«Забралі карціны і ўсё, што з чырвонымі плямамі»
Бабруйчанін Дзяніс Носаў у сваім фэйсбуку паказаў, як выглядае крэатыўная прастора «13:87» у Бабруйску пасля ўчарашняга ператрусу.

Учора, 20 кастрычніка, у бабруйскую крэатыўную прастору прышлі сілавікі. Ператрус працягваўся каля чатырох гадзін. Хто і па якой справе праводзіў ператрус — невядома.
Сілавікі прыйшлі з ператрусам перад пачаткам дзіцячай digital-школы. Дзецям і гасцям далі выйсці. Міліцыянты вынеслі з памяшкання шмат скрынь. Заснавальніца клуба Наталля Халанская і дырэктарка тайм-клуба былі затрыманыя, але пазней адпушчаныя.
Дзяніс Носаў змясціў у сваім фэйсбуку фотаздымкі таго, яе выглядала крэатыўная прастора пасля ператрусу.
Ён пракаментаваў фотаздымкі і распавёў, што сілавікі «распатрашылі» набіўныя сядушкі і пакецікі з супрацьвільгаццю — «хаця пытанні былі з-за сімволікі».
І дадаў, што сама крама — «на дзіва цэлая. Забралі карціны і ўсё што з чырвонымі плямамі. Майкі з гусарамі, бо «стилизовано под незарегистрированную символіку».
