Палітолаг: Ядзерная зброя не дадае ніякай бяспекі ні Беларусі, ні рэжыму
Якой будзе рэакцыя Крамля на атакі дронаў у сэрца Расіі? Ці не прывядзе гэта да выкарыстання тактычнай ядзернай зброі? Увогуле, ці з’явіцца яна ў Беларусі насамрэч? Пра гэта разважае палітолаг Анатоль Котаў у інтэрв'ю «Філіну».
— Украінскі ваенны эксперт Алег Жданаў у інтэрв'ю «Позірку» ацаніў саму імавернасць размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі як нізкую, а прымянення — «роўнай нулю». Такі сцэнар магчымы?
— Многія ваенныя эксперты ацэньвалі шанцы пачатку вайны ў 2022 годзе як нулявыя, таму што гэта вельмі дорага і нявыгадна. На самай справе да перамяшчэння тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі не варта ставіцца як да сітуацыі, якая з'яўляецца проста блефам. Таму што зрабіць гэта досыць лёгка, і нават само па сабе перасоўванне стварае больш сур'ёзныя пагрозы для інфраструктуры, у першую чаргу лагістычнай, на тэрыторыі Украіны і Польшчы. То-бок гэта набывае пэўны ваенны сэнс.
Яшчэ адна прычына — гэта можна выкарыстоўваць, каб запаволіць украінскі наступ. Выкарыстанне тактычнай ядзернай зброі ў гэтай вайне нельга зусім скідаць з рахункаў.
У перамяшчэнні ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі ёсць рацыянальнае зерне, і яе прымяненне выключаць нельга.
— Што вы думаеце пра атаку дронаў на Крэмль? Хто можа за гэтым стаяць?
— Пакуль вядома, што ўначы некалькі беспілотнікаў выбухнулі ў самым цэнтры Масквы над Крамлём. Украінскі бок адмаўляе сваё дачыненне да выбухаў. Але ёсць класічнае правіла дыпламатыі: нішто не лічыцца пацверджаным, пакуль яно афіцыйна не аспрэчана. Таму версій можа быць дастаткова шмат.
— Якой будзе рэакцыя Крамля?
— Цяпер мы назіраем істэрыку ў прапагандысцкіх тэлеграм-каналах. Думаю, што ніхто не ведае, што з гэтым рабіць. Па-першае, гэта прыніжэнне.
Па-другое, гэта дэманстрацыя так ці інакш таго, што выбухоўка можа вельмі лёгка з'явіцца ў самым абароненым месцы. Адпаведна, усе запэўніванні аб глыбока эшаланіраваных сістэмах СПА савецкага і расійскага ўзору не вартыя наогул і ламанага шэлега.
Калі на ўсе папярэднія правалы — выбухі ў Крыме, Белгарадзе, цягнікоў у Бранскай вобласці, якія сышлі з рэек — можна было яшчэ неяк заплюшчваць вочы, то цяпер, пасля падзей у Маскве, павінны рушыць кадравыя рашэнні.
— Алег Жданаў мяркуе, што са з'яўленнем ядзернай зброі Беларусь будзе ўключана ў лік прыярытэтных мэт NATO. На яго думку, Альянс увядзе каардынаты сховішча ў галаўныя часткі сваіх ракет, і з яго з'яўленнем першы ж «Трайдэнт» можа прыляцець менавіта ў гэта сховішча. Наколькі гэта верагодна, па-вашаму?
— Тут з Алегам Жданавым я абсалютна згодны. Перамяшчэнне ТЯЗ на тэрыторыю Беларусі аўтаматычна малюе мішэні ў нашай краіне ў тых месцах, дзе яна можа быць размешчана.
Розніца ў часе можа быць неістотная, але гэта не дадае ніякай бяспекі ні Беларусі, ні рэжыму. У цэлым, хутчэй, наадварот, стварае дадатковыя рызыкі ў выглядзе зваротнага канвенцыйнага або неканвенцыйных удараў.