«Інструменты МАП цяжка запускаюцца, але калі запусцяцца, то будуць драбіць усё на сваім шляху»

Міжнародная арганізацыя працы (МАП) на канферэнцыі ў Жэневе прыняла рэзалюцыю па Беларусі. У дакуменце сказана аб прымяненні артыкула №33 Статута МАП. Па сутнасці, гаворка пра больш шырокія і маштабныя эканамічныя (і не толькі) абмежаванні ў дачыненні да беларускага рэжыму.

fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__5__logo_1.jpg


Падчас галасавання рэзалюцыя была падтрымана большасцю галасоў: «за» выказаўся 301 дэлегат, 108 чалавек устрымаліся, 54 былі супраць.

Сёлета на канферэнцыі афіцыйны Мінск прадстаўляюць ФПБ і Міністэрства працы і сацабароны. Міністарка працы Ірына Касцевіч працягвае разважаць пра «беззаконныя дзеянні Захаду па эканамічнай блакадзе Беларусі». Тым часам усе незалежныя прафсаюзы ў РБ былі ліквідаваны паводле рашэння суда, а 40 іх актывістаў і лідараў знаходзяцца ў зняволенні.

У дакуменце адзначаецца, што беларускім уладам неабходна зняць усе абвінавачанні і вызваліць лідараў і ўдзельнікаў дэмакратычных прафсаюзаў, унесці папраўкі ў заканадаўства, якія гарантуюць працоўным абарону ад любых формаў дыскрымінацыі за ўдзел у мірных забастоўках і абарону сваіх прафесійных і эканамічных інтарэсаў.

Таксама дэлегаты заклікалі ўрады і парламенты краін-чальцоў МАП зрабіць захады, неабходныя для ўздзеяння на рэжым у Беларусі з мэтай выканання гэтых рэкамендацый. Такімі захадамі могуць быць не толькі ноты пратэсту, але ў тым ліку эканамічныя абмежаванні: забарона на экспарт/імпарт пэўных тавараў, абмежаванні банкаўскіх аперацый альбо наогул разрыў эканамічных сувязяў, а таксама персанальныя санкцыі датычна тых функцыянераў, чый удзел у парушэнні правоў працоўных пацверджаны.

Беларускія чыноўнікі і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі адрэагавалі на прынятае рашэнне нервова: старшыня ФПБ Міхаіл Орда назваў рэзалюцыю «антыбеларускай», а міністарка працы Ірына Касцевіч паскардзілася на яе «неабгрунтаванасць і несправядлівасць».

Чаму ўлады так замітусіліся і які эфект можа даць рэзалюцыя, калі яна будзе падтрымана краінамі-чальцамі МАП напоўніцу? Пра гэта «Філіну» распавяла старшыня асацыяцыі Salidarnast e.V. Лізавета Мерляк.

Доўгі час дэмакратычныя прафсаюзы выступалі супраць санкцый, а 33 параграф Статута МАП лічылі крайняй мерай, чымсьці кшталту «ядзернай зброі» ва ўзаемаадносінах Беларусі з міжнароднымі структурамі.

— Так, калі з 2020 года ўсе вакол нас размаўлялі аб тым, што трэба ўводзіць санкцыі — глабальныя, сектаральныя, асабістыя і ўсякія іншыя абмежаванні, каб уздзейнічаць на рэжым, прафсаюзы выступалі супраць, хоць і атрымлівалі за гэта шмат негатыву, — зазначае Лізавета Мерляк.

— Але рэч у тым, што прафсаюзы — на баку беларускіх працоўных. І калі проста так уводзіць нейкія санкцыі, то яны, па-першае, не спрацуюць (у тым сэнсе, што не прывядуць да нашай агульнай мэты — змены ўмоў на дэмакратычныя), а па-другое, лепш за ўсіх іх уплыў адчуюць якраз працоўныя. То-бок рыторыка беларускіх улад і ФПБ аб тым, што абмежаванні шкодзяць звычайным беларусам, будзе мець падставы.


Аднак інструменты ўздзеяння на рэжым могуць быць і эфектыўнымі. Акурат да такіх адносяць 33 параграф Статута МАП, які дагэтуль прымяняўся толькі аднойчы, у дачыненні да М’янмы, урад якой скарыстоўваў прымусовую працу.

— Эксперты зазначаюць, што інструменты МАП цяжка запускаюцца, гэта такая махіна, не проста сёння сказалі, заўтра зрабілі. Але калі яна ўжо запусціцца, то будзе драбіць усё на сваім шляху, — гаворыць прафсаюзная лідарка.

— Таму яе і не прымалі досыць доўга, як мы бачым, ад першай згадкі да прыняцця рэзалюцыі прайшоў цэлы год. Але да рашэння прымяніць гэты інструмент прывялі дзеянні саміх беларускіх улад, якія не проста пазакрывалі арганізацыі, але і пазбавілі волі многіх удзельнікаў прафсаюзных арганізацый.

Ніякі 33 параграф не давялося б прымяняць, калі б беларускія ўлады адпусцілі палітзняволеных і спынілі паўсюднае парушэнне правоў працоўных. Відаць, умова дэмакратызацыі аказалася для рэжыму самай страшнай?

Таму яны працягваюць расказваць пра тое, што ад санкцый «пацерпяць працаўнікі Беларусі» і што ўсё гэта «змова некаторых заходніх сіл» — але гаворка насамрэч ідзе не толькі пра Захад, у МАП уваходзяць і краіны Афрыкі, Азіі, таму гэта рэакцыя міжнароднай супольнасці, усяго свету, акрамя абмежаванага кола саюзнікаў беларускага і расійскага рэжымаў.


Лізавета Мерляк дадае яшчэ два важныя моманты, якія трэба разумець. Як менавіта будзе дзейнічаць гэты інструмент, залежыць ад урадаў тых краін, якім МАП рэкамендавала прымяніць разнастайныя варыянты ціску на рэжым Лукашэнкі. А гэта, у сваю чаргу, шмат у чым залежыць ад салідарнай працы і ціску незалежных прафсаюзаў гэтых краін. І, безумоўна, любыя меры не пачнуць дзейнічаць ад 16 чэрвеня, адразу пасля закрыцця штогадовай Міжнароднай канферэнцыі працы.

— Нават самі адмыслоўцы МАП яшчэ не да канца бачаць, як будзе ажыццяўляцца ўздзеянне. Тым больш, у мінулы раз 33 параграф Статута ўжываўся ў дачыненні да іншага рэжыму, гэта была ваенная хунта ў М’янме. І хоць пасля эканамічнай блакады адбыліся пэўныя змены і прыйшоў дэмакратычны ўрад — але ж мы ведаем, што атрымалася далей: зноў вярнулася хунта, і сёння сітуацыя ў гэтай краіне нашмат горшая, рэжым наўпрост забівае сваіх праціўнікаў…

Таму, на мой погляд, патрабуецца яшчэ шмат працы з боку глабальных прафсаюзаў. Таксама неабходны кантрольны механізм і тая пляцоўка, на якой урады давалі б справаздачу, які ціск яны аказвалі і які з гэтага быў плён.

Напрыклад, прафсаюзы з Галандыі зараз працягваюць рабіць даследаванні эканамічных адносін паміж галандскімі фірмамі і кампаніямі з Беларусі, каб праца была кропкавай і выніковай, а не фармальнай — а гэта патрабуе часу і рэсурсаў.