Палітзняволеная Аксана Зарэцкая была ў коме
Пасля абвяшчэння прысуду Аксана Зарэцкая была шпіталізавана і як мінімум тры дні правяла ў коме. З лякарні яе пазней вярнулі на «Валадарку». Прысуд ёй абвясцілі 14 сакавіка.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, трэнерка па этыкеце пасля абвяшчэння прысуду адчула сябе дрэнна, яе шпіталізавалі. Як мінімум тры дні жанчына правяла ў коме, а праз нейкі час яе вярнулі на «Валадарку».
Лекары СІЗА не аказвалі належнай медычнай дапамогі Аксане Зарэцкай, нават не прымалі валяр'янку для яе ў перадачах ад родных.
Аксану затрымалі ў канцы снежня мінулага года. Яе судзілі разам з палітзняволеным заснавальнікам кампаніі «Astronim» Багданам Караўцом. Судовы працэс распачаўся 10 сакавіка 2023 года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска.
14 сакавіка суддзя Кацярына Мурашка прысудзіла ёй 1,5 года калоніі па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Багдана Караўца асудзілі на два гады.
У траўні яе этапавалі ў гомельскую ПК-4.

Аксана Зарэцкая — трэнерка па этыкеце і бізнес-камунікацыях, магістарка педагогікі, была сябрам асноўнага складу Каардынацыйнай Рады.
Але яшчэ да арышту сілавікі, у траўні 2021 года, правялі вобшук, а пасля праводзілі «гутарку», якую назвалі «папярэджаннем». Аксану Зарэцкую таксама затрымлівалі і ў чэрвені 2021-га падчас прэм'еры пастаноўкі «Белы трусік, чырвоны трусік». З ператрусам прыходзілі да яе і 21 кастрычніка 2021 года, аднак тады не арыштоўвалі.