Што страціла і што набыла Беларусь за год сістэмных рэпрэсій

Кастрычнік 2020 года — апошнія маршы і пачатак актыўнай фазы рэпрэсій. Ужо год мы жывём у рэжыме «знойдзем і пакараем кожнага», год як з’язджаюць людзі, закрываюцца арганізацыі, расце колькасць палітвязняў. «Новы Час» вырашыў «падбіць рахунак» і паглядзець, якія змены адбыліся з беларускім грамадствам за гэты год.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева



Эміграцыя

Са жніўня 2020-га з Беларусі з’ехалі дзясяткі тысяч чалавек. Пры гэтым МУС сышло ў глухую спячку, і таму аж з кастрычніка мінулага года не выдае статыстыку па міграцыі, так што лічбы прыкладныя.

Польшча

Паводле заявы прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, краіна прыняла за гэты год каля 150 тыс. беларусаў, пры гэтым у другім паўгоддзі 2020-га было выдадзена толькі 12 тыс. віз. Польшча атрымала 1400 заяў на дадатковую абарону, з якіх станоўчымі былі 733.
Адносна працоўнай міграцыі лічбы былі такімі: у 2020 годзе дазвол на працу ў Польшчы атрымалі 78 905 беларусаў, у першым паўгоддзі 2021-га — 43 349. Часовы ці доўгатэрміновы від на жыхарства атрымалі: у 2020-м — 28 745 чалавек, у першым паўгоддзі 2021-га — 33 146.

Літва

За мінулы год было выдадзена каля 20 тыс. нацыянальных віз, 834 чалавекі атрымалі дазвол на ўезд у краіну праз экстраардынарныя гуманітарныя ўмовы, 206 чалавек прасілі прытулку ў Літве.

Латвія

Паводле інфармацыі на канец траўня гэтага года, у Латвію пераехалі 15 беларускіх кампаній (гэта некалькі соцень працоўных месцаў). Летась латвійскую візу атрымалі 250 беларусаў. З 1 жніўня 2020 па 30 сакавіка 2021 года Латвія атрымала 54 заяўкі аб прадастаўленні прытулку ад грамадзян Беларусі. 24 заявы разгледзелі, 19 — станоўчыя.

Украіна

Як паведамляе Памежны камітэт Украіны, да нашай суседкі сёлета перабраліся каля 100 тыс. беларускіх грамадзян. З іх часовы від на жыхарства атрымалі 3348 чалавек, а пастаянны — 811.

Расія

На міграцыйным уліку ў Расійскай Федэрацыі ў мінулым годзе стаялі 299 617 беларусаў, з якіх 10 359 чалавек мелі расійскае грамадзянства. Даныя за першае паўгоддзе 2021 года такія: на міграцыйным уліку знаходзіліся 213 156 чалавек, з іх расійскае грамадзянства мелі 12 154 чалавекі. Як мінімум каля 2 тысяч беларусаў афіцыйна змянілі сваё грамадзянства на расійскае.

Рэлакацыя айцішнікаў

Асобнай графой у спісе страт «пратэснага» года ідзе рэлакацыя IT-сектара — адной з найбольш прыбытковых сфер беларускай эканомікі. Паводле розных крыніц, за мяжу з’ехала каля 15% усіх IT-спецыялістаў — а гэта прыкладна ад 10 да 20 тыс. чалавек. Вось некаторыя асобныя даныя:

  • 70 беларускіх кампаній падпісалі з урадам Літвы дамовы аб рэлакацыі. Паводле слоў віцэ-міністаркі эканомікі і інавацый Літвы Ёвіты Нелюпшэне, пераважна гэта IT-кадры. У перспектыве гэты спіс можа пашырыцца да 110 кампаній. Такім чынам, Літва чакае стварэння каля 3 тыс. новых працоўных месцаў.

  • Візы па праграме «Poland.Business Harbour» атрымалі каля 9 тыс. чалавек — гэта прыкладна 10% усяго беларускага IT-сектара. Праграма «Poland.Business Harbour» — гэта комплекс паслуг, які дапамагае спецыялістам IT-сферы, стартапам, малым і сярэднім прадпрыемствам і буйным кампаніям пераехаць у Польшчу. Акрамя айцішнікаў гэтай праграмай скарысталіся некалькі тысяч беларускіх прадпрымальнікаў.

  • 58% усіх беларускіх стартапаў ужо з’ехалі за мяжу — такія даныя прывёў нядаўна адкрыты ў Іспаніі пасля разгрому ў Беларусі стартап-хаб «Імагуру». Паводле вынікаў праведзенага апытання, чвэрць усіх беларускіх заснавальнікаў не плануюць вяртацца ў Беларусь. Для астатніх асноўнай умовай вяртання ў Беларусь з'яўляюцца дэмакратычныя перамены.

  • Рэлакацыя закранула і буйных гульцоў сферы IT: як піша партал dev.by, каля 100 сем’яў з «EPAM», 50 — з «SoftSwiss» і 40 — з «Gismart» пакінулі Беларусь за мінулы год.

Моладзь таксама з'язджае

Беларусы выкарыстоўваюць розныя шляхі для ад’езду, і адным з самых папулярных і даступных з’яўляецца адукацыя. Нягледзячы на тое, што праз выхад з «Усходняга партнёрства» ў краіне абмежаваныя праграмы абмену студэнтамі, колькасць беларускіх студэнтаў у замежных ВНУ толькі павялічваецца.
Напрыклад, у Польшчы за мінулы год іх стала больш на 1,3 тыс. чалавек. Цяпер агульная колькасць беларускіх студэнтаў у нашай заходняй суседцы складае амаль 10 тыс.
Прыкладна такая ж колькасць беларусаў налічваецца зараз у расійскіх ВНУ. У кірунку адукацыі расіяне не разгубіліся і павялічылі колькасць квот для беларускіх студэнтаў, а таксама спрасцілі ім умовы паступлення: цяпер яны могуць не здаваць АДЭ — іх залічаць па балах ЦТ.

Яшчэ адна наша суседка, Літва, таксама вырашыла падтрымаць беларускіх студэнтаў. З восені мінулага года ў Віленскім універсітэце існуе праграма «Стыпендыі ВКЛ», па якой 100 студэнтаў з РБ могуць атрымаць стыпендыі на навучанне. Праграма аказалася настолькі дарэчнай, што ёю зацікавіліся ажно 500 чалавек!
Сёлетняй зімою прадстаўніца Офіса Святланы Ціханоўскай па адукацыі Вольга Шпарага расказала, што 16 еўрапейскіх універсітэтаў гатовыя прыняць рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў. Сярод іх — універсітэты Літвы, Польшчы, Чэхіі і Германіі.

За мінулы год па-за межамі Беларусі адкрыліся дзве беларускія школы: у Вільні запрацавала прыватная школа «Stembridge», у якой навучанне вядзецца ў тым ліку і па-беларуску, а ва Украіне — першая беларуская анлайн-школа, якую заснавала вядомая спявачка і актрыса, лідарка гурта «Naka» Анастасія Шпакоўская.


Ліквідацыя НДА і СМІ

«Пратэсны» год адзначыўся рэпрэсіямі ў дачыненні да розных устаноў і арганізацый, рабочых, журналістаў, праваабаронцаў, культурных дзеячаў і многіх іншых прадстаўнікоў беларускага грамадства.
Паводле даных праваабаронцаў, каля 275 арганізацый было ліквідавана або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Зачыстка НДА пачалася ў сярэдзіне ліпеня 2021-га і працягваецца да гэтага часу.

Каля 508 тыс. чалавек было звольнена з дзяржаўных флагманскіх прадпрыемстваў. Пры гэтым прынята было 447 тыс. Такім чынам, чысты адток кадраў склаў больш за 60 тыс. работнікаў!

Не менш за 24 журналісты на дадзены момант знаходзяцца за кратамі. Усяго ж за гэты год пераследу падвергліся больш за чатыры сотні журналістаў. Мы страцілі TUT.by і «БелаПАН», за кратамі знаходзяцца рэдактары «Нашай Нівы», экстрэмісцкім прызнаны тэлеканал «Белсат», а яго журналісткі Кацярына Барысевіч і Дар’я Чульцова дагэтуль знаходзяцца ў закладніках рэжыму.


Крымінальны пераслед грамадзян

З траўня па снежань 2020 года былі затрыманы калі 33 тысяч чалавек, яшчэ звыш 5 тысяч затрымалі са студзеня па кастрычнік 2021 года.

Было заведзена каля 5 тысяч крымінальных спраў у сувязі з пратэстамі, з іх найбольш «папулярныя» артыкулы — арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі»), арт. 342 («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 363 («Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў») і арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»). На дадзены момант расследавана каля 2 тыс. дадзеных спраў.

На момант публікацыі артыкула ў краіне 818 зняволеных прызнаныя палітвязнямі. Гэта рэкордная колькасць палітычныя вязняў за ўсё існаванне незалежнай Беларусі.

Афіцыйна вядомыя імёны дзесяці забітых: Аляксандр Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Канстанцін Шышмакоў, Аляксандр Віхор, Арцём Парукаў, Дзяніс Кузняцоў, Раман Бандарэнка, Вітольд Ашурак, Андрэй Зельцэр, Дзмітрый Федасюк. Яшчэ адзін чалавек — 18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі — праз пераслед з боку сілавікоў скончыў жыццё самагубствам. Было ўзбуджана толькі дзве крымінальныя справы: у выніку першай забіты Генадзь Шутаў пасмяротна прызнаны вінаватым у «супраціве супрацоўнікам органаў унутраных спраў», а другая справа заведзеная па факце забойства супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка.


Кантрабанда цыгарэт і незаконная міграцыя на дзяржаўным узроўні

Са жніўня 2020-га Беларусь вядомая не толькі сваім палітычным крызісам, пратэстамі, рэпрэсіямі і кантрабандай цыгарэт. Наша краіна «праславілася» таксама актыўнымі нелегальнымі пастаўкамі мігрантаў на мяжу з Еўрасаюзам. А хутка яшчэ мы будзем вядомыя тым, што ад нас, як ад халеры, будуюцца платы і муры з калючага дроту.
Больш за ўсё дасталася Польшчы. Ад пачатку міграцыйнага крызісу да кастрычніка гэтага года яе мяжу паспрабавалі прарваць прыкладна 10 тыс. мігрантаў. З іх толькі ў верасні — 4 тыс.

Мяжу з Літвой штурмавалі каля 4200 выхадцаў з Бліжняга Усходу. Як толькі Літва пачала выконваць абяцанне па абнясенні мяжы калючым дротам, «турысты» пераключыліся на Польшчу.

Менш за ўсё «атрымала» Латвія. Паводле даных СМІ, латвійскія памежнікі спынілі каля 2 тыс. спроб незаконнага перасячэння мяжы.
Ад пачатку крызісу на беларускім памежжы вядома пра 9 ахвяр сярод мігрантаў.


Эканоміка: поўны швах

Не засталася ў баку ад наступстваў дзеянняў рэжыму і беларуская эканоміка. Вось вам трошкі фактаў:
Беларусы вынеслі з банкаў больш за 50% валютных укладаў. Памятаеце, быў такі заклік — забіраць уклады і купляць валюту? Здаецца, ён спрацаваў.

Дэфіцыт бюджэту дасягнуў 6 млрд. рублёў. Гэта пры тым, што напрыканцы 2020-га чыноўнікі прагназавалі дэфіцыт у 4,047 млрд. BYN.

Дзярждоўг перавысіў 40% ВУП і склаў 64,93 млрд. беларускіх рублёў. Такім чынам, на кожнага беларуса прыходзіцца ледзь не па 7 тыс. рублёў доўгу!

За перыяд са жніўня 2020-га па кастрычнік 2021-га краінамі Еўрасаюза былі прынятыя 4 «пакеты» санкцый, якія закранулі як асобных персанажаў, так і цэлыя галіны беларускай эканомікі. Таксама былі ўведзеныя санкцыі Злучаных Штатаў, дызайн якіх распрацаваны такім чынам, што пад іх аўтаматычна падпадаюць усе партнёры рэжыму, таму падсанкцыйныя беларускія кампаніі і іх замежныя калегі актыўна шукаюць шляхі абыходу санкцый або прадаюць свой бізнэс, як гэта робіць, напрыклад, сямейства Гуцэрыевых.


Усё кепска. А ці ёсць хоць штосьці пазітыўнае? Ёсць!

Ну і, канешне, мы не маглі не адзначыць, што за гэты год у беларусаў з’явілася шмат крутых ініцыятыў, структур, арганізацый; якімі ўплывовымі і прадстаўнічымі сталі беларускія дыяспары; як шмат зрабілі мы ў імкненні дамагчыся справядлівасці. Беларуская павестка ўжо год не сыходзіць з першых старонак вядучых сусветных СМІ, а найбольш вядомыя беларусы і беларускі заслужана атрымліваюць шматлікія прэміі (мы былі нават у кроку ад Нобелеўскай прэміі міру!).
Офіс Святланы Ціханоўскай, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, Каардынацыйная рада — гэта тыя структуры, якія зараз працуюць на дасягненне важных мэт: зрабіць магчымымі новыя выбары ў Беларусі, выпусціць усіх палітзняволеных і рэабілітаваць рэпрэсаваных, дамагчыся справядлівага пакарання за злачынствы рэжыму.

Тыя гарызантальныя сувязі, якія ў 2020-м адкрылі для сябе беларусы, прайшлі ўсе стадыі — ад дваровых чатаў да паўнавартасных фондаў. BySol, By_Help, ByPol, «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці», «Беларускі фонд медыцынскай салідарнасці», «Беларускі фонд культурнай салідарнасці», незалежныя прафсаюзы, страйкамы прадпрыемстваў — усё гэта прыклады таго, як мы з вамі навучыліся самі вырашаць свае праблемы і абыходзіцца без дзяржавы і яе памагатых.

Розныя ініцыятывы, дзякуючы якім праўда даходзіць да сваіх адрасатаў, а людзі атрымліваюць неабходную ім дапамогу і падтрымку: «Голос», «Zubr», «Честные люди», politzek.me, ініцыятывы, якія дапамагаюць атрымаць новую прафесію ці знайсці падпрацоўку рэпрэсаваным, медыцынскія і псіхалагічныя кансультацыі анлайн, шматлікія курсы і праграмы — гэта ўсё стала магчымым дзякуючы здольнасці беларусаў аб’ядноўвацца і працаваць на адну мэту, набліжаць да сябе тую Беларусь, у якой хацелася б жыць.

І, канешне, немагчыма не адзначыць супольнасць «Кіберпартызаны», дзякуючы якім сталі вядомыя многія імёны адказных за злачынствы супраць мірных беларусаў. «Кіберпартызаны» разгарнулі сапраўдную анлайн-вайну супраць рэжыму, у якой, можна з упэўненасцю сказаць, яны перамагаюць, паказваючы, наколькі састарэлай ёсць сістэма.
*****Увесь мінулы год «Новы Час» упарта працаваў, асвятляючы беларускія пратэсты, расказваючы пра рэпрэсіі, звязваючы вязняў у турмах з людзьмі на волі. Мы таксама многае паспелі перажыць: і затрыманні нашых калег, і знішчэнне нашай газеты, штотыдзень мы рассылалі стосы канвертаў з новымі нумарамі НЧ па ўсіх ізалятарах і турмах Беларусі і назіралі за тым, як яны вяртаюцца, перакрэсленыя чырвоным атрамантам. Літаральна на мінулым тыдні рэдакцыя атрымала новы ўдар: 19 кастрычніка з ператрусам прыйшлі да фотакора Дзмітрыя Дзмітрыева. У нашага калегу забралі тэхніку, неабходную для працы. 20 кастрычніка сілавікі ўварваліся ў наш офіс з ператрусам. Ператрусы былі праведзеныя таксама дома ў галоўнай рэдактаркі Аксаны Колб і яе намесніка Сяргея Пульшы. Іх саміх затрымалі. Праўда, у той жа дзень вызвалілі пад падпіску аб неразгалошванні, адабраўшы ноўтбукі і тэлефоны. 
Гэта быў нялёгкі год, і мы дакладна не справіліся б без вашай падтрымкі — вашых падпісак, лістоў, званкоў. Нам дапамагалі распаўсюджваць газету самыя розныя людзі — гэтак жа, як зараз распаўсюджваюць навіны з сайта. Рэжым спрабуе задушыць усё жывое, што трапляецца яму на вочы, забываючы, што жыццё не спыніць, не стрымаць, не разбіць — вельмі часта яно прабіваецца скрозь асфальт і бетон, адваёўваючы сваё ў чужога. Так выжывае Зямля. Так выжывае чалавек. Так выжывем і мы.