Чарговы ператрус у культуролага Аксаны Зарэцкай
Пра ператрус яна паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Сама Аксана Зарэцкая на волі.

Фота з фэйсбука Аксаны Зарэцкай
Сёння, 21 кастрычніка, адбыўся ператрус у трэнеркі па этыкеце, бізнес-камунікацыях Аксаны Зарэцкай, якая ўваходзіла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады.
«Афіцыйная прычына зусім фантасмагарычная: нейкі цэлы падпалкоўнік з Магілёва вырашыў, што я датычная да дэструктыўнай дзейнасці ў сетцы "Аднакласнікі" і ў мяне дома знаходзяцца матэрыялы, якія праліваюць святло на завадатараў абраз супрацоўнікаў міліцыі», — распавяла Аксана у Фэйсбуку.
І дадала, што засмучаная тым, як падчас ператрусу паводзіў сябе яе хатні гадаванец, шчанюк Бэнксі: «Але больш за ўсё ў гэтай сітуацыі мяне абразілі паводзіны майго сабакі — гэты двухмесячны ёлупень, у адрозненне ад кошкі, якая трымала дыстанцыю і дэманстравала ўсім сваім выглядам пагарду да таго, што адбываецца, радасна бегаў за міліцыяй, якая аглядала мае кніжныя паліцы. Падобна, што з этыкет-выхаваннем Бэнксі мне давядзецца яшчэ шмат працаваць».