Хронікі рэпрэсій за 18 студзеня

Расказваем, як пражыла Беларусь сённяшні дзень.

_julija_juhno___sud___ekanamiczny_sud__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1_logo.jpg


Сёння стала вядома, што 17 студзеня суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў ТГ-канал «Новага Часу» «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У сувязі з гэтым нагадваем нашым чытачам, што падпіска і чытанне канала не пераследуюцца, а вось рэпосты з нашага Тэлеграм-канала раім не рабіць.
Таксама «экстрэмісцкімі» прызналі тэлеграм-чаты «Молодечно. Центральный район», «Молодечно, 11-й микрорайон», «Молодечно, 1-4 районы 97%», «МОЛОДЕЧНО Chat», тэлеграм-канал «by_help Molo», супольнасць у Facebook «BYPOL News», суполку ў Facebook «1Пинск», а таксама 73 тэлеграм-стыкеры з назвай «WotanJugend by @fStikBot».
Людміла Івашына, маці палітзняволенага журналіста і аўтара «Новага Часу» Дзяніса Івашынапаведаміла, што яго этапавалі ў папраўчую калонію №15 горада Магілёва. Пра гэта стала вядома пасля званка начальніку гродзенскай турмы Паўлу Казакову.
Сёння пачаўся суд над затрыманай Дар'яй Лосік, жонкай палітзняволенага Ігара Лосіка. Пракурор запытаў для яе два гады зняволення. Прысуд, верагодней за ўсё, агучаць заўтра. У сваім апошнім слове Дар'я сказала, што гатова панесці пакаранне:

«Калі мяне хочуць пакараць, я прыму гэта з гонарам. Але разам са мной пакаралі маю сям'ю, у тым ліку маю малую дачку.
Так, я не адмаўляю тое, у чым мяне абвінавачваюць. Але прашу зразумець, што апошнія два гады былі вельмі цяжкімі ў маім жыцці. І цяпер мне балюча ўсведамляць, што мая дачка ідзе ў сад або на шпацыр не са мной, дзеліцца сваімі перажываннямі таксама не са мной. Асабіста я ніякай шкоды нікому не нанесла. Вельмі прашу суд улічыць гэты факт пры вынясенні прысуду.
Гатова панесці пакаранне, калі я заслугоўваю яго. Але мне вельмі хацелася б, каб яно не перашкодзіла маёй дачцэ ў бліжэйшы час убачыць мяне і сказаць: "Мама, ты смешная, я цябе вельмі люблю"».
Да 12 гадоў калоніі «завочна» асудзілі фігурантаў «справы ЧКБ» — Дзмітрыя Навошу, Яніну Сазановіч, Данііла Багдановіча, Валерыю Занямонскую і Вольгу Высоцкую. Суддзя Наталля Бугук прызнала іх вінаватымі ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэкса) і «незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных даных» (ч. 3 арт. 203-1 КК) — за адміністраванне Telegram-канала «Чорная кніга Беларусі». Акрамя гэтага завочнага пакарання, суд прызначыў фігурантам справы штраф у памеры Br 18,5 тыс. Таксама з іх пастанавілі спагнаць больш як Br 600 тыс. для кампенсацыі «маральнай шкоды». 
У Брэсце затрымалі журналіста Дзмітрыя Гарбунова, які раней супрацоўнічаў з «Брестской газетой» і блогерам Сяргеем Пятрухіным. Журналіста абвінавачваюць у тым, што нібыта ён перапосціў нейкі допіс, які змяшчаў асабістыя звесткі міліцыянтаў.
Суд Ленінскага раёна сталіцы прызначыў Дзмітрыю і Наталлі Гаро абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») тэрмінам на 2 гады. Сямейную пару абвінавацілі паводле ч.1 арт.342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Прысуд агучыла суддзя Анастасія Ачалава.