«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 7: Катуючы, яны хочуць выглядаць маралістамі і гумарыстамі

У папярэдніх частках дзённікаў я распавядала пра сустрэчы з палітвязнямі ў аўтазаках і СІЗА, як і чаму нам падкідвалі забароненыя прадметы ў калоніі і ў якую тэорыю змовы вераць турэмнікі. Сёння згадваю, як за кратамі нават бальнічны не ўратоўвае ад цяжкіх работ, як супрацоўнікі калоніі баяцца быць павешанымі на бярозах і як начальніца 9-га атрада нацкоўвала звычайных зняволеных на палітычных на глебе рванай бялізны.

turemnyja_dzjonniki_klaskouskaj_vokladka_novy_czas_1_1_1_1.jpg


Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў»

З лялькаводаў у рэаніматолагі

— Ломай двери, Тоня умирает! — сукамерніца Аня збялела і забілася ў кут прыбіральні. Я кінулася да дзвярэй, пачала ў іх малаціць.
Маладзенькі прадольны, што падбег неўзабаве, настолькі разгубіўся, што мармытаў, а не размаўляў.
Праз некалькі хвілін у камеру ўваліліся карпусны і медыкі з чамаданчыкам. Нас з Аняй вывелі ў калідор «лицом к стене». Тоню пачалі прыводзіць да прытомнасці.
Тоня — бомж. У прамым сэнсе. Больш за 15 гадоў жыве на памыйцы ў Брэсце, у выпадковых знаёмых, на гарышчах. Харчуецца і апранаецца з памыйкі. Час ад часу трапляе за краты.
Гэтым разам яе зноў узялі за нявыплату аліментаў. У Тоні дзве дарослыя дачкі, але запазычанасць па аліментах не пагашана, увесь час узрастае, таму супраць жанчыны завялі крымінальную справу.
Мы сустрэліся ў брэсцкім следчым ізалятары ў лютым 2022 года. У гэты час у мяне былі даволі напружаныя дачыненні з тамтэйшай аператыўкай і ў «выхаваўчых мэтах» мяне перакідвалі з камеры ў камеру. Калі службоўцы ўбачылі, што на мяне такія захады не ўздзейнічаюць, то ў якасці апошняга аргумента закінулі ў камеру з Тоняй.
Дыхаць там было няма чым. Тоня і мачылася пад сябе, і бялізны ў яе не было ніжняй, і не мылася, вядома, а таксама не мыла бялізну.
Апроч іншага, пад яе шконкай стаялі смярдзючыя цюкі з нейкім рыззём, якія яна заўзята ахоўвала і нікому не дазваляла вынесці. Мая шконка на другім ярусе знаходзілася над Тонінай — і, прызнацца, часамі я амаль задыхалася.
Праз нейкі час мы дамовіліся з ёй, што ўсё ж вынесем яе цюкі ў капцёрку, нават напісалі адпаведны запыт у рэжымны аддзел і нібыта атрымалі дазвол на гэта. Але Тоніны клункі ніхто так і не забраў — я пасля зразумела, што рабілася гэта наўмысна, каб літаральна атруціць нам паветра.
Але да самой жанчыны я знайшла падыход, і мы нават пасябравалі. Падарыла ёй бялізну, сродкі гігіены, набывала танныя цыгарэты ў шапіку, частавала прысмакамі. Я была адзіная, каго яна слухала ў камеры і каму не хаміла. З часам мы нават пачалі спяваць песні. Тоніна любімая — «Вот кто-то с горочки спустился».
Гэтым разам прыступ эпілепсіі быў настолькі моцным, што ў небаракі з рота ішла пена. Яна страціла прытомнасць, пачала біцца ў канвульсіях. Калі падала з лаўкі (усё адбывалася падчас вячэры і настолькі хутка, што я не паспела яе падхапіць), то ўдарылася галавой аб батарэю, алюмініевая міска з бульбяным пюрэ звалілася на яе.
Антаніну прывялі да прытомнасці, а мне сказалі за ёй наглядаць.
— Я ж не медык, — кажу. — А раптам у яе ўначы здарыцца прыступ, а мы спім? Чаму б не пакласці яе ў санчастку ці ўвогуле ў шпіталь?
— Пить меньше надо. Ничего с ней не случится. Выживет, — адказала лекарка ў пагонах.
Эпілептычныя прыпадкі здараліся з Тоняй усё часцей. І ўвесь час дэжавю: Аня ад страху забіваецца ў кут, я ламаю дзверы і крычу, каб тэрмінова аказалі дапамогу, прыбягаюць лекары, колюць уколы і сыходзяць.
У хуткім часе суд прысудзіў Тоні тры месяцы арышту, які яна мусіла адбываць у баранавіцкім СІЗА. Калі жанчыну забіралі на этап, яна расплакалася, палезла да мяне абдымацца.
— Калі цябе хтосьці пакрыўдзіць, я з усімі разбяруся, — выцірала яна слёзы. — Ты ж да мяне прыедзеш, калі вызвалішся?
Мне стала шчыра шкада гэтую кабету. Я таксама абняла яе, і мы разам заспявалі «На нем погоны золотые».
Небарака паплялася з клункамі на этап, але, выходзячы з камеры, азірнулася і хітра мне падміргнула.

«Я клятву Гиппократа не давала и ничего вам не должна»

Тэма здароўя за кратамі — адна з самых уразлівых, балючых. Хварэць заўсёды цяжка і непрыемна, нават на волі, а калі праблемы са здароўем узнікаюць у зняволенні — трываць гэта ўдвая цяжэй.
Па-першае, пачуваешся цалкам бездапаможным. Ты выдатна разумееш, што да хвароб цябе даводзяць жахлівыя ўмовы ўтрымання, здзекі і хранічны стрэс, таму толькі болей бяруць злосць і крыўда. Ніколі не ведаеш, акажуць табе належную медычную дапамогу ці не. Звяртаешся да медыкаў, а ў адказ звычайна чуеш хамства, папрокі, кпіны. Не магу сказаць, што ўсе медыкі пенітэнцыярнай сістэмы паводзілі сябе так — трапляліся і неабыякавыя, тыя, што пераймаліся нашым станам, дапамагалі. Але такіх былі адзінкі. Збольшага даводзілася сутыкацца з абыякавымі цынікамі. Тыя кайфавалі, калі бачылі, што табе дрэнна, а тое і смерці табе адкрыта жадалі.


Каб атрымаць медычную бандэроль з дома, даводзілася пераадольваць мноства казуістычных бар’ераў. І часам ужо хацелася махнуць рукой на ўсё.
Былі моманты, калі думала, што жывой з-за кратаў ужо не выйду. Так было, напрыклад, у штрафным ізалятары, калі пакутавала на моцны крывацёк і толькі перанесла хірургічнае лячэнне (якое, дарэчы, праводзілася без анестэзіі).
Меддапамога амаль што не аказвалася. Ні прылегчы, ні сагрэцца, сілы страчваліся з кожнай секундай. Вельмі цяжка і балюча пра гэта згадваць, але гэта рэчаіснасць палітвязняў: часта літаральна балансуеш паміж жыццём і смерцю.
«Я клятву Гиппократа не давала и ничего вам не должна!» — раўнула неяк на мяне тэрапеўт калоніі Марыя Чарняўская. Менавіта гэтая лекарка рабіла мне ўколы праз кармушку ў штрафным ізалятары і праводзіла агляд праз усё тую ж кармушку прамой кішкі — калі знянацку і адтуль адкрыўся крывацёк.
— Ну зачем ты так похудела? И цвет волос тебе темный не идет. Выглядишь старше. Пухлой блондинкой ты мне нравилась больше, — вось і ўся медычная дапамога, якую мне «аказала» аднойчы доктарка калоніі Таццяна Пятроўна.
Пасля, праўда, сказала зайсці ў працэдурны кабінет і атрымаць кроваспыняльны ўкол. Але разам з тым паслала мяне працаваць на фабрыку.
На працы мне зрабілася блага, асуджаныя ўзнялі лямант, калі ўбачылі кроў на падлозе, прыбегла спалоханая майстар, павяла ў санчастку.
Дэжавю. Усё тая ж Таццяна Пятроўна. Усё той жа ўкол. Бальнічнага не дае (пра шпіталізацыю ўвогуле гаворкі не ідзе) і зноў пасылае на фабрыку.


Многія палітвязні праходзяць праз тое ж самае, і часамі ў людзей апускаюцца рукі — лішні раз яны медыкаў ні пра што не просяць.
Прастуду, бранхіты і ангіны трываюць на нагах, ходзяць на працу і цяжкія інвентарныя работы, чысцяць снег, разграбаюць лужыны, адмываюць асфальт ад галубіных фекалій. І нават тэмпература і наяўнасць афіцыйнага бальнічнага не ўратоўвае чалавека ад гэтых здзекаў.
Не тое што прылегчы на пару хвілін — нават вочы нельга і на секунду заплюшчыць. Уявіце сабе: за гэта на цябе могуць напісаць рапарт і пакараць. Маўляў, спіш. А гэта забаронена. Спаць можна толькі ўначы.
Колькі разоў я спрачалася на гэту тэму з кіраўніцтвам і калоніі і ўсіх следчых ізалятараў, дзе давялося сядзець.
— Ну як вы можаце забараніць чалавеку заплюшчыць вочы? — пыталася ў турэмнікаў. — Няма ж у вашых правілах унутранага распарадку прамой забароны на заплюшчванне вачэй. Чалавек проста такім чынам адключаецца, сыходзіць у сябе, думае, медытуе, магчыма. Ён стомлены, яму, мажліва, дрэнна. Ды і ўвогуле забараняць спаць ці прылегчы — таксама амаральна. Гэта натуральныя чалавечыя патрэбы — тое ж самае, як есці і хадзіць у прыбіральню.
Бясспрэчна, што гэта таксама элемент катаванняў. І мэта тут адна — дабіць чалавека, дамагчыся, каб ён цалкам знясілеў, зламаць яго волю і прагу супраціву.
Шмат хто з палітвязняў перахварэў за кратамі на каронавірус, у многіх пачаліся праблемы з сардэчна-сасудзістай сістэмай, спінай, суставамі. Абвастрыліся хранічныя захворванні. І нікому з адміністрацыі да гэтага няма справы. Турэмнікі робяць усё, каб дабіць цябе. Смяюцца, адмаўляюць у медычнай дапамозе, леках, шпіталізацыі, бальнічным.
Аня Баран у брэсцкім СІЗА пачала пакутаваць на высокі ціск. Яе штодня ванітавала, з носу ішла кроў. А ёй нават прылегчы на шконку на пяць хвілін не дазвалялі. Аднойчы ёй зрабілася так блага, што ўсё ж выклікалі «хуткую». Лекары настойвалі на шпіталізацыі. Службоўцы Аню не аддалі. Маўляў, самі яе тут палечым.
— Ничего с ней не станет, не умрет, — засмяяўся мне ў твар карпусны па мянушцы Саша-балкон.
Калі мне стала кепска ў судзе Ленінскага раёна Мінска (судзілі тады па першай крымінальнай справе) і службоўцы ўбачылі, што ўвесь «стакан» заліты крывёю, выклікалі «хуткую дапамогу». Медыкі зрабілі кроваспыняльныя ўколы і настойвалі на экстраннай шпіталізацыі. Службоўцы з рогатам адмовілі:
— Не сдохнет. В СИЗО ее полечат.
Калі хто ў калоніі і быў надта заклапочаны медычнымі пытаннямі, дык гэта начальнік рэжымнага аддзела Андрэй Сіўцоў. Ён рэгулярна пагражаў палітвязням, што калі не зробяць прышчэпкі ад каронавіруса, гэта будзе лічыцца парушэннем і ён на адмоўнікаў складзе рапарты і арганізуе камісію па пакаранні.
Быў выпадак, калі Таццяна Канеўская прасіла медыкаў, каб аддалі ёй акуляры. Я ў той момант знаходзілася ў суседняй камеры штрафнога ізалятара і чула гэтыя размовы.
— Бумагу будете подписывать? — гаркнуў на Канеўскую начальнік калоніі Талсцянкоў падчас чарговай камісіі па пакаранні. — Вы признаете вину?
— Як можна прызнаць тое, чаго не было? І ўвогуле як я магу штосьці прачытаць у гэтых паперах, калі нічога не бачу без акуляраў? Яны ж, акуляры, пластыкавыя, чаму мне іх не аддаюць? — запыталася Таццяна.
— Все вопросы к врачам, это они решают, — адрэзаў Талсцянкоў.
Урачы запыт палітзняволенай праігнаравалі. Зрабілі выгляд, што «я не я і хата не мая». І так сябе людзі ў белых халатах паводзілі ў большасці выпадкаў.
Колішні кіраўнік медсанчасткі Андрэй Куратнікаў на камісіях па пакаранні заўсёды даваў заключэнне, што палітвязня па стане здароўя можна пасылаць у ШІЗА.
Тое ж самае рабілі і наступная кіраўніца санчасткі ПК-4 Сілкіна, і іншыя медыкі.
Страшна, калі людзі, якія мусяць лячыць, свядома робяць адваротнае: выракаюць на хваробы і пакуты.

«Наказание для врагов народа»

— Давай, зашивай, чего кривишь морду? — у твар палітзняволенай паляцела брудная прасціна.
Шпурнула яе звычайная асуджаная 9-га прэс-атрада (так на турэмным слэнгу называюць атрады, дзе адмыслова ствараюцца асабліва цяжкія ўмовы для палітвязняў).
За некалькі хвілін да гэтага начальніца атрада Ангеліна Максімчыкава зрабіла абыход секцый (пакояў, дзе жывуць асуджаныя) і была незадаволеная тым, што ўбачыла багата рванай бялізны.
А зашивать все это будет десятая категория профучета, — з асалодай прамовіла Максімчыкава.
«Дзясятая катэгорыя» — гэта палітвязні. Расшыфроўваецца як «схільныя да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці». Славутыя жоўтыя біркі.


Хто-кольвек з асуджаных па побытавых артыкулах падхапіў здзеклівую прапанову начальніцы і панёс палітвязням сваю брудную ва ўсіх сэнсах бялізну. Некаторыя пры гэтым шпурлялі прасціны і навалачкі ім у твар.
Калі мы сустрэліся раніцай на фабрыцы, палітзняволеныя распавялі пра гэты выпадак. Мяне ўзяла злосць:
— Ну колькі можна ўжо здзекавацца? Сёння прасціны, а заўтра прапаршчыкі скажуць, каб ім шкарпэткі зашывалі?
Я разумела, што замоўчваць, праглынаць гэты здзек нельга.
— Воля, ну супакойся, не бяры да галавы. Ісус жа таксама мыў ногі хворым людзям. Яны ж такім чынам не нас, а сябе прыніжаюць, — супакойвалі мяне дзяўчаты.
Зручны момант, каб узняць гэтую тэму, узнік сам па сабе і неўзабаве: мяне выклікаў на размову начальнік калоніі.
«Людзі сядзяць спакойна, выконваюць усе вашы бязглуздыя правілы, а ім яшчэ прасціны ў твар шпурляюць. Гэта перабор», — сказала я тады Талсцянкову.
Той нахмурыўся, вымавіў са злосцю:
— Ты знаешь, кто сидит в девятом отряде? Сапега. И пока она там сидит, отряд будет мучиться. Чего ты их жалеешь? Пусть зашивают. Ты же в третьем отряде, тебя же не заставляют ничего такого делать. Так чего лезешь в девятый отряд?
— Таму што не магу змаўчаць і не заступіцца за сваіх людзей.
Праз некалькі дзён супраць мяне была зладжана правакацыя з удзелам рэжымнага супрацоўніка Проніна. Ён склаў на мяне рапарт за нібыта адчужэнне-прысваенне, і я пайшла на камісію па пакаранні.
Такім чынам Талсцянкоў вырашыў мяне «поставить на место». Каб занадта не лезла, куды не трэба. Каб не заступалася за іншых.
Сапраўдны афіцэрскі ўчынак. Недарэмна Дзяніс Анатольевіч носіць пагоны падпалкоўніка.

Размова з сяброўкай на далікатныя тэмы

— Не ведаю, як жыць далей. Пачалося нетрыманне мачы па начах. Але мяне больш нават не гэта непакоіць. Баюся, што я буду спаць і не заўважу, як мача раптам пацячэ на галаву суседкі, што на ніжняй шконцы, — падзялілася нейк са мной на фабрыцы сваімі перажываннямі палітзняволеная сяброўка.
У жанчыны пацяклі слёзы. Рукі дрыжэлі. Я прытуліла яе да сябе і моцна абняла.
— Нічога страшнага, нават калі так і адбудзецца. Не думай пра гэта і не накручвай сябе. Хутка ўсё скончыцца, трэба трымацца, — сказала я ёй.
Я дакладна ведала, што ў гэтай сітуацыі перажывала сяброўка, бо і сама прайшла праз такое.
Адбылося гэта на Валадарцы. Я прыехала туды ўжо па другой крымінальнай справе. Да гэтага давялося амаль пяць месяцаў адседзець у ШІЗА і ПКТ у гомельскай калоніі. Праз пастаянныя стрэс і пераахалоджанне пачалося нетрыманне мачы.
Гэта вельмі балючыя, сарамлівыя адчуванні, калі ты, дарослы чалавек, прачынаешся ўвесь мокры і разумееш, што адбылося.
Іншыя палітвязні таксама дзяліліся, што праходзілі праз падобнае. У момант расповеду, які даваўся людзям вельмі цяжка, у іх вачах стаялі слёзы.
— А я, калі знаходзілася ў жодзінскім СІЗА, думала пра самагубства. Мне тады іншую частку артыкула шылі — я зразумела, што накруцяць такі тэрмін, што я не вытрымаю. Шукала, на чым павесіцца. Думала: мо на станіку. Не ведаю, што мяне спыніла, — апавядала іншая палітзняволеная.
— Мой мозг адмаўляецца прымаць гэтую рэчаіснасць, гэта ўсё так жахліва, ненатуральна, — далучылася да размовы яшчэ адна палітзняволеная. Яна прыехала ў гомельскую калонію нядаўна, і «адаптацыя на новым месцы» давалася ёй вельмі цяжка. Яна ўвесь час плакала.
— Пайду да псіхіятра, выпішу якія лекі. Бо ні спаць не магу, ні есці. Я ўвогуле не магу тут ва ўсіх сэнсах, — сказала жанчына.
За час знаходжання за кратамі я сустрэла вельмі шмат палітвязняў. Памятаю кожнага. Як і ўсе нашы размовы. Кожны позірк, кожную фразу. А таксама свае адчуванні, што ўзнікалі і тады, і цяпер: невыносны боль за людзей. Я жахнулася, калі асэнсавала сапраўдны маштаб рэпрэсій, калі ўбачыла такую колькасць знясіленых людзей, калі адчула ўсю глыбіню драмы чалавека, які трапляе ў лукашэнкаўскія засценкі.
Страшна бачыць, ведаць, назіраць за тым, як там здзекуюцца з людзей, да чаго іх даводзяць, якія пякельныя ўмовы ствараюць, як штодня катуюць.
Дасюль усё гэта стаіць перад вачыма.
Як і сумныя ўсмешкі і вільготныя вочы нашых жанчын, іх шэпт «Бывай, да хуткай сустрэчы! Жыве Беларусь!» напярэдадні майго вызвалення.

«Хочешь сказать, что вы не будете нас вешать на березах?»

— Вы же это будете делать, когда к власти придете. Ваш Тихановский так и сказал. Нет, что ли? А вы хоть раз задумывались, что вы будете со всеми нами делать? Куда денете нас, чиновников? — задаў мне неяк пытанне дзяжурны памочнік начальніка калоніі Аляксей Янчанка.
— Ніхто вас не будзе вешаць. Не прыдумляйце абы-чаго, — адказваю маёру. — Папросту не пэцкайцеся ў рэпрэсіях, не прэсуйце палітвязняў, і няма вам чаго баяцца. А як нам пасля ўсяго склеіць наша грамадства — гэта пытанне насамрэч балючае і актуальнае. Тут ёсць над чым задумацца.
— Вот скажи мне, Класковская, чем кал барана отличается от кала коровы и почему он разный? — задаволена ўсміхнуўся начальнік рэжымнага аддзела Сіўцоў. Размова адбывалася за некалькі дзён да майго вызвалення.
«Ай, не дуры ты мне галавы, геній сатыры», — падумала сама сабе.
— Не ведаю, грамадзянін начальнік, — прамовіла ў адказ. — Калі шчыра, ніколі пра гэта не задумвалася нават, бо мне гэта не цікава.
— Вот видишь, Класковская, в дерьме не разбираешься, а в политику полезла, — твар Сіўцова свяціўся ад удалага, як яму здавалася, жарту.
— Ну хоть какие-то выводы сделала из нахождения здесь? Не зря сидела? — працягнуў маёр.
— Так. Гомель — не мой горад, — патроліла я.
А сама згадала эпізод, калі, знаходзячыся ў ПКТ, сказала Сіўцову, што ён не мужчына. Так атрымалася, што ў той жа дзень тое ж самае яму кінула ў твар і Наташа Хершэ.
— Да мне фиолетово, как ты меня называешь! — сарваўся тады ён.
Гэтым разам я вырашыла не злаваць Сіўцова:
— Ну я пайду, грамадзянін начальнік?
— Ну иди. И не лезь больше в политику, в которой ничего не понимаешь, — кінуў на развітанне рэжымнік.
Уяўляеце, яны яшчэ хочуць зарысавацца і палітыкамі, і маралістамі, і гумарыстамі. Не ўсведамляючы, якімі абмежаванымі, маргінальнымі персанажамі выглядалі б у нармальным, свабодным грамадстве, а не ў той сістэме, што развязала ім рукі для здзекаў, дала выхад найгоршым якасцям.
Працяг будзе