«У мяне ёсць ядзерная зброя — не чапайце мяне». Ці спрацуе пужалка Лукашэнкі?

Сёння ў Мінску міністры абароны РБ Віктар Хрэнін і РФ Сяргей Шайгу падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак захоўвання расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Якія наступствы гэта можа мець для Беларусі — меркаванне палітолага Валерыя Карбалевіча.

nuclear_briefcase_2.png


Нагадаем, да 1 ліпеня на тэрыторыі Беларусі мусіць быць пабудаванае сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Беларускае войска рыхтавалася да з’яўлення ядзернай зброі загадзя: штурмавікі Су-25 былі пераабсталяваны для нясення ядзернай зброі, а разлікі зенітна-ракетных комплексаў «Іскандэр» УС РБ прайшлі навучанне парадку ўтрымання і прымянення тактычных ядзерных боепрыпасаў.
Між тым, расейскую ядзерную зброю ў Беларусі будзе кантраляваць Масква. Расія «не перадае яе рэспубліцы, кантроль над ёй і рашэнне аб прымяненні застаецца за Масквой», заявіў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу 25 мая ў Мінску на сустрэчы з беларускім калегам Віктарам Хрэніным. Таксама прагучала, што размяшчэнне ТЯЗ у Беларусі адпавядае «ўсім дзеючым міжнародна-прававым абавязальніцтвам».
— Ідзе палітычны працэс, запушчаны раней Пуціным і Лукашэнкам: падпісанне дакументаў пра захаванне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі — гэта і ёсць рэалізацыя палітычнага працэсу, — адзначае Валер Карбалевіч.
— Ці паўплывае размяшчэнне ТЯЗ на тэрыторыі Беларусі на хаду расійска-ўкраінскай вайны, на ўстойлівасць самога беларускага рэжыму?
— Не думаю, што ядзерная зброя паўплывае ці то на вайну, ці то на беларускі рэжым.
Вайна ідзе сваёй хадой. З’яўленне ТЯЗ на тэрыторыі Беларусі — гэта пагроза. Але гэтай пагрозы Захад не баіцца па шэрагу прычын. Таму я не бачу, як ядзерная зброя можа паўплываць на хаду вайны.
Што да ўстойлівасці беларускага рэжыму, то я не бачу для яго нейкіх плюсаў ад размяшчэння ядзернай зброі. За выключэннем хіба што псіхалагічнага самазаспакаення: у мяне ёсць ядзерная зброя — не чапайце мяне.
— Хрэнін і Шайгу падпісалі дакументы пра захоўванне ядзернай зброі ў Беларусі пасля падзеяў у Белгарадскай вобласці Расіі. Ці прыспешыла ўварванне расійскіх добраахвотніцкіх фармаванняў Узброеных сіл Украіны на тэрыторыю РФ працэс размяшчэння ядзернай зброі?
— На мой погляд, падзеі ў Белгарадскай вобласці ніяк на гэта не паўплывалі, размяшчэнне ядзернай зброі ідзе па ўласным графіку.
— У Маскве прэзідэнт Казахстана Такаеў ці то патроліў саюзнікаў, ці то ўсур’ёз назваў «саюзную дзяржаву» праблемай для ЕАЭС, таму што саюзнікі маюць нават адну ядзерную зброю на дзве краіны. Што, на вашую думку, за гэтым стаіць?
— Цяжка да канца зразумець пазіцыю прэзідэнта Казахстана Такаева, што менавіта ён гэтым хацеў сказаць. Саюзная дзяржава існуе ўжо 23 гады, ЕАЭС — толькі восем гадоў. Казахстан ніколі не бачыў у гэтым праблемы, а цяпер раптам у яго расплюшчыліся вочы. Разнахуткасная інтэграцыя абодвух інтэграцыйных фармаванняў прапісаная нават у дакументах, таму мне цяжка каментаваць, чаму раптам Такаеў убачыў у гэтым праблему. Магчыма, узніклі двухбаковыя ўскладненні ў адносінах паміж Беларуссю і Казахстанам, магчыма, Такаева раздражняе пазіцыя Лукашэнкі. У дадзеным выпадку мы можам толькі вылучаць версіі.