Хронікі рэпрэсій за 31 траўня: пазбаўленыя ліцэнзій яшчэ чатыры адвакаты, двое палітвязняў выйшлі на волю
Два чалавекі сёння абдымуць сваіх блізкіх — пасля некалькіх гадоў турмы. Жорсткі вырак у 5 гадоў зняволення абвясцілі былой бухгалтарцы Мінскага электратэхнічнага завода. Роўна тры гады за кратамі ўтрымліваецца Мікалай Статкевіч.
***
Роўна тры гады таму, 31 траўня 2020 года, затрымалі Мікалая Статкевіча. Палітык быў затрыманы на шляху на Камароўскі рынак у Мінску, дзе збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Першапачаткова яго арыштавалі на 30 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак на волю Статкевіч так і не выйшаў — супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа.
***
Крымінальную справу Паўла Мажэйкі перадалі ў суд. Журналіст і культурны менеджар праходзіць па арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), паведамляюць праваабаронцы. Мажэйку затрымалі 30 жніўня, калі ён вярнуўся на радзіму з Польшчы. У сакавіку яму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на тры месяцы. Тады паведамлялі, што следчых дзеянняў з ім не вядуць. 25 траўня ён адзначыў у турме сваё 45-годдзе.
***
На волю выйшаў палітвязень Ігар Бузук, прадпрымальнік з Гродна, якога затрымалі ў ліпені 2021 года пры спробе з'ехаць з Беларусі. Мужчыну асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за тое, што вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на мемарыяльным комплексе «Курган славы». Суд расцаніў гэта як «здзек з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК).
У зняволенні Ігар ажаніўся са сваёй дзяўчынай у гродзенскай турме №1. Тэрмін палітвязень адбываў у магілёўскай калоніі № 15.
***
Таксама на волю выйшаў палітвязень Віктар Сядоў. Ён адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі № 2 і быў вызвалены пасля 2 гадоў, 7 месяцаў і 14 дзён за кратамі.
Сядова затрымалі 16 кастрычніка 2020 года ў Мінску. Яго абвінавацілі ва «ўзвядзенні барыкад і кіданні двух прадметаў на дарогу». Палітвязень часткова прызнаў сваю віну: ён сказаў, што паклаў адзін камень на праезную частку, а другі кінуў на дарогу.
30 сакавіка 2021 года яго прысудзілі да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.
***
Магілёўская міліцыя зладзіла праверку былога палітвязня па WhatsApp. Сёння міліцыянт з аператыўнага адзелу Кастрычніцкага РАУСа Магілёва па WhatsApp званіў былому палітвязню Валянціну Лабачову, асуджанаму да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі за «абразу Лукашэнкі». Тэрмін ён адбываў у наваполацкай ПК № 1. Валянцін выйшаў на волю 17 лютага 2023 года. Былы палітвязень пакінуў Беларусь 5 красавіка.
Міліцыянт па тэлефоне запытаў у былога палітвязня, ці жыве ён у Польшчы і ці збіраецца ён вяртацца ў Беларусь. Валянцін растлумачыў яму, што папярэдзіў інспекцыю і напісаў заяву, што з'язджае ў Польшчу на год. На гэта яму супрацоўнік сказаў, што іх абавязалі штотыдзень тэлефанаваць і правяраць.
«Хутчэй за ўсе міліцыя так зацікавілася мной пасля маіх выступаў і інтэрв'ю. Напэўна, мяне ўжо чакаюць у Беларусі», — кажа Валянцін.
***
Мінюст пазбавіў ліцэнзіі чацвярых адвакатаў — Аляксандра Уласевіча і Святлану Якушаву з Віцебскай абласной калегіі адвакатаў (дзеянне іх ліцэнзіі спыняецца «ў сувязі са здзяйсненнем імі правін, не сумяшчальных са званнем адваката»), а таксама Юрый Козікаў і Арцём Сям'янаў, якіх раней выключылі з Мінскай абласной калегіі адвакатаў «за ўчыненне правін, не сумяшчальных са званнем адваката».
Юрый Козікаў — муж Ірыны Козікавай, сястры Максіма Знака. Ён абараняў Максіма і былога следчага Яўгена Юшкевіча. Арцём Сям'янаў абараняў праваабаронцу Валянціна Стэфановіча, Таццяну Кузіну, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса.
***
У Гродне затрыманы воін-інтэрнацыяналіст Юрый Слізевіч. Гродзенцу 57 гадоў. Ён 14 гадоў адпрацаваў дырэктарам у фірме «Элефант і К», якая займаецца рамонтам транспарту і абслугоўвала, у тым ліку, Гродзенскае тралейбуснае ўпраўленне.
***
У Мінскім гарадскім судзе абвясцілі прысуд у дачыненні да былой бухгалтаркі Мінскага электратэхнічнага завода імя Вавілава Ганны Карняенка. Вырак — пяць гадоў калоніі.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1491 палітвязень. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» палітычнымі зняволенымі прызнаныя 1793 чалавекі. Сярод іх — 199 жанчын і 7 непаўнагадовых. 17 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.