Кожны трынаццаты палітвязень у Беларусі – мастак, паэт, празаік, музыка, журналіст…
Ціск на палітвязняў — дзеячаў культуры цяпер толькі падвышаецца, А ў спісе «экстрэмістаў» — ужо 127 чалавек з культурнай сферы, распавяла кіраўніца Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.
З кастрычніка 2019 года Беларускі ПЭН сістэматычна збірае факты парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Апошні дакумент аналізуе падзеі са студзеня па вясну 2023 года.
Падсумаваць вынікі на старонках «СНплюс» папрасіла кіраўніцу арганізацыі Таццяну Нядбай.
— Найперш варта адзначыць, што статыстыка, факты сабраны з адкрытых крыніц і ў непасрэднай камунікацыі з тымі, да каго ці за кім «прыйшлі». Таму дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не ўказваем прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі ў дачыненні да іх уведзены абмежаванні.
Што яшчэ важна разумець? Праз замоўчванне фактаў рэпрэсій самімі пацярпелымі і закрытасць інфармацыі з боку дзяржструктур нашыя звесткі не з’яўляюцца поўнымі з гледзішча маштабу рэпрэсій, якія адбываюцца ў Беларусі.
Так, вядома, што ў лютым-сакавіку былі прызначаны суды над мастаком-ілюстратарам Вадзімам Багрыем, мастаком і мультыплікатарам Іванам Вярбіцкім — але больш мы нічога не ведаем пра лёс гэтых людзей. Хто ведае — падкажыце.
— То-бок добрага мала — гэта бачна і без акуляраў нават не спецыялісту, але насамрэч рэальная карціна яшчэ горшая?
— Так.
— За першы квартал вы зафіксавалі 459 выпадкаў парушэнняў правоў дзеячаў культуры. Ці азначае гэта, што пад рэпрэсіі патрапіла тоесная ж колькасць асоб?
— Мы адсочваем лёс не толькі канкрэтных персаналій, але і арганізацый. Па-другое, падчас асобных здарэнняў сілавікі і чыноўнікі пераходзяць адразу некалькі «чырвоных ліній», бо, як было агучана на самым версе, «иногда не до законов»… Дазвол атрыманы, вось і «шчыруюць». У выніку за першыя тры месяцы гэтага года закранулі правы не менш чым 229 дзеячаў культуры і 72 арганізацый ды супольнасцяў сферы культуры.
— А колькі людзей праз тыя надуманыя «парушэнні» апынуліся за кратамі?
— У калоніях, турмах, следчых ізалятарах або ва ўстановах адкрытага тыпу знаходзяцца 115 палітвязняў — дзеячаў культуры. Уявіце: кожны трынаццаты з прызнаных у Беларусі палітвязнямі — мастак, паэт, празаік, музыка, журналіст… А ўсяго іх у зняволенні або ва ўмовах абмежавання волі — на «хатняй хіміі» — мінімум 137.
— Гэта з улікам пакаранняў, вынесеных летась і ўлучна з 2020 годам. Колькі асуджаны і прыгавораны сёлета?
— Не менш чым 28 чалавек.
У тым ліку ажыццявіўся першы прысуд у рамках спецыяльнага вядзення — завочнага суда ў дачыненні да Паўла Латушкі: ён асуджаны на 18 гадоў калоніі.
— «Навацыя»… А якія судовыя тэндэнцыі варта адзначыць яшчэ?
— Найперш хачу сказаць пра вялізныя тэрміны прысудаў: праваабаронца, літаратар, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і публіцыстка, палітолаг Валерыя Касцюгова асуджаныя на 10 гадоў зняволення, музыка Яўген Глушкоў — на 9; культуролаг, архівіст, актывіст незалежнага прафсаюза «РЭП» Вацлаў Арэшка і журналіст, эсэіст, сябра Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут атрымалі па 8 гадоў калоніі.
— Колькі людзей культуры зведалі зняволенне пасля апошняй выбарчай кампаніі?
— Усяго з лістапада 2020-га не менш чым 193.
— Такім чынам, ціск не слабее?
— Можна казаць пра яго падвышэнне ў самых розных формах. Вось дзе напоўніцу праяўляецца «крэатыў» рэжыму…
— Можаце патлумачыць?
— Напрыклад, асобна варта адзначыць рост колькасці паўторна прыцягнутых да крымінальнай адказнасці. Здавалася б, навесілі на чалавека ярлык злачынцы, пакаралі ні за што, паламалі здароўе, запужалі сваякоў і знаёмцаў, калегаў — можна і супакоіцца, пакінуць у спакоі… Але не — выдумляюць, выкалупваюць, фальсіфікуюць новыя нібыта правіны і — новае кола пакутаў асобных людзей. Новы віток запалохвання грамадства.
Паралельна становіцца ўсё больш жорсткім рэжым утрымання і завядзення новых крымінальных спраў паводле артыкула 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).
Мы фіксуем таксама адвольныя затрыманні — пад іх патрапілі 56 нашых калегаў. Шлейф наступстваў гэтага — адміністрацыйныя арышты і штрафы для прынамсі 32 чалавек, а ў дачыненні да не менш чым 12 асобаў былі ў выніку заведзены крымінальныя справы.
Калі гаварыць пра негатыўныя тэндэнцыі, нельга не акцэнтаваць грамадскую ўвагу і на ўзмацненні практыкі залічэння пісьменнікаў, музыкаў, мастакоў у «экстрэмісты».
— Інфармацыя пра гэта рэгулярна з’яўляецца ў незалежных СМІ, выціснутых за мяжу. Новых імёнаў ды й твораў столькі, што нават журналісты, не кажучы пра чытачоў, не ў стане ацаніць маштаб такой практыкі? Можаце дапамагчы з яе абагульненнем?
— Тое, пра што вы кажаце, — таксама новыя тэндэнцыі: імёны 23 дзеячаў культуры МУС ўнесла ў «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Усяго ў ім ужо 127 чалавек з культурнай сферы.
Сталася нечаканасцю за ўвесь перыяд маніторынгу і залічэнне нашых калег у «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» як «удзельнікаў» гэтых «фарміраванняў».
У «Пераліку арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», якім займаецца Камітэт дзяржаўнай бяспекі, ужо 20 дзеячаў культуры: у 2023 годзе ў спіс унесены Аляксандр Францкевіч, аўтар турэмнай літаратуры і анархіст, і Вадзім Васільеў, мастак па святле.
— А што азначае траплянне ў гэтыя чорныя спісы?
— Тое цягне за сабой яшчэ большае абмежаванне ў правах як на тэрмін судзімасці, так і пасля яго.
— Да ўсяго мы назіраем зараз і папаўненне спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў»?
— Міністэрства інфармацыі ўнесла ў яго за акрэслены час яшчэ 44 пазіцыі: гэта 15 кніг (усяго там ужо 26) — мастацкіх, на гістарычную тэматыку або навуковых матэрыялаў; 9 нумароў часопіса «Наша гісторыя» і 3 нумары «ARCHE» за 2018—2020 гады; 2 музычныя кліпы — «Экстремист» (2023) гурта «Дай Дарогу!» і «Чэрці» гурта «Sumarok»; 2 старонкі «УКантакце» — прысвечаная беларускаму неафолк-гурту «Крывакрыж» і прасоўванню беларускага ігравога фільма «Жыве Беларусь! || Viva Belarus!», а таксама іншыя матэрыялы.