Святлана Алексіевіч: Сёння героі не тыя, хто страляе, а тыя, хто адмаўляецца страляць
Пісьменніца і нобелеўская лаўрэатка ў інтэрв’ю «Св*бода Premium» разважае пра тое, якое ўздзеянне аказвае на людзей суд над «вясноўцамі», пра завочны працэс па справе Каардынацыйнай рады, пра рускую культуру і сваю новую кнігу.
Пра завочны суд над чальцамі КС
— Па-першае, гэта мае сябры і паплечнікі. Гэта ўсё балюча чуць. Вельмі цяжка казаць пра беззаконныя рэчы. — Усе законы адасланыя за непатрэбнасцю. Уласна, было ж сказана, што «часам не да законаў». Думаю, нашай уладзе і ў Крамлі трэба было б мець гісторыка, які б падказаў ім, чым сканчаюцца часы беззаконня. Вядома ж, за ўсё даводзіцца адказваць.
Я памятаю, як усё пачыналася: мы не думалі ні пра які вайсковы пераварот, і што краіна будзе пастаўлена на мяжу халоднай грамадзянскай вайны, у якой мы цяпер знаходзімся. Людзі сталі супернікамі адзін аднаго. Грамадзянская вайна — гэта тое, чаго я больш за ўсё баялася.
Фантазія ўлады настолькі разгарнулася і не адчувае ніякіх межаў, паколькі свет, Еўропа ўжо не ўказ, а вораг.
Мяне дзівіць не толькі ўлада, а што заўсёды ў часы беззаконня знаходзіцца тысяча маленькіх выканаўцаў. Гэта тое, што пазбаўляе спакою, наколькі дабро і зло падзелена.
Вельмі добра сказаў нядаўна арыштаваны Дзмітрыеў, што гэта — барацьба чалавечага з нечалавечым.
Пра суд над Нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім і іншымі праваабаронцамі
— Улада хоча паказаць, што свет ёй не ўказ. Тое, што скажа свет, зусім на іх не дзейнічае і нічому не вучыць. Алеся я магла б назваць сваім сябрам, у нас адно званне і адказнасць, якую мы адчуваем. Улада ненавідзіць «Вясну», таму што яна сапраўды вельмі шмат зрабіла, задакументавала, і з'яўляецца апанентам улады. І дэталь, што ўсе «вясноўцы» сядзяць на судзе ў кайданках, кажа пра гэтую ступень нянавісці.
Гледзячы на гэтых людзей, я думаю, што яны незламальныя. Такое адчуванне ў мяне ў адносінах і да Паліны Шарэнды-Панасюк.
Аб рызыцы ўступлення беларускай арміі ў вайну супраць Украіны
— Вельмі хацелася б спадзявацца, што ўлада зможа выстаяць у націску Масквы і не зробіць гэты апошні крок, а людзі, якім скажуць страляць, не будуць гэтага рабіць. Гэта адзіны спосаб супраціву.
Сёння героі не тыя, хто страляе і ім вешаюць за гэта ордэны, а тыя, хто не страляе. І мне б хацелася, каб людзі, якіх магчыма пагоняць на гэтую вайну, не стралялі.
Аб «скасаванні» рускай літаратуры
— Гэта вельмі складанае пытанне. Нельга сказаць, што Тургенеў і Чэхаў нясуць адказнасць за тое, што цяпер адбываецца. Цютчаў служыў дзесьці ў дэпартаменце, Салтыкоў-Шчадрын працаваў, як бы цяпер сказалі, у мэрыі. Яны былі часткай таго часу і часткай вялікай імперыі. І, вядома, у асноўным яны былі заражаныя гэтым.
Я думала над гэтым, і зразумела, што цяпер няма такога тэксту, у якім бы рускія пісьменнікі паўсталі супраць імперыі. Для іх усё роўна была Вялікая Расія. Былі нейкія думкі, што рускі народ няшчасны, прыгнечаны, а іншых народаў у іх тэкстах я і не бачыла. Затое вельмі шмат знаходзіцца ў Пушкіна, Бродскага і іншых, якія відавочна імперскія. Але для мяне гэта не адмяняе рускай культуры. Гэтыя тэксты існуюць.
Гэта не існуе як нейкая ўсвядомленая імперскасць. Напэўна, у той час яе і не існавала. Гэта імперыя зрабіла ўсіх часткай сябе. Але для мяне гэта не адымае вялікай рускай літаратуры. Імёны Чэхава і Дастаеўскага, напрыклад, я чула па ўсім свеце. Таму «разгромныя» настрою я не прымаю.
Але я разумею, што людзі пачынаюць пісаць па-беларуску. Яны ўсведамляюць сябе і паказваюць гэта. Гэта форма супрацьстаяння сёння.
Пра новую кнігу
— Цяпер мне дрэнна пішацца, таму што раніцай проста страшна падыходзіць да кампутара і бачыць твары загінулых выдатных украінскіх хлопцаў і дзяўчат. Гэта ўсё вельмі цяжка. Цяжка размаўляць з бежанцамі, чуць іх апавяданні.
Гэтая вайна не ўкладваецца ў свядомасці. Таму мая кніга сумяшчае і нашу рэвалюцыю, і вайну.
Паводле «Салідарнасці», пераклад «НЧ»