Анатоль Лябедзька: «З’ехаць з Беларусі мяне папрасіла сям’я…»

«У мяне, шчыра кажучы, няма планаў пакідаць Беларусь назаўжды. Будзем лічыць, што зараз я знаходжуся ў рабочай камандзіроўцы», — кажа Анатоль Лябедзка. Палітык распавёў «Народнай Волі», чаму пакінуў краіну, пра міграцыйны крызіс, складанасці партыйнага жыцця, верагоднасць дыялогу і будучы рэферэндум.

8822f548_abcc_42c9_8ee2_ea6f49c26144_cx0_cy3_cw0_w1080_h608.jpg

Анатоль Лябедзька быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў, 18 гадоў узначальваў Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Калі пакінуў выбарную пасаду, зарэгістраваў цэнтр даследаванняў і прагнозаў развіцця «Еўрапейскі дыялог» і ўзначаліў яго.

Апошнім часам у Беларусі пра Анатоля Лябедзьку нічога не чуваць. Чым ён цяпер займаецца?

— Ужо некаторы час я знаходжуся за мяжой, — тлумачыць палітык, з якім журналіст звязаўся па тэлефоне. — Быў вымушаны пакінуць межы краіны, як і многія іншыя беларусы з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Зрэшты, ад гэтага мае планы не змяніліся, яны засталіся такімі ж, як і раней. Я працую па некалькіх накірунках. Асноўны — праца над праектам новай Канстытуцыі. Мне падаецца, што ў нас атрымаўся вельмі якасны дакумент для новай Беларусі. Сённяшні рэжым не будзе вечна існаваць, таму трэба быць гатовымі да новых часоў і выклікаў.

Акрамя гэтага, зараз я спрабую працаваць з парламенцкай супольнасцю і ажыццяўляю пэўныя накірункі дзейнасці «Еўрапейскага дыялогу», хаця цэнтр у Беларусі закрываюць.

— Калі не сакрэт, у якой краіне вы знаходзіцеся?

— Шчыра кажучы, я ў вандроўцы па розных краінах. Няма ў мяне пастаяннага месца жыхарства.

— Што прымусіла вас з’ехаць?

— Пакінуць Беларусь давялося па просьбе сям’і, бо яны ўжо псіхалагічна стаміліся ад трывожнага чакання, што мяне могуць кінуць за краты. І сям’я папрасіла, каб я сваю справу пэўны час рабіў за межамі Беларусі.

Сёння прызнаю: калі б застаўся ў краіне, то эфектыўнасць маёй працы была б меншай у разы.

Дарэчы, сям’я засталася ў Мінску. Ды і ў мяне, шчыра кажучы, няма планаў пакідаць Беларусь назаўжды. Будзем лічыць, што зараз я знаходжуся ў рабочай камандзіроўцы.

— Сёння многія вядомыя людзі заклікаюць улады да перагавораў з дэмакратычнай апазіцыяй, сцвярджаючы, што гэта адзіны шлях да згоды ў грамадстве і да спынення рэпрэсій. Ці магчыма гэта ў бліжэйшай перспектыве?

— Па-першае, мне падаецца, што зараз уладам не вельмі патрэбны перагаворы. Гэта ніколі не было іх моцным бокам, а зараз стала яшчэ больш праблематычным. Таму тут перспектывы наогул невыразныя.

Хіба што могуць з’явіцца нейкія фактары, якія паспрыяюць таму, што пачнуцца перамовы. Эканоміка можа сказаць сваё моцнае слова, альбо знешнія ігракі пасадзейнічаюць.

— Стала вядома, што рэферэндум па прыняцці абноўленай Канстытуцыі плануецца правесці ў лютым 2022 года. Якія ў вас чаканні?

— Мяркую, рэферэндум нічога не вырашыць, бо для таго, каб мерапрыемства было легітымным, яго трэба праводзіць па зразумелых усім грамадзянам Беларусі правілах. У выбарчых камісіях павінны прысутнічаць не скрозь праўладныя асобы, а і прадстаўнікі грамадства, якія здольны ўлічваць сапраўднае волевыяўленне людзей.

А ў нас выбары — выключна інструмент стварэння ўражання, што ўлада мае легітымнасць. Асабіста ў мяне няма ніякіх аптымістычных чаканняў з нагоды таго, якім чынам будзе праведзены гэты рэферэндум.

— Не першы месяц працягваецца і міграцыйны крызіс. На ваш погляд, ці вырашыцца ў бліжэйшы час гэта праблема?

— Мы бачым, што, з аднаго боку, улады выціскаюць з краіны найбольш актыўных людзей, прафесіяналаў сваёй справы, і гэта моцна б’е па эканоміцы.

З іншага — выкарыстоўваюць мігрантаў як элемент ціску на суседзяў. Але гэта і праблема для самой краіны, бо многія мігранты, якія не трапляюць за мяжу, блукаюць затым па Беларусі.

— Аб’яднаная грамадзянская партыя, якой вы кіравалі шмат гадоў, сёння сябе ніякім чынам не праяўляе, як, дарэчы, і іншыя апазіцыйныя структуры. Пайшлі ў падполле?

— Думаю, усе чакаюць. Апошнія легальныя выспы, якія засталіся, — незалежныя прафсаюзы і палітычныя партыі. І яны ў чаканні: застануцца ці будуць ліквідаваны?

Але я ведаю, што шэраг палітычных арганізацый захавалі сваю інфраструктуру, сваіх людзей у рэгіёнах, якія неаднойчы траплялі пад рэпрэсіі. І пэўная актыўнасць ёсць, хаця людзі не імкнуцца выказвацца пра гэта публічна.

Скажам так: сёння партыі хутчэй жывыя, чым мёртвыя.