Хронікі рэпрэсій. У смерці палітвязня Мікалая Клімовіча «ніхто не вінаваты»
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 1 чэрвеня.

Суд у Баранавічах агучыў прысуд былому байкеру і актывісту Ігару Шумілаву — 4,5 года зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. Палітвязня прызналі вінаватым
паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса за чатыры малюнкі ў «Аднакласніках».
Суддзя Мікалай Кміта разглядзеў справу за адну гадзіну.
Паводле следства, Шумілаў апублікаваў чатыры пасты ў «Аднакласніках» з сатырычнымі малюнкамі, у якіх следства разгледзела «абразу Лукашэнкі» і «прадстаўнікоў улады», а таксама «паклёп на Лукашэнку».
Ігар мае інваліднасць трэцяй групы — 10 гадоў таму ён трапіў у ДТЗ і згубіў нагу, а таксама праз гэта мае сур'ёзную праблему з правай рукой. У мужчыны ёсць 11-гадовы сын.

У судзе
Цэнтральнага раёна Мінска асудзілі Яну Цэглу паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны
ўдзел у іх). Суддзя Дзмітрый Карсюк прызначыў Яне два гады абмежавання волі без
накіранвання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Яна — пісьменніца, аўтарка казак. Скончыла гістарычны факультэт БДУ. Вучылася ў літаратурнай школе Адама Глобуса. Апошні год дзяўчына працавала журналісткай ў ЛіМе (Літаратура і мастацтва). Яна заснавала часопіс маладога беларускага мастацтва «Маскарад».

У Мінску затрыманы рыма-каталіцкі семінарыст Уладзіслаў Беладзед. Ён быў дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёна. Пасля яго змясцілі на Акрэсціна. У чым абвінавачваюць мужчыну, невядома.
Уладзіслаў — выпускнік Інстытута тэалогіі БДУ, пасля заканчэння якога паступіў у рыма-каталіцкую семінарыю і праходзіў практыку ў Мінскім Архікафедральным саборы.

У Магілёве затрымалі траіх мужчын. Адзін з іх — 53-гадовы прадпрымальнік Уладзімір Тычынскі. Родам ён з Аршанскага раёна, але доўгі час жыве ў Магілёве. Мужчына мае ўласны бізнес па вытворчасці ўваходных дзвярэй, а таксама фірму ў Расіі, якая іх прадае. Уладзіміра абвінавацілі ў захоўванні дома ўкраінскай сімволікі. Які артыкул гэта забараняе, незразумела.
З Уладзімірам затрымалі дваіх мужчын, якіх называюць «групай падтрымкі Украіны». За што іх затрымалі, увогуле неясна.

Завяршылася праверка па факце смерці пінскага блогера Мікалая Клімовіча, які памёр ў калоніі. Сваякам палітвязня паведамілі, што праверка па факце яго смерці адбылася 6 траўня ў віцебскай калоніі №3. Як і варта было чакаць, вінаватых у смерці мужчыны не выяўлена.
«Праверка праводзіцца заўсёды па любым факце смерці, незалежна ад прычын смерці. Але як правіла, яна праводзіцца вельмі фармальна. Вусна было сказана пра тое, што вінаватых асобаў не выяўлена, і прычына — ягоны стан здароўя. Калі сыходзіць з медыцынскай дакументацыі, то гэта прамы вынік яго агульнага стану здароўя».
Мікалай моцна хварэў на сэрца, меў інваліднасць. У судзе ён сказаў, што не вытрымае зняволення і неўзабаве памрэ, тым не менш яму прысудзілі адзін год калоніі за «абразу Лукашэнкі» за пастаўлены ў сацсетках лайк.

У Оршы на 10 сутак арыштаваны мясцовы жыхар Алег Масальскі. Яго асудзілі за нібыта праведзены пікет — дакладней, за выкрыкванне лозунгаў «Жыве Беларусь» і «Слава Украіне».
У судовым паседжанні Масальскі растлумачыў, што днём 7 траўня ўжываў спіртныя напоі. Затым накіраваўся на прыпынак, дзе сустрэў раней незнаёмага мужчыну ў ваеннай форме. Алег вырашыў праверыць якое стаўленне мае вайсковец да падзей у Беларусі і Украіне, стаў выкрыкваць адпаведныя лозунгі.
Сведка з ліку вайскоўцаў пацвердзіў, што Масальскі знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, стаў да яго чапляцца, пры гэтым пачаў гучна выкрыкваць «апазіцыйныя лозунгі». Па дадзеным факце ён патэлефанаваў у міліцыю.
Былы палітвязень
Міхаіл Прач з'ехаў з
Беларусі і цяпер знаходзіцца ў бяспецы. Міхаіл быў
асуджаны на 1,5 года «хіміі» паводле арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і
псаванне маёмасці) і арт. 391 КК (абраза суддзі).
Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што ён намаляваў 13 чырвоных трохкутнікаў з беларускім арнаментам на прыпынку грамадскага транспарту, а таксама ў тым, што ён напісаў на плоце дома суддзі Чэрвеньскага раёна Інэсы Раеўскай слова «продажная».
1 красавіка Міхаіл выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.