Будзе эканамічная блакада? Прафсаюзы свету заклікалі ўвесці жорсткія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
Прафсаюзныя асацыяцыі сьвету выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі ўжыць супраць Беларусі 33-ці параграф статута Міжнароднай арганізацыі працы. Гэтыя захады пагражаюць Беларусі эканамічнай блякадай, адзначае «Св*бода».

Заяву
выпусьцілі напярэдадні канчатковага галасаваньня, што мае адбыцца ў чэрвені, яе
падпісалі некалькі буйных аб’яднаньняў: Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў,
Міжнародная фэдэрацыя транспартнікаў, Міжнародная фэдэрацыя журналістаў,
Глябальны саюз IndustriALL і іншыя арганізацыі.
«Глябальныя
прафсаюзы заклікаюць урады і працадаўцаў дапамагчы пакласьці канец парушэньням
правоў чалавека і прафсаюзаў у Беларусі. Прафсаюзны рух — гэта не
экстрэмізм і не злачынства!» — гаворыцца ў заяве.

Аўтары звароту адзначаюць, што больш за 20 гадоў беларускія
ўлады ўмешваюцца ў дзейнасьць прафсаюзаў, прымусова распускаюць прафсаюзы,
лідараў затрымліваюць, актывістаў звальняюць:
«У Беларусі працягваецца сыстэматычнае задушэньне
незалежнага прафсаюзнага руху. Беларускія ўлады называюць незалежныя прафсаюзы «экстрэмістамі» і «тэрарыстамі» і ўдзельнічаюць у паклёпніцкіх кампаніях».
У заяве таксама згадваецца перасьлед лідараў Беларускага
кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, якіх асудзілі летась. Аляксандр Ярашук
атрымаў 4 гады калёніі, Сяргей Антусевіч — 2 гады, Ірына Бут-Гусаім — 1,5 года.

У лістападзе 2022 года кіроўная рада Міжнароднай арганізацыі
працы пастанавіла ўжыць супраць Беларусі 33-ці параграф свайго статута за
сталыя парушэньні ў дачыненьні да працоўных і прафсаюзаў. Дасюль такое рашэньне
прымалася толькі аднойчы ў гісторыі — у дачыненьні да М’янмы.
Артыкул 33 гучыць так: «У выпадку, калі які-небудзь Чалец не выконвае ў вызначаны тэрмін рэкамэндацыі, калі такія маюцца, што зьмяшчаюцца ў справаздачы Камісіі па расьсьледаваньні або ў рашэньні Міжнароднага Суду, у залежнасьці ад абставін, Адміністрацыйная рада можа рэкамэндаваць Канфэрэнцыі такія захады, якія палічыць разумнымі і мэтазгоднымі для забесьпячэньня іх выкананьня».
У якасьці дзеяньняў, якія прымушаюць урад Беларусі да выкананьня міжнародных нормаў, могуць ужыць любыя меры, ажно да ўвядзеньня эканамічнай блякады.
Канчатковае галасаваньне адбудзецца ў чэрвені на канфэрэнцыі МАП. Для станоўчага выніку павінна набрацца дзьве траціны галасоў дэлегатаў.