Праваабаронцы паведамляюць пра ператрус у крэатыўнай прасторы «13:87» у Бабруйску
Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў пра тое, што ў крэатыўнай прасторы «13:87» у Бабруйску прадстаўнікі сілавых ведамстваў правялі ператрус.
Ён працягваўся каля 4 гадзін. Пасля яго затрымалі заснавальніцу клуба Наталлю Халанскую і яго дырэктарку. Хто і па якой справе праводзіў ператрус — невядома.
Як паведаміў «Свабодзе» відавочца, «з ператрусам сілавікі прыйшлі перад пачаткам дзіцячай digital-школы. Дзецям і гасцям далі выйсці. Міліцыянты вынеслі з памяшкання шмат скрынь, а таксама вывелі некалькі супрацоўнікаў».
Пазней стала вядома, што Наталлю Халанскую і дырэктарку тайм-клуба адпусцілі. Абедзве цяпер дома, у іх забралі тэлефоны.
«13:87» — адзіная такога кшталту ўстанова ў Бабруйску. Там праводзяць адукацыйныя мерапрыемствы — семінары і лекцыі, шмат гадоў запар праводзіліся «Жывыя бібліятэкі» і гульнятэкі, працаваў кніжны і кіна-клуб і таксама курсы для пенсіянераў, праводзіліся творчыя ворк-шопы і многае іншае. У першую хвалю пандэміі ў Беларусі каманда тайм-клуба актыўна ўдзельнічала ў валанцёрскім руху By_Covid-19. 19 кастрычніка «13:87» споўнілася сем гадоў.