Лабарантцы «Гродна Азоту» прысудзілі «хатнюю хімію» за счэпку на «Маршы адзінства»
Жыхароў Гродна працягваюць судзіць за ўдзел у «Маршы адзінства», які адбыўся ў горадзе летась 6 верасня. Праз год, 6 верасня 2021-га, у Гродне адбыліся дзясяткі затрыманняў удзельнікаў таго марша. І цяпер суды адзін за адным выносяць абвінаваўчыя прысуды ў дачыненні да гэтых людзей, піша «Вясна».
26 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Гродна разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 35-гадовай лабаранткі хімічнага аналізу прадпрыемства «Гродна Азот» Вольгі Белазёравай. Справу разглядала суддзя Вольга Бекушава, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Вераніка Ульянава.
Вольга Белазёрава працуе на «Гродна Азоце» з 2006
года. Начальнік лабараторыі, у якой працуе жанчына, у характарыстыцы адзначыў,
што яна «зарэкамендавала сябе высокакваліфікаваным граматным спецыялістам,
з'яўляецца адным з найдасведчаных інструктараў вытворчага навучання, можа ў
самы кароткі тэрмін навучыць ізноў прынятага лабаранта выкананню лабараторных
аналізаў». Жанчына выхоўвае пяцігадовую дачку.
Паводле абвінавачвання, Вольга Белазёрава ўдзельнічала ў
счэпцы грамадзян на «Маршы адзінства» ў Гродне 6 верасня мінулага
года ў 13:20 каля дома № 10 па вуліцы Гарнавых. «Натхняючы сваімі
паводзінамі навакольных з мэтай падахвочвання ў іх пачуцця неабходнасці ўдзелу
ў паказаным несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — мітынгу, правядзенне якога
замахвалася на грамадскі спакой, парушала ўмовы адпачынку і побыту грамадзян,
дэманстравала свой намер аказаць відавочнае непадпарадкаванне».
Абвінавачваная прызнала віну ў поўным аб'ёме, пры гэтым
адзначыўшы, што не згодная з тым, што яна нібыта загадзя ведала пра тое
мерапрыемства і дзейнічала паводле папярэдняй змовы, паколькі з ейнага боку
дзеянні былі спантаннымі. З 6 па 10 верасня гэтага года яе затрымлівалі па
крымінальнай справе і змяшчалі ў ІЧУ. Адказваючы на пытанні дзяржаўнага
абвінаваўцы, Вольга Белазёрава растлумачыла, што ў той дзень адправілася ў
кнігарню набыць дачцэ інтэрактыўны глобус. Выходзячы з крамы, накіравалася ў
бок прыпынку, дзе і далучылася да натоўпу грамадзян, пасля чаго пайшла ў бок
вуліцы Савецкай і старога моста, — растлумачыла жанчына.
Сведкі-міліцыянты Валянцін Сташэўскі, Мікалай Задорын, Ала Сафонава і Сяргей Цімафееў на пасяджэнне не з'явіліся. У дачыненні да іх былі прынятыя меры бяспекі ў выглядзе невыдавання звестак аб іх асобах. Дзяржабвінаваўца падала суду дакумент, у адпаведнасці з якім сведкі знаходзяцца за межамі горада і занятыя аховай грамадскага правапарадку ў ТЛЦ «Брузгі».
Як высветлілася падчас абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў, у справе «знаходзяцца копіі прысудаў суда, якія ўжо вынесеныя ў дачыненні да асобаў, што ўдзельнічалі 6 верасня 2020 года ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».
Падчас вывучэння відэазапісу затрыманняў на маршы
дзяржабвінаваўца сказала, што на заплечніку Вольгі Белазёравай была
бел-чырвона-белая стужка: «Адкуль бчб-стужачка ўзялася на заплечніку?
Загадзя ведалі пра правядзенне мерапрыемства? Да гэтага насілі стужкі на сваім
заплечніку?». На што абвінавачаная адказала, што не насіла на заплечніку
бчб-стужку. Аднак Вераніка Ульянава працягнула: «Калі вы насілі яе да
гэтага, гэта адно, але калі вы наўмысна яе змясцілі дзеля ўдзелу ў маршы — гэта
іншае!».
Падчас судовых спрэчак дзяржаўная абвінаваўца адзначыла, што
па гэтай справе змякчальнымі акалічнасцямі з'яўляюцца чыстасардэчнае раскаянне
і наяўнасць у Вольгі Белазёравай малой дачкі. Прадстаўніца пракуратуры
прапанавала прыбраць з абвінавачвання ўказанне на дзеянні абвінавачанай паводле
папярэдняй змовы, паколькі падчас судовага следства гэта не было выяўлена.
Вераніка Ульянава прапанавала суду прызнаць жанчыну вінаватай і прызначыць ёй
пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову
адкрытага тыпу тэрмінам на два гады («хатняя хімія»).
29 лістапада суддзя Вольга Бекушава вынесла прысуд і прызначыла пакаранне на паўгода меншае за тое, што прасіла дзяржабвінаваўца ў судовых спрэчках: паўтара года «хатняй хіміі».