Нобелеўскую лаўрэатку ў Беларусі правяраюць на экстрэмізм

Кнігі Святланы Алексіевіч правяраюць на экстрэмізм. Яна можа стаць першай нобелеўскай лаўрэаткай — стваральніцай экстрэмісцкага кантэнту.

118379775_309144626972883_8151794893153883532_n_logo_3.jpg

Чытачка з Дрыбінскага раёна распавяла рэдакцыі «Зерк*ло», што з бібліятэкі ў яе аграгарадку забіраюць кнігі Святланы Алексіевіч. Журналісты пачалі разбірацца ў сітуацыі — і даведаліся нечаканую дэталь.

Яшчэ вясной я брала ў бібліятэцы нашага аграгарадка кнігі Алексіевіч. Калі прыйшла вяртаць некалькі дзён таму, бібліятэкар сказала, што ёй трэба было здаць усе кнігі, але яна не магла гэта зрабіць, бо дзве былі на руках, — кажа жанчына. — У бібліятэкара нават спыталі: у каго на руках, што гэта за чалавек і гэтак далей.

На пытанне чытачкі, адкуль прыйшоў такі запыт, бібліятэкар сказала, што тэлефанавалі «з раёна». Звычайна пад гэтым маюць на ўвазе райвыканкам, удакладніла чытачка.

Журналісты патэлефанавалі ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Дрыбінскага раёна як занепакоеныя жыхары аграгарадка. Там сітуацыю пракаментаваць не змаглі.

Аднак у Міністэрстве культуры нечакана высветлілася цікавая акалічнасць: чыноўнікі распавялі, што кнігі Алексіевіч «знаходзяцца на рэспубліканскай камісіі. Мы чакаем заключэння»: «Ёсць рэспубліканская камісія па экстрэмізме. Туды накіраваныя кнігі Алексіевіч. У Міністэрства культуры паступіў зварот, і мы іх здалі на экстрэмісцкую камісію, паступілі ў адпаведнасці з законам. Пакуль камісія не дасць заключэння, мы нічога... ад Міністэрства культуры ніякага загаду не было па Алексіевіч, каб адбіраць з фондаў... Ёсць закон аб экстрэмізме. Як вырашыць камісія, гэта не кампетэнцыя Міністэрства культуры. Бываюць станоўчыя рашэнні, бываюць адмоўныя».

Хто ж будзе вызначаць, экстрэмісцкія ці не кнігі нобелеўскай лаўрэаткі? Згодна з пастановай Саўміна, камісія складаецца з 20 чалавек. Яе ўзначальвае дэпутат Палаты прадстаўнікоў, а ў мінулым міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Акрамя яе, сярод чальцоў камісіі намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення КДБ Ігар Жукаў, начальнік аднаго з аддзелаў ГУБАЗіК Юрый Ткачук, а таксама афіцыйны прадстаўнік СК Беларусі Сяргей Кабаковіч, намеснік начальніка аддзела ідэалогіі Дзяржаўнага мытнага камітэта Кацярына Шкурдзюк і іншыя.

Яшчэ ў чэрвені гэтага года стала вядома, што школьныя бібліятэкі атрымалі спіс з 33 літаратараў, чые кнігі варта прыбраць (чыё гэта распараджэнне, не паведамлялася). Сярод забароненых аўтараў аказалася і Святлана Алексіевіч. Акрамя яе, пісьменнікі Альгерд Бахарэвіч, Віктар Марціновіч, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў і іншыя. Усе яны з'яўляліся сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў, ліквідаванага ўладамі. А яшчэ ў жніўні 2021 года аказалася, што творы Святланы Алексіевіч больш не ўваходзяць у школьную праграму. Праўда, з праграмы кнігу прыбіралі раней, у пачатку 2000-х гадоў. Але ў 2015 годзе творы Святланы Алексіевіч абяцалі вярнуць у абавязковую школьную праграму.