Аляксандр Фрыдман: Лукашэнка прызнаўся, што зарабляе на вайне
Ядзернай зброі ў Беларусі няма, а Лукашэнка які ўжо месяц трасе ядзернай дубінкай. Разам з гісторыкам, палітычным аглядальніка Аляксандрам Фрыдманам разбіраліся, чаму так адбываецца.
13 чэрвеня Лукашэнка з’ездзіў на прадпрыемства, якое вырабляе снарады. Яму адрапартавалі, што наладжаная масавая вытворчасць самых распаўсюджаных снарадаў калібрам 122 міліметры.
«Выйдзем на 10-12 тысяч. У нас жа "дыктатура" і, калі ціснуць, то і 15 тыс. Дзмітрый Аляксандравіч Пантус (старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рэспублікі Беларусь. — рэд.) збярэ», — «пажартаваў» Лукашэнка.
Але па традыцыі беларускага правіцеля панесла. Зразумела, на тэму ядзернай зброі.
«Спачатку я прасіў Пуціна. Потым я настойліва па-сяброўску запатрабаваў — вярні мне пакуль гэту зброю (тактычную, а не стратэгічную). Мне яе дастаткова, — распавёў Лукашэнка. — Навошта мне стратэгічная, тыя ж "Таполі"?.. Хоць мы зараз рыхтуем пляцоўкі і пад гэтыя ўзбраенні. Яны ўсе жывыя-здаровыя, акрамя адной. Таму калі трэба, мы ў любы момант...»
«Гэта было маё патрабаванне. Гэта не Расія мне навязвала. Чаму? Таму што з ядзернай дзяржавай, як вы ўсё кажаце, ніхто яшчэ ў свеце не ваяваў. І я не хачу, каб з намі ваявалі. Пагроза такая ёсць? Ёсць. Я павінен прадухіліць гэтую пагрозу», — заявіў беларускі кіраўнік.
— Лукашэнка адкрыта пацвердзіў, што ён імкнецца зарабіць на вайне, — мяркуе Аляксандр Фрыдман. — А ўскосна пацвердзіў інфармацыю, што велізарная колькасць боепрыпасаў (131 535 тон за год, са студзеня 2022 па студзень 2023 года) чыгункай вывезена ў Расію. Ён жадае нарошчваць вытворчасць боепрыпасаў, а гэта значыць зарабляць на вайне. І ў яго, відаць, нядрэнна ідзе «бізнес», бо Расія гатова добра плаціць за гэтыя боепрыпасы. І тое, што Лукашэнка з’явіўся на тым прадпрыемстве, толькі падкрэслівае, што вытворчасць зброі з’яўляецца для яго прыярытэтнай.
Насамрэч можна ўбачыць і сувязь паміж боепрыпасамі, якія пастаўляюцца ў Расію, і ядзернай зброяй. Лукашэнка імкнуўся падкрэсліць, што Расія пастаўляе ядзерную зброю на яго запыт. Канечне, гэта не толькі ягоная ініцыятыва (ён жадаў мець ядзерную зброю, гэта адпавядае ягоным амбіцыям), цалкам магчыма, што каб атрымаць ядзерную зброю, ён трошкі націснуў на Пуціна: маўляў, я вам перадаў столькі зброі, дык пастаўце мне ядзерную.
Расія знаходзіцца ў складанай сітуацыі, для атрымання боепрыпасаў яна гатова ва ўмовах ізаляцыі плаціць завышаныя кошты. Відавочна, гэтым скарыстаўся Іран за пастаўленыя «Шахеды», можна ўявіць, што гэтым скарыстаўся і Лукашэнка. Тым больш што беларускія боепрыпасы аптымальна падыходзяць да расійскай тэхнікі — вялікай розніцы ва ўзбраенні беларускай і расійскай арміі няма. Магчыма, гэта быў дадатковы аргумент, каб атрымаць ядзерную зброю.
А ўсе наступныя пагрозы — гэта тое, на што Лукашэнка атрымаў дазвол у Маскве. І як бы расійскія «публіцысты-ваенкоры» ні абураліся, Лукашэнка дзейнічае выключна ў дазволеных межах. Яго выкарыстоўваюць для ядзернага шантажу: яму падабаецца выступаць у ролі гаспадара ядзернай зброі, ён дазваляе сабе заявы, якія ў Расіі можа рабіць толькі такая адыёзная фігура, як Мядзведзеў. Але Мядзведзева ніхто ўсур’ёз не ўспрымае, а Лукашэнка стаіць на чале краіны. І ён заяўляе: што хачу, тое і зраблю, і ніхто мне не забароніць. А з Масквы няма ніякіх абвяржэнняў. Усё робіцца наўмысна — каб узмацніць напружанасць на Захадзе. Карцінка атрымліваецца максімальна непрыемная: ядзерную зброю ў Еўропе атрымаў чалавек, які, мякка кажучы, не паводзіць сябе адэкватна. Лукашэнка выкарыстоўвае тактыку вар’ята, калі палітык — як у дыктатуры, так і ў дэмакратыі — пачынае паводзіць сябе непрадказальна, неадэкватна, каб прымусіць усіх, хто мае з ім справу, паводзіць сябе асцярожна. І мне падаецца, што мінімум да сярэдзіны ліпеня мы будзем бачыць менавіта такога Лукашэнку: гэтыя заявы будуць прасоўваць і Вальфовіч, і Хрэнін, і іншыя персоны. Беларуская прапаганда будзе апрацоўваць беларускую аўдыторыю, каб паказаць, якія мы моцныя. Вядомы наратыў часоў Сталіна: Сталін падабраў сялянскую краіну, а пакінуў супердзяржаву з ядзернай зброяй. Лукашэнка можа прасоўваць аналагічны наратыў: ён падабраў поўнасцю разбураную краіну, як ён казаў пасля распаду СССР, а зараз зрабіў нават ядзернай дзяржавай. Тым больш, што Расія гэта дазволіла рабіць.
Але ў асноўным гэта разлічана на заходнюю аўдыторыю: каб напужаць, каб стварыць адчуванне пагрозы. Літва і Польшча ўжо адрэагавалі і заклікалі NATO адказаць на размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі: калі ў цябе сусед «вар’ят», прыходзіцца абараняцца. А Лукашэнку гэта якраз і трэба: вербальная спіраль эскалацыі будзе раскручвацца далей.
— Як можа адрэагаваць NATO?
— Літва і Польшча хацелі б, каб на іх тэрыторыі размясцілі ядзерную зброю — гэта дало б дадатковую бяспеку. Гаворка ідзе пра амерыканскую ядзерную зброю. Для Польшчы гэтая тэма не новая: калі ўзнікла пытанне пра тое, каб частка амерыканскіх войскаў перайшла на тэрыторыю Польшчы, палякі толькі віталі. А каб яшчэ Польшча атрымала і ядзерную зброю, то для яе гэта было б выдатна.
І гэта магчымы сцэнарый. Прынцыпова ядзерная зброя не мяняе ядзерны баланс у рэгіёне (якая розніца, дзе канкрэтна яна знаходзіцца?) — гэта той жа віток эскалацыі, які мы назіралі ў Еўропе напрыканцы 70-х — першай палове 80-х, калі Савецкі Саюз абвясціў, што завёз новыя ракетныя сістэмы на тэрыторыю ГДР і іншых краін усходняга блоку. У якасці адказу NATO прапанавала Савецкаму Саюзу гатоўнасць да перамоваў — з аднаго боку, з іншага боку — прыняло рашэнне завезці ядзерную зброю на тэрыторыю Заходняй Германіі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў. І завезлі, нягледзячы на сур’ёзныя пратэсты (дарэчы, Савецкі Саюз актыўна падтрымліваў антыядзерны рух).
Вынік вядомы: савецкая ядзерная зброя пакінула Германію пасля распаду СССР, а амерыканскія ракеты засталіся. І дагэтуль знаходзяцца ў Германіі. Тое ж самае хацелі б сёння палякі і літоўцы.
Ці пойдуць амерыканцы на такі варыянт? Я б не выключаў. Вайна ва Украіне хутчэй за ўсё (не ведаю, на якіх умовах) закончыцца ўсталяваннем новай жалезнай заслоны. Відавочна, што яна апусціцца, і цалкам верагодна, што амерыканская ядзерная зброя акажацца на заходнім баку.
— Але нейкі нікчэмны супернік Захаду дастаўся: саюзнікі з Масквы і Мінска…
— Лукашэнка ў гэтай вайне выступае на баку агрэсара — Расіі. У цяперашняй сітуацыі ён паводзіць сябе больш гнутка, чым Пуцін. Сустрэча Пуціна з ваенкарамі паказала, што пачуццё рэальнасці ў чалавека адсутнічае, ён жыве ў сваім міфічным свеце, дзе яму ўтульна. Лукашэнка разумее сітуацыю, яна для яго непрыемная (ізаляцыя, санкцыі, абмежаванае поле для манеўра — не ў такім становішчы ён хацеў бы аказацца), але ён рэаліст. Мне падаецца, што ён прызвычаіўся да сітуацыі і спрабуе адшукаць для сябе найлепшае ў існуючых умовах. Вось адсюль і спробы зарабіць на зброі, і размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, а ў дадатак яшчэ і вярнуцца ў ролю міратворца. То-бок, выжывем сёння, а там нешта будзе.