Аказваецца, музыкаў з гурта Litesound затрымалі разам з бацькамі
У кастрычніку 2022-га затрымалі ўсю сям'ю Каракіных: братоў-музыкаў Дзмітрыя і Уладзіміра, іх маці Вольгу і бацьку Юрыя. Раней паведамлялася толькі пра затрыманне братоў-музыкаў.

На ўсіх чатырох чалавек з сямію Каракіных, як паведамляе BY_c*lture, завялі крымінальныя справы па артыкуле 342 КК "Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Падставай стала знойдзенае сямейнае фота на праезднай частцы падчас аднаго з мірных нядзельных маршаў 2020-га.
У ІЧУ ў Юрыя Каракіна здарыўся інсульт, цяпер ён дома. Астатнія — музыкі Дзмітрый і Уладзімір і іх маці — утрымліваюцца ў СІЗА на Валадарскага.
Над усімі чатырма неўзабаве адбудзецца суд — меркавана, напрыканцы студзеня.

Нагадаем, як пісаў НЧ, пра затрыманне братоў Каракіных праўладныя тэлеграм-каналы напісалі 13 кастрычніка. Паводле іх, музыкі «ўдзельнічалі ў незаконных маршах з перакрыццем дарог, заклікалі і агітавалі ў сацыяльных сетках, супрацоўнічалі з экстрэмісцкімі арганізацыямі».
30 ліпеня 2020 года гурт «Litesound» выступіў на ўзгодненым з уладамі мітынгу ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. У кастрычніку таго ж года іх канцэрт у Мінску адмянілі — спаслаліся на прызначанае на той час у зале «ўрадавае мерапрыемства».
У 2012 годзе гурт Litesound выступаў ад Беларусі на музычным конкурсе «Еўрабачанне», дзе дайшоў да другога паўфінала.