У палітзняволенай Таццяны Канеўскай значна пагоршылася здароўе. Яна 20 дзён правяла ў ШІЗА
55-гадовую палітзняволеную Таццяну Канеўскую на дваццаць дзён змясьцілі ў ШІЗА гомельскай калоніі з невядомай прычыны. У яе значна пагоршыўся стан здароўя, піша «Свабода».
У лісце на волю Таццяна піша спачатку з гумарам: «Была ў
штрафным ізалятары, трапілася гарачая пуцёўка. Спачатку на 10 дзён, потым
вырашылі падоўжыць кантракт:). Прычына — пры сустрэчы. У прынцыпе, мне і рабіць
нічога ня трэба было — усё самі :)».
Цяпер яна праходзіць лячэнне, бо «застудзіла суставы, ды і
хрыбет даецца ў знакі». «Прышчэпкі я пакуль не рабіла, бо ў мяне няма сіл
змагацца нават са звычайнай прастудай: слабы імунітэт, я моцна схуднела і
слабасць маю», — піша Таццяна.
У ШІЗА ёй паведамілі, што яна мае статус «злосніка»
(злоснага парушальніка), гэта мае негатыўныя наступствы: Таццяну
абмежавалі ў грашах на «атаварку», і «плюшкі, якія будуць раздаваць, мяне не будуць тычыцца», піша яна. Дадаткова жанчыну пазбавілі доўгатэрміновага
спаткання.
«Праца мне не падабаецца, але адмова — гэта адразу ШІЗА.
Таму не хачу нікому даваць нагоды — хаджу на працу, шыю. Калектыў у нас жаночы,
дружны, шмат розных людзей, ёсць, вядома, і нармальныя», — зазначае асуджаная.
Інфармацыю яна атрымлівае з беларускай тэлевізіі. «Але я
ўмею бачыць і чуць праўду. І яна страшная», — напісала Таццяна.
Таццяна Канеўская — адна з лідарак кампаніі «Маці 328», якая
змагалася супраць працяглых тэрмінаў для затрыманых паводле наркатычных
артыкулаў. У 2020 годзе была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. 8 жніўня
2020 году, напярэдадні выбараў, яе затрымала міліцыя. З тае пары жанчына ў вязніцы.
Увесну 2021 году суд пакараў Таццяну 6 гадамі пазбаўлення волі за «масавыя
беспарадкі».
Таццяна мае чатырох сыноў. Малодшаму Георгію — 14 гадоў.
Увесну 2021 году сям’ю напаткала яшчэ адна бяда — Дзмітрыя Канеўскага, сына
палітзняволенай, пасадзілі на 3 гады за негатыўны допіс пра міліцыю ў
Telegram.
Цяпер другі сын Канеўскай, Аляксей, адбывае 30-дзённы арышт. Яго затрымалі за маску «Честные люди», абвінавацілі ў «правядзенні несанкцыянаванага пікету» і далі 15 сутак. Але пасля адбытага тэрміну Аляксей не выйшаў на волю. Родныя даведаліся, што ён атрымаў яшчэ 15 сутак з невядомай прычыны.