Дар'ю Лосік пакаралі двума гадамі зняволення
Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня суддзя Мікалай Грыгаровіч. Менавіта столькі, колькі і прасіў бок абвінавачання, піша «Св*бода».
Дар'ю Лосік пакаралі за інтэрв'ю пра яе мужа, зняволенага журналіста «Свабоды» Ігара Лосіка. Пракурорка Кацярына Пакала прасіла для Дар’і Лосік менавіта 2 гады зняволення.
Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня суддзя Мікалай Грыгаровіч: 2 гады зняволення з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Меру стрымання (утрыманне пад вартай) суд пакінуў без змены да ўступлення прысуду ў сілу.
Вырак можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе на працягу 10 сутак з дня абвяшчэння, паведаміла БелТА.
Падчас спрэчак бакоў пракурорка запрасіла для абвінавачанай пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Пракурорка таксама палічыла патрэбным пакінуць ранейшай меру стрымання Лосік у выглядзе ўтрымання пад вартай.
У сваю чаргу, адвакатка папрасіла прызначыць Дарʼі Лосік пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Пра гэта ж у сваім апошнім слове прасіла і сама абвінавачаная.
Дар'ю Лосік абвінавачваюць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса за інтэрв'ю пра мужа тэлеканалу вясной 2022 года, «у якім пазіцыянавала сябе як жонка палітвязня».
У гэтым артыкуле, які гучыць як «Вербаванне, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», прадугледжана пакаранне абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.
18 студзеня споўнілася роўна тры месяцы, як палітзняволеную ўтрымліваюць за кратамі. У няволі на Дар'ю аказваюць ціск — вагу пасылак залічваюць у агульную вагу перадач, а таксама блакуюць ліставанне.
У Ігара і Дар’і Лосікаў ёсць 4-гадовая дачка Паўлінка, якую цяпер даглядаюць бабулі і дзядулі.