Гайдукевіч і Гусачэнка застануцца пад санкцыямі і заплацяць грошы Еўрасаюзу
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, лідар ЛДП Алег Гайдукевіч і намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргей Гусачэнка аспрэчвалі ў Еўрапейскім судзе ўведзеныя супраць іх санкцыі ЕС. Суд адхіліў іх пазовы. Цяпер ім давядзецца аплаціць судовыя выдаткі.
Аналагічнае рашэнне раней было прынята ў дачыненні да дэпутатаў Святланы Любецкай і Аляксандра Амельянюка, якія таксама спрабавалі аспрэчыць санкцыі, што Еўрапейскі саюз наклаў на іх 21 чэрвеня 2021 года.
Сутнасць прэтэнзій Гайдукевіча і Гусачэнкі аналагічная пазову Любецкай і Амельянюка. На іх думку, санкцыі носяць характар калектыўнай адказнасці, нясуць памылковую ацэнку і парушаюць прынцып суразмернасці.
Гайдукевіч запэўніваў, што выказваў «асабісты пункт гледжання ў якасці дэпутата», а Гусачэнка згадаў пра свабоду выказвання меркаванняў.
Адказчыкам выступала Рада Еўрапейскага Саюза. Суд разгледзеў довады бакоў і прыйшоў да высновы, што рашэнне аб увядзенні санкцый абгрунтаванае, а адказчык падаў пераканаўчыя тлумачэнні свайго рашэння: Гайдукевіч, па сутнасці, з'яўляецца прадстаўніком рэжыму Лукашэнкі, а Гусачэнка займаецца прапагандай і ўзначальвае дзяржаўнае прапагандысцкае медыя.
Нагадаем, Гайдукевіч і Гусачэнка трапілі пад санкцыі ЕС 21 чэрвеня 2021 года. Дзеячаў беларускага рэжыму прадстаўляў адвакат Адвакацкай палаты Парыжа Дзмітрый Літвінскі. Гэты ж адвакат выступаў ад імя Любецкай і Амельянюка.
У базе суда ёсць яшчэ некалькі пазоваў, пададзеных Літвінскім ад імя грамадзян Беларусі: Аляксандра Бахановіча, Сяргея Рубніковіча і Сяргея Срыбы. У дачыненні да гэтых дзеячаў 21 чэрвеня 2021 года таксама былі ўведзены санкцыі ЕС. На момант увядзення санкцый Бахановіч з'яўляўся рэктарам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Рубніковіч — рэктарам Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а Скрыба — прарэктарам па выхаваўчай рабоце БДЭУ. Рашэнні па іх, мяркуючы па базе, яшчэ не прыняты.
Усе пазовы Літвінскім былі пададзены 5 лістапада 2021 года.
Прадстаўнік па транзіце ўлады Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка ў каментары «Н*шай Н*ве» расказаў, як Святлана Любецкая і Аляксандр Амельянюк спрабавалі апраўдацца ў судзе за папраўкі, унесеныя ў КаАП. Аргументы лукашэнкаўскіх дэпутатаў перад Еўрапейскім судом былі такія: маўляў, закон, які яны распрацавалі, прымяняецца суддзямі, таму парушэнні правоў чалавека — не іх віна.
Суд ЕС у сваю чаргу не пагадзіўся з гэтым: пасля правак у законы, якія ўхвалілі дэпутаты, максімальны тэрмін адміністрацыйнага арышту павялічаны ў два разы, а штрафы павялічаны больш як у тры разы.
— Таксама пасля ўступлення паправак у сілу павялічылася колькасць затрыманняў. Больш за тое, меркаванне Венецыянскай камісіі было не на карысць названых паправак. У выніку Суд ЕС вырашыў, што папраўкі садзейнічалі прыгнёту людзей за іх палітычныя погляды і парушэнню правоў чалавека.
Увогуле не зразумела, на што разлічвалі гэтыя людзі, звярнуўшыся ў Суд ЕС і спрабуючы аспрэчыць рашэнне Рады ЕС? Рада ЕС увяла санкцыі ў дачыненні да так званых дэпутатаў за тое, што яны былі адказныя за распрацоўку паправак у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, што садзейнічалі замацаванню парушэнняў правоў чалавека ў краіне.
Іншы аргумент дэпутатаў гучаў так: папраўкі прымаліся Нацыянальным сходам Беларусі, а не імі асобна. А санкцыі ўяўляюць сабой форму калектыўнай адказнасці ў іх выпадку.
Суд ЕС у сваю чаргу не пагадзіўся з гэтым аргументам, бо заяўнікі прымалі непасрэдны ўдзел у распрацоўцы паправак у КаАП.
— Іх пасады сведчаць аб іх уплыве на гэты працэс, і, больш за тое, у працэсе распрацоўкі паправак яны ад іх не дыстанцыяваліся. Але тут я магу часткова пагадзіцца з Любецкай і Амельянюком, бо прымалі драконаўскія законы ўсе дэпутаты і сябры так званага Савета Рэспублікі. Прыклад Любецкай і Амельянюка — гэта сігнал усім чыноўнікам рэжыму, што яны самі будуць сачыць за тым, каб да адказнасці разам з імі былі прыцягнуты ўсе іх калегі і каб ніхто не застаўся незаўважаным, — адзначае палітык.
Памер выдаткаў, якія павінны сплаціць дэпутаты, вызначае Суд ЕС.
— У ЕС бок, які прайграў, аплачвае не толькі выдаткі суда, але і расходы на адвакатаў боку, які выйграў. Рада ЕС перадасць у суд рахункі сваіх выдаткаў. І суд тады вызначыць, у якім аб’ёме аплачваць (звычайна не поўную суму).
Магчыма, спагнанне будзе за кошт маёмасці ў ЕС. Па ідэі беларускія судовыя выканаўцы тэарэтычна маглі б выканаць рашэнне Суда ЕС на тэрыторыі Беларусі, але мы ўсе разумеем, што не пры цяперашняй нелегітымнай уладзе гэта будзе, — падсумоўвае палітык.