Аналітык: Для Лукашэнкі важна захаваць твар і паказваць, што ён кантралюе сітуацыю ў Беларусі
Рыгор Ніжнікаў, аналітык Фінскага інстытута міжнародных адносін, лічыць заявы Лукашэнкі наконт ядзернай зброі своеасаблівым «туманам вайны». Разважаючы пра тое, што «ніякага вагання» ў выкарыстанні ядзернай зброі ў яго не будзе, беларускі кіраўнік проста маскіруе сваю бездапаможнасць.
— Лукашэнку трэба рабіць уражанне, што ён з’яўляецца адным з тых, хто прымае рашэнні па беларускім пытанні, па беларускай будучыні, па беларускай знешняй палітыцы і беларускай палітыцы бяспекі, — тлумачыць аналітык каналу «Свабода Premium», чаму так разыходзіцца рыторыка пра ядзерную зброю ў Пуціна і Лукашэнкі. — Але, вядома, што гэта ўжо не так.
Вядома, што Масква прымае асноўныя рашэнні, аднак для Лукашэнкі важна захаваць твар і паказваць, што ён застаецца тым, хто кантралюе сітуацыю ў Беларусі.
Наогул аналітык лічыць, што беларускі правіцель не атрымае ніякай выгады ад размяшчэння ядзернай зброі.
— У гэтым і справа, што Лукашэнкі ад гэтай зброі няма амаль ніякай выгады, акрамя таго, каб паказаць Пуціну лаяльнасць.
Думаю, што ён трапіў у сваю ўласную пастку, бо доўгі час рабіў свае звычайныя рытарычныя прыёмы, кажучы, маўляў, я магу то — магу сё, пагражаў Захаду.
А Пуцін вырашыў: а чаму не, давай так і зробім — і ў Лукашэнкі зараз няма ніякага прастору для манеўру, каб адмаўляцца ад таго, чаго просіць Масква.
Зразумела, што Пуцін бачыць яго лаяльнасць, але гэтага можа быць праз нейкі час ужо недастаткова, каб захоўваць Лукашэнку ва ўладзе.
Мяркую, што ён наогул няшмат ведае пра ўсё, яго проста ставяць у вядомасць у апошні момант, а ён павінен пагаджацца. Яму гэта, канечне, вельмі балюча, таму што ён прывык да таго, што сам вырашае на тэрыторыі Беларусі, што трэба рабіць. Таму робіць выгляд, што справа знаходзіцца ў яго руках. Але гэта не так, — кажа Ніжнікаў.
Між тым ён мяркуе, што Расія сапраўды перадасць Беларусі ядзерную зброю.
— Для Пуціна зараз важна не пайсці на папятную. У яго вельмі складаная сітуацыя, для яго важна паказаць, што ён прадстаўляе рэальную пагрозу для Захаду і можа рабіць тыя крокі, якія ён агучвае.
І калі ён не паставіць ядзерную зброю ў Беларусь, яго зноў падымуць на смех на Захадзе. Таму, думаю, што зброя будзе ўвезена ў Беларусь.
Пры гэтым у яго заўсёды ёсць нейкі прастор для манеўра. Апошнія 16 месяцаў, асабліва пасля таго, як маскоўскі наступ на Кіеў праваліўся, у яго было такое маленькае вакно магчымасцяў, каб паказаць сваю суб’ектнасць, але кожны раз ён яго з трэскам захлопваў, паказваючы, што ён цалкам з Пуціным. Таму трэба паставіць на гэтым кропку, — упэўнены эксперт.