Новая хваля рэпрэсій? На гэты раз — у музейнай сферы
Як стала вядома Reform.by, нароўні са звальненнямі ў тэатры і філармоніі пад моцную зачыстку ў культуры зараз трапляе музейная сфера.
Так, згодна з крыніцамі партала, у Нацыянальным гістарычным музеі плануецца «звольніць» больш за чытыры дзясяткі чалавек. (Да ўвагі бяруцца і філіялы музея, якіх, нагадаем, налічваецца пяць). Гэта 25% штату.
Вялікія «звальненні» па пагадненні бакоў ідуць і ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, пра што пацвердзілі супрацоўнікі ўстановы.
Удакладнім, што працэдура «звальнення» большасцю выпадкаў праходзіць як звычайнае непрацягненне кантрактаў. Такім чынам, масавы «сыход» супрацоўнікаў «расцягваецца» на вялікі тэрмін і «чыстка шэрагаў» адбываецца не ў адзін момант.
Вялікім штуршком да рэпрэсій па палітычных матывах у музейнай галіне, паводле меркавання многіх музейшчыкаў, стаў тэкст Андрэя Мукавозчыка «Находить и выкорчевывать невероятных — дело всего общества», які быў апублікавыны ў Sb.by за 17 лістапада. У ім аўтар пайменна называе тых супрацоўнікаў музеяў, якіх на яго думку, трэба «выкорчевывать» за іх погляды — калі больш дэтальна — за бела-чырвона-белыя сцягі, сэрцайкі і свечкі смутку на аватарках у сацсетках.
Публікацыя выклікала розгалас у дзяржаўных колах: ведамства культуры і Мінгарвыканкам сабралі тэрміновыя нарады, працягам якіх стала новая хваля рэпрэсій і «закручвання гаек» у культурных установах.
Аднак таксама нароўні з гэтай версіяй існуе і другі погляд на падзеі. Як у выпадку са скандалам вакол спектакля «Ціль», некаторыя музейшчыкі лічаць, што артыкул у Sb.by толькі падліў алею ў агонь, — толькі паскорыў «чыстку шэрагаў», якая адбывалася проста ў больш павольным тэмпе.
Калі ўлічыць, што ў дзяржаўныя ўстановы культуры штогод прыходзіць ліст аб патрабаванні аптымізацыі калектываў, то тут для чыноўнікаў праглядаецца двайная выгода з сітуацыі: з аднога боку, можна пацвердзіць лічбы па аптымізацыі, тое, што яна ідзе, з іншага — адным махам убраць з пасад непажаданых.
Плюс да ўсяго, зараз ускладняецца «парог уваходу» ў дзяржаўныя ўстановы: ад суіскальнікаў на вакансіі ў дзяржструктуры патрабуюцца ўжо не толькі (і не столькі) профільная адукцыя і адпаведны досвед, а станоўчая характарыстыка з мінулага месца працы і пацвярджэнне тваёй дабрадзейнасці ад органаў міліцыі і Міністэрства культуры.
Для многіх адмыслоўцаў падобнае «звальненне» па палітычных матывах можа стаць забаронай на прафесію ў Беларусі.
Якім чынам падобныя захады адаб’юцца на культурнай сферы, што трымаецца ў асноўным за кошт тых самых кадраў? Гэта пытанне, якое, як бачым, да ўвагі не бярэцца.