мясцовасцяў, дзе месціліся партызанскія базы. Пры гэтым, як заўжды, асноўная колькасць ахвяраў прыпадала на мірнае насельніцтва. Забягаючы наперад, можна адзначыць, што барацьба чырвоных кхмераў каштавала каля паўмільёна жыццяў мірных камбаджыйцаў.

У 1970-м адбылася спрыяльная для чырвоных кхмераў падзея: прэм’ер-міністр Лон Нол адхіліў Сіанука, якога лічыў занадта “левым”, ад улады. Гэта адразу нарадзіла сімпатыі прынца да чырвоных кхмераў. А тыя ня толькі атрымалі новы аб’ект, супраць якога змагацца, але й легітымнасць у вачох большасці насельніцтва. Больш за тое, на фоне грамадзянскай вайны чырвоныя кхмеры здолелі сфармаваць сабе імідж міратворцаў — амаль пацыфістаў, якія імкнуцца даць краіне мір, спакой і росквіт. Тое, што вайну распачалі яны, ужо забылася.

І паколькі людзі любяць, пераважна, вушамі, мала хто спрабаваў крытычна падысці да іхніх пазіцыяў, мэтаў і метадаў дасягнення. Так часцяком бывае ў гісторыі: грамадства, стомленае ад вайны і смерцяў, гатова ў любым, хто гучна кажа прыемныя рэчы, пабачыць лідара-выратавальніка, і ў любым чалавеку са стрэльбай яно бачыць свайго дэ Голя. Усё больш і больш кхмераў, пад уплывам барацьбы Пол Пота, рабіліся чырвонымі, чым набліжалі ягоную перамогу.

Асабліва прыцягальнымі мэты, абвешчаныя Пол Потам і ягоі “братамі”, былі для сельскіх жыхароў. Бо менавіта там — у сельскай глыбінцы — бачыў ён ідэал існавання грамадства. Досвед жыцця сярод плямёнаў у камбаджыйскіх джунглях прадэманстраваў Пол Поту, што можна спакойна і свабодна існаваць без гарадскога камфорту, сістэмы медычнага абслугоўвання, без адукацыі, без грошай, нават без будызму — без усіх тых шкодных, на ягонае меркаванне, рэчаў, якія былі навязаны камбаджыйцам звонку дзеля ператварэння іх у рабоў імперыялістаў і манапалістычнага капітала.

imgpreview_4.jpg

Уявіце, што няма ні раю, ні пекла…

Менавіта такое існаванне было блізкім да ўтопіі, апісанай у вядомай песьні Джона Ленана “Imagine”: “Уяві — няма раю,.. Няма пекла пад намі,.. Уяві, усе людзі жывуць цяперашнім днём”. І канечне, няма за што забіваць і няма за што паміраць, а людзі жывуць у міры. Дзеля дасягнення такога не шкада гадоў барацьбы, і зусім не істотна, колькі чалавек дажыве ўвогуле да такога шчасця. Галоўнае — уявіць і змагацца за гэтае ўяўленне. А тое, што хтосьці пры гэтым загіне, дык не дасягнуць жа шчасця без крыві — гэта ёсць аксіёмай! Мы ж не забойцы! Мы проста вядзем барацьбу…

Галоўнае — не чакаць: чаканне ўжо ўсіх дастала. Чырвоныя кхмеры не з тых людзей, якія будуць доўга рыхтавацца, распрацоўваць стратэгіі і пісаць планы. Тыя, хто сапраўды збіраецца прынесці шчасце, часу не марнуюць. Як казалі прадстаўнікі чырвоных кхмераў падчас візіту ў Кітай у 1975-м: “Мы плануем першымі пабудаваць цалкам камуністычнае грамадства, без марнавання часу і прамежкавых крокаў”.

17 красавіка 1975-га чырвоныя кхмеры ўвайшлі ў сталіцу Камбоджы — горад Пнампень. Гэтым яны паставілі кропку ў грамадзянскай вайне і прынеслі краіне, як і абяцалі, мір. Гараджане зладзілі ім — сваім вызвольнікам і сваім кумірам — трыумфальную сустрэчу. А тыя, як і абяцалі, не марнавалі часу сваёй барацьбы за ўсеагульнае камбаджыйскае шчасце. А хавалася гэтае шчасце, як вядома, не ў пыльных, атручаных чужымі ідэямі, рэчамі і тэхналёгіямі гарадскіх кварталах, а на вольным паветры сельскіх абшараў.

І амаль адразу пасля заняцця гораду чырвонымі кхмерамі пачалося перасяленне яго жыхароў у сельскія раёны. Чырвоныя кхмеры і тут не марудзілі час. Ужо праз некалькі дзён горад з 2,5 млн насельніцтва практычна апусцеў. Збораў не трэба было праводзіць: навошта цягнуць за сабой тое, што не патрэбна вольнаму чалавеку? Тыя, хто камандаваў адсяленнем, загадваў браць з сабой толькі самае неабходнае: маўляў, астатнія рэчы будуць дастаўлены непасрэдна ў тое месца, куды будуць пераселены людзі. Там жа яны сустрэнуцца з сваімі родзічамі, калі ў працэсе перасялення яны выпадкова ці па распараджэнні ўладаў будуць раздзелены.


Не, пекла, падобна, ёсць…

Вымушаныя перасяленцы йшлі да новага месца, якое, бывала, знаходзілася ў сотнях кіламетраў ад іхняга папярэдняга жылля, на сваіх уласных нагах. Шмат хто не вытрымліваў такія маршы. У некаторых выпадках смяротнасць дасягала 49%. Для некаторых катэгорыяў чырвоныя кхмеры паскаралі працэс. Тыя, хто раней займаўся антынароднай дзейнасцю ці прсота выклікаў падазрэнні, завяршалі свой шлях у адмысловых месцах, дзе стрэлы салдатаў абрывалі іхняе жыццё. Ды й стрэл — гэта яшчэ пашчасціла. Набоі трэ было эканоміць.

Таму забойствы часцяком здзяйсняліся штыхамі, нажамі, матыкамі ды проста кійкамі. На ўсялякі выпадак разам з бацькамі вынішчаліся і дзеці (каб няма каму было потым помсціць). Целы закопваліся потым у неглыбокія магілы. Верагодна, гэта рабілася наўмысна — каб целы забітых былі бачны тым, хто праходзіць міма, выхоўваючы ў мінакоў жах перад чырвонымі кхмерамі. Гэтыя месцы забойстваз атрымалі назву “палі смерці”. Пасля звяржэння рэжыму Пол Пота такіх палёў налічылі больш за 20 тысяч.

У братнія магілы тых палёў трапілі, перш за ўсё, тыя, хто ня ўпісваўся ў будучае ідэальнае жыццё. Прадпрымальнікі, напрыклад. Не проста паціснуць руку апошняму прадпрымальніку, а закапаць яго ў самым простым сэнсе. Ці інтэлігенцыя. Настаўнікі, вучоныя, юрысты, урачы, святары — усе падлягалі рэпрэсіям у першую чаргу. Яны ж не капалі каналы, не апрацоўвалі глебу, не вырошчвалі ўраджай.

1473256962121250348.jpg

То-бок, яны былі абсалютна некарысныя для новага грамадства, якое мусіла жыць вясковай працай. Каб яны маглі прыстасавацца — было б добра, але ў нас няма часу на сюсюканне з непатрэбнымі людзьмі. Таму лепшы варыянт для іх — у расход. Туды ж адправім і тых, хто носіць акуляры. Акуляры — гэта значыць, што чалавек шмат чытае, замест таго, каб працаваць на карысць грамадства. А ўсялякія надта разумныя ўтрыманцы ды дармаеды новаму шчасліваму грамадству не патрэбны.

“Уявіце, што няма рэлігіі”, — спяваў Джон Ленан у сваёй песні-ўтопіі. Яна тлуміць людзям галовы і падзяляе народы, штурхаючы людзей да крывавых канфліктаў. Жыццё без рэлігіі і цяпер уяўляецца шмат каму шляхам да выпраўлення чалавецтва. Для чырвоных кхмераў гэта была адна з асноўных задачаў: знішчыць рэлігію. Групы хрысціянаў і будыстаў зрабіліся адмысловымі цэлямі тэрору. Але найстрашнейшы ўдар прыйшоўся па камбаджыйскіх мусульманах, большасць якіх належала да народа цям. Калі ў цэлым камбаджыйцы згубілі кожнага чацвёртага, ахвярамі тэрору зрабіліся 70% цямаў.

scale_1200_72.webp

І пры такім ціску на рэлігію, падобна, вера аніколі не была настолькі моцнай, як падчас кіравання чырвоных кхмераў. Тыя, каму пашчасціла выжыць, каго лёс правёў міма палёў смерці, потым прыгадвалі, што ніколі так шмат і так горача не маліліся, як падчас тых сваіх маршаў, калі іх вялі невядома куды. Канечне, можна казаць, што і тыя, чые целы апынуліся пад тонкім слоем глебы, таксама маліліся. Але гэта не адмяняе таго факту, што ў крытычныя моманты жыцця рэлігія ёсць неабходнай чалавеку, а барацьба з ёй прыводзіць да большых ахвяраў, чым яна сама. Бо не рэлігія забівае. Забіваюць фанатыкі ідэі, якой бы тая ідэя не была — рэлігійнай ці самай што ні на ёсць атэістычнай. Для асабліва злосных праціўнікаў рэжыму (кім яны былі, вырашаў сам рэжым) палі смерці былі надта лёгкім пакараннем. Для іх арганізоўвалі адмысловыя турмы, дзе формы катаванняў пераўзыходзілі ўяўленні і фантазіі звычайных людзей. Найбольш вядомай зрабілася турма S-21, арганізаваная ў былой школе ў Пнампене. Праз яе прайшло каля 20 тыс. чалавек. Выжылі з іх толькі сямёра.

Статыстыка чалавечых смерцяў

Ніхто не можа сказаць дакладна, колькі чалавек загінула ў выніку тэрору чырвоных кхмераў, бо статыстыку ніхто не вёў. Называюць лічбы ў адзін мільён, і ў тры мільёны. Існуе і кансэнсусная лічба ў два мільёны. Прынамсі, падлік чарапоў з палёў смерці дае лічбу больш чым у 1,3 млн. Для нас гэта, у любым выпадку, — статыстыка. Пакуль не пачнеш чытаць успаміны тых, хто гэта перажыў. Тады груды чарапоў з “палёў смерці” набываюць зусім іншае адценне. І з’яўляецца цяжкае разуменне, што ніхто з нас не застрахаваны ад падобнага. Асабліва калі не мець надзейных прышчэпак ад разнастайных вызвольнікаў, дастаўнікаў хуткага шчасця, змагароў супраць разнастайных палітыканаў і буржуяў.

Сваімі галоўнымі ворагамі рэжым абвесціў в’етнамцаў. Асноўныя абвінавачанні ў іхні адрас заключаліся ў тым, што яны, маўляў, жадаюць знішчыць кхмераў і далучыць Камбоджу да сваёй тэрыторыі. А гэта значыць, што іх трэба апярэдзіць. Чым Пол Пот і заняўся. Атрады чырвоных кхмераў пачалі пераходзіць праз мяжу і выразаць в’етнамскія вёскі. Асабліва крывавым быў напад на мястэчка Ба Цюк, у выніку якога загінулі 3157 чалавек.

Урэшце, цярпенне в’етнамцаў скончылася. У пачатку 1979-га в’етнамская армія перайшла мяжу з Камбоджай і паклала канец рэжыму Пол Пота.

fjejvuvwqaa_ons.jpg

Сціплы людажэр

Што цікава (і што выдзяляе Пол Пота з шэрагу падобных дыктатараў), ён ніколі не імкнуўся пабудаваць культ уласнай асобы. Больш за тое, ён старанна хаваў сваю персону, і шмат хто с камбаджыйцаў нават не ведалі, хто такі Пол Пот. Для жыхароў краіны ў той час існавала Ангка Леў — “Найвышэйшая Арганізацыя”. Гэта яна аддавала распараджэнні, калі выселіць той ці іншы горад. Гэта яна ўказвала, каму куды ісці з сваіх дамоў. Гэта яна вырашала лёс тых, хто апынуўся ў шматлікіх калонах, што рушылі па дарогах Дэмакратычнай Кампучыі (як у той час звалася Камбоджа): дойдуць яны да таго месца, дзе іх расстраляюць, зарэжуць, заб’юць матыкамі і пахаваюць у неглыбокіх магілах “палёў смерці”, ці ім пашчасціць прайсці далей — да канцлагеру, які будзе значыць, што жыццё працягнулася.

Волю “Найвышэйшай Арганізацыі” выконвалі чыноўнікі і салдаты. А сама яна з’яўлялася канспіратыўным пазначэннем камбаджыйскай камуністычнай партыі. За рашэннямі якой, і за дзеяннямі ўсіх гэтых чыноўнікаў і салдатаў стаяў адзін чалавек — Пол Пот. Ён, дарэчы, потым вельмі ганарыўся, што не пакінуў аніводнага подпісу пад аніводным дакументам, які тычыўся вынішчэння людзей.

Памятаеце? “Я прыйшоў весці барацьбу, а не забіваць”, —  сцвярджаў ён потым, калі звергнуты войскамі В’етнаму ён хаваўся ў халупе ў сваіх улюбёных джунглях. Паглядзіце на мяне — хіба я дзікун? — запытваў ён у журналіста, які браў у яго інтэрв’ю ў кастрычніку 97-га — за паўгады да смерці. І пры гэтым у ліпені таго ж 97-га па яго загадзе быў забіты Сон Сен (“брат № 89”), які за часам Дэмакратычнай Кампучыі ўзначальваў Сантэбаль (сакрэтную паліцыю рэжыма чырвоных кхмераў). Разам з ім была забіта і ўся ягоная сям’я.

bf7053d83f80f91562ba86b402afa8a2.jpeg

Чаго каштуе ідэя

Пол Пот пазбегнуў пакарання, памёршы ў лясной схованцы сваёй смерцю (ці не дапамаглі яму ў гэтым іншыя пранумараваныя “браты”, якія стаміліся чакаць, хто будзе наступнай ахвярай “Брата № 1”?). А вось некаторыя іншыя паўсталі перад судом. У 2007-м пачаліся працэсы адмысловага трыбуналу, арганізаванага пры дапамозе ААН і некаторых іншых краін (у тым ліку — фінансавай).

Першым быў Канг Кек Еў — начальнік той самай турмы S-21. Пасля падзення рэжыму чырвоных кхмераў хаваўся, як і Пол Пот, у джунглях. Змяніў імя, прыняў хрысціянства. Але нават камбаджыйскія джунглі не з’яўляюцца надзейным месцам, дзе вінаватыя ў злачынствах супраць свайго народу могуць знайсці бяспечны прытулак. У 1999-м яго знайшоў журналіст Нік Данлап (заўважым, яшчэ без дапамогі шматлікіх камер назірання, якімі цяпер поўніцца наш свет). У 2007-м Канг Кек Еў атрымаў сваё пажыццёвае зняволенне (смяротныя прысуды трыбунал не выносіў). Сканаў ён у турме ў 2020-м.

За ім перад судом паўсталі “брат № 2” Нуон Чэа, “брат № 3” Енг Сары з жонкай Енг Тырыт і “брат № 5” Кхіеў Сампан. Енг Сары і яго жонка да прысуду не дажылі, а два іншыя атрымалі сваё пажыццёвае. Да нашага часу з іх дажыў толькі Кхіеў Сампан, яле яго дом да скону — турма.


І хай ад часу падзення рэжыму да пачатку працэсаў прайшло 30 год, наўрад ці хто скажа, што іх доўгае жыццё было шчаслівым. Як, уласна, і жыццё значнай колькасці камбаджыйцаў, якія некалі віталі сваіх вызвольнікаў, каб у хуткім часе зрабіцца іх ахвярамі.

Бо якой бы прывабнай ні была ідэя, калі яна ставіцца вышэй за чалавека, пекла прарастае на зямлі неглыбокімі, але такімі масавымі магіламі. Варта гэта памятаць, тым больш, што колькасць ідэяў не змяншаецца, як і не змяншаецца колькасць тых, хто прагне іх рэалізаваць. У тым ліку тых, хто верыць, што без чалавечай крыві шчасця і свабоды ніяк не дасягнуць.