Стала вядома, за што затрымалі культуролага Аксану Зарэцкую
Экспертка па этыкеце Аксана Зарэцкая затрымана па «народным» артыкуле, пра гэта стала вядома праваабаронцам.

Цяпер Аксана Зарэцкая знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага, ёй інкрымінаваны артыкул 342 КК.
Нагадаем, трэнерка па этыкеце і бізнес-камунікацыях, магістарка педагогікі Аксана Зарэцкая была сябрам асноўнага складу Каардынацыйнай Рады.
Паводле папярэдняй інфармацыі, судовы працэс над Зарэцкай адбудзецца ў лютым. Яе будуць судзіць разам з палітзняволеным заснавальнікам кампаніі Astronim і фестывалю маркетынгу і рэкламы «Белы Квадрат» Багданам Караўцом.
Аксану затрымалі ў канцы снежня мінулага года.

Зрэшты, як пісаў НЧ, гэта далёка не першы раз за апошнія два гады, калі Зарэцкай цікавіліся сілавікі. У траўні 2021 супрацоўнікі ГУБАЗіК прыйшлі да яе на кватэру, правялі вобшук, а пасля звезлі яе на гутарку, якую назвалі «папярэджаннем». Аксану Зарэцкую затрымлівалі і ў чэрвені 2021-га падчас прэм'еры пастаноўкі «Белы трусік, чырвоны трусік». З ператрусам прыходзілі да яе і 21 кастрычніка 2021 года, аднак тады не арыштоўвалі.