Асобная Думка. Туземцы ў пінжаках

Жыць мінулым — улюбёная справа гультаёў і няздольных кіраўнікоў рознага ўзроўню (што, у прынцыпе, адное і тое ж). Але ёсць адна непрыемнасць — грошы, заробленыя мінуўшчынай, хутка праядаюцца і раскрадаюцца, а насельніцтву трэба нешта прад’яўляць у якасці доказу сваёй велічы і «правільнасці» абранага курсу на ўсё яшчэ далёкае лепшае жыццё.

Ілюстрацыйная выява.

Ілюстрацыйная выява.

Падчас Другой сусветнай вайны на выспах Меланэзіі ў Ціхім акіяне месцілася шмат ваенных базаў ЗША для авіяцыі і флоту, якія бралі ўдзел у баявых дзеяннях супраць Японіі. Мясцовыя жыхары, якія былі праваднікамі ці рабілі вельмі простую працу на гэтых базах, дагэтуль ніколі не бачылі ані тушонкі, ані фабрычнага адзення, ані нават складных нажоў. Частку гэтага «багацця» яны атрымлівалі як плату за свае паслугі. Туземцы шчыра верылі, што такія «цуды» дасылаюць ім продкі праз «прышэльцаў на лятаючых вазніцах».
Вайна скончылася, базы больш сталі не патрэбныя, паток «скарбаў» знік. Але ж туземцы працягвалі верыць і пачалі будаваць копіі самалётаў, фарбаваць узлётныя палосы, рабіць падобнасць навушнікаў з палавінак какосаў і нават маляваць на сабе надпісы USA і выявы медалёў, каб духі продкаў зноў пачалі клапаціцца аб іх.
Гледзячы на ліхаманкавую мітусню ў правячых колах Беларусі, можна знайсці ўсё больш агульнага паміж нібыта важнымі дзядзькамі ў пінжаках з гальштукамі і карэнным насельнікам Вануату з палавінкамі какоса на галаве, які шчыра вераць у адэкватнасць сваіх паводзінаў. Чалавек, што лічыць сябе кіраўніком нашай шматпакутнай краіны, неаднаразова заяўляў, што ад СССР мы павінны ўзяць толькі самае лепшае і развіваць яго.
Пакуль што з СССР яны ўзялі савецкія святы, якія старанна і кожны год з усё больш буйным размахам адзначаюць, імкненне караць нязгодных (тут увогуле дакладна развіццё ідзе напоўніцу), хеўру чынавенства ды нежыццяздольную сістэму арганізацыі працы сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Усё гэта агулам і паасобку з’яўляецца не чым іншым як сучасным карга-культам. Нібыта тыя туземцы, яны самааддана фарбуюць помнікі ў выглядзе старой баявой тэхнікі, аднаўляюць указальнікі кшталту «Саўгас імя Ільіча» і спрабуюць запэўніць людзей, што вось гэтае нешта хутка стане «полнасцью ацечэственным матацыклам» ці «электрамабілем», стараючыся не прыгадваць, што ягоны «капот» яшчэ нядаўна зелянеў недзе пад Барысавам. У мяне ёсць вялікія сумневы, што духі нашых продкаў ад такіх відовішчаў узрадуюцца і дашлюць на нас «светлую будучыню». Хутчэй шчыра мацюкнуцца і сплюнуць.
Бяздумнае капіяванне выгляду пранікае паўсюль, і не трэба думаць, што ў тым жа СССР было зусім інакш. Я адразу і не прыгадаю анічога, што не было б скапіявана з заходніх аналагаў. Можа толькі аўтамат Калашнікава, але і тут ёсць шмат пытанняў. Мала таго — амаль заўсёды скапіявана дрэнна, але ж выгляд быў «як у іх». І гэта галоўнае, што мы ўзялі з СССР — імкненне не быць, а славіцца. Галоўнае — адсправаздачыцца, што нешта зрабілі, а потым чорт яго бяры, наперадзе новыя задачы! Ну і канечне — пошук ворагаў. Іх заўсёды шмат, і яны так зайздросцяць нашым фарбаваным указальнікам і палавінкам бульбы на галаве, што аж «есці не могуць».
Апошнімі месяцамі гэты карга-культ дасягнуў велічэзных маштабаў — у Беларусь могуць завезці ядзерную зброю. Няхай толькі на захоўванне, але ж гэта такая дробязь! Касмічнай дзяржавай, дзякуючы кітайскім спадарожнікам, мы ўжо з’яўляемся, а зараз будзем і ядзернай! Не істотна, што ахову месцаў захоўвання будуць ажыццяўляць іншаземныя войскі ў невядомай колькасці, як не істотна і тое, што мясцовых туземцаў ніхто не дапусціць да прыняцця рашэнняў аб выкарыстанні. Істотна толькі тое, што зараз можна рабіць (і ўжо робіцца) выгляд персонаў сусветнага маштабу і пагражаць усім навокал.
А навушнікі з палавінак бульбы — гэта такі нацыянальны каларыт. Як ёсць!