У Славакіі затрымлівалі беларускага актывіста Яўгена Малахоўскага

У Славакіі ў Браціславе затрымлівалі беларускага блогера і актывіста Яўгена Малахоўскага. Ён знаходзіцца ў спісе непажаданых асоб па лініі Інтэрпола. «Праблемы з пашпартам», — напісаў Малахоўскі ў Facebook, паведамляе «Еўрарадыё».

Яўген Малахоўскі / facebook.com/jmalakhouski

Яўген Малахоўскі / facebook.com/jmalakhouski


Яўген Малахоўскі збіраўся выляцець у Кіеў, дзе займаецца справамі беларускай дыяспары. У выніку яго вызвалілі. Беларусу паведамілі, што ў згаданы спіс ён трапіў нібыта з ініцыятывы Германіі. Цяпер ён накіроўваецца ва Украіну.
Гэта не першы выпадак, калі за мяжой затрымліваюць палітычных актывістаў, якія раней з'ехалі з Беларусі. Інтэрпол у сваіх мэтах спрабуюць выкарыстаць улады Беларусі ў паляванні на «палітычных». Раней у Польшчы затрымлівалі Макарыя Малахоўскага, якога ў выніку таксама адпусцілі. Нядаўна ў Венгрыі быў затрыманы Валянцін Уласік.