Алену Анісім судзілі за дробнае хуліганства
Былая дэпутатка Алена Анісім адбыла 12 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачанні ў дробным хуліганстве. Цяпер яна на волі.

Былую дэпутатку Палаты прадстаўнікоў і кіраўніцу Таварыства беларускай мовы затрымалі 17 траўня на працоўным месцы. З таго моманту ніякіх звестак пра яе месцазнаходжанне не было. 1 чэрвеня праваабаронца Таццяна Равяка паведаміла «Св*бодзе», што Алену Анісім арыштоўвалі на 12 сутак.
«Тым, хто перажываў, хваляваўся за Алену Анісім і цікавіцца яе лёсам — спадарыня Алена ўжо на волі, адбыла 12 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачанні ў дробным хуліганстве (крычала, размахвала рукамі, паводзіла сябе агрэсіўна, на просьбы супакоіцца не рэагавала — усё гэта паважаная навукоўца здзейсніла ў РУУС Першамайскага раёна Мінска). Зараз Алена з’ехала за горад, падлечваецца», — напісала Таццяна Равяка. У каментары «Св*бодзе» яна паведаміла, што іншыя падрабязнасці справы Анісім пакуль невядомы.
Нагадаем, 17 траўня «Еўр*радыё» са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла аб затрыманні былой дэпутаткі і старшыні Таварыства беларускай мовы Алены Анісім. Аднак афіцыйна гэту нфармацыю нідзе не пацвярджалі.
22 траўня ў адміністрацыі Інстытута мовазнаўства адказалі, што на працы яе няма. Інфармацыі пра лёс супрацоўніцы там не мелі.

- Алена Анісім — беларуская мовазнаўца, былая старшыня ліквідаванага ўладамі ў 2021 годзе Таварыства беларускай мовы.
- У 2016 годзе Алена Анісім была абрана дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У якасці дэпутаткі яна стала сябрам Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы.
- На наступных парламенцкіх выбарах у 2019 годзе Алену Анісім і Ганну Канапацкую нават не зарэгістравалі кандыдаткамі ў дэпутаты.
- Анісім адной з першых заявіла пра свой намер балаціравацца на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ад патрыятычных сіл, але пазней сказала, што не будзе ўдзельнічаць у выбарах, калі ў іх возьме ўдзел кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.