Аляксандр Фрыдман: Лукашэнку карціць узяць рэванш за 2020 год

«Каля 80% адназначна сёння падтрымліваюць той курс, які мы вызначылі. Нам чаго баяцца? Ну, за 20%, якія вагаюцца ці якія супарць, мы яшчэ пазмагаемся», — наказваў Лукашэнка новаму старшыню Цэнтрвыбаркама Ігару Карпенку. Але адкуль узяліся гэтыя зачараваныя 80%? Што яны азначаюць для самога Лукашэнкі?

cihi_supraciu_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas7_logo_1.jpg

Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Лукашэнка аб’явіў, што ягоны палітычны курс падтрымлівае 80% выбаршчыкаў, а за 20% тых, хто супраць ці вагаецца, “мы яшчэ пазмагаемся”. Адкуль узялася гэтая дзіўная лічба?

80% для Лукашэнкі — магічная лічба, гэта той арыенцір, які суправаджае яго ўсе 30 год праўлення. Толькі ў 2001 годзе ў яго вынік быў меншы за 80%, у 2010 амаль 80%, а ўсе астатнія кампанія яму “набіралі” 80%. Ён жа не можа пагадзіцца з тым, што падтрымка можа зніжацца, што сёння ён атрымаў 80%, а заўтра — толькі 73%. 73% выдатны вынік, але для Лукашэнкі гэтая лічба мае асабістае важнае значэнне. У Лукашэнкі схільнасць да гэтай лічбы, ён не можа ад яе адмовіцца. 

Напэўна, гэтая тая лічба, якая ў ягоным асабістым уяўленні адлюстроўвае абсалютную падтрымку: дзве траціны яму замала, я ўжо не кажу пра іншыя лічбы кшталту 50% плюс, не, яму патрэбныя менавіта 80%. І гэтыя 80% ува многім і прывялі да сітуацыі 2020 года, у якой ён апынуўся, калі б намалявалі 60 ці 65 адсоткаў, або зрабіць так элегантна, як у Турцыі. Эрдагану трэба было перамагчы, там былі маніпуляцыі падчас выбарчай кампаніі, з доступам апазіцыйных кандыдатаў да медыя, але з лічбамі там не хімічылі — быў чэсны падлік. Эрдагану трэба была перамога, ён пайшоў на другі тур і перамог з паказчыкам 52%.

А Лукашэнка так не можа: 80% патрэбныя абавязкова. А цяпер яму патрэбныя 80% ужо дзеля прынцыпу: у 2020 годзе народ пратэставаў супраць 80% — цяпер у яго будзе заўсёды 80%. А заявы на сустрэчы з Карпенкам сведчаць за тое, што наступным разам, калі Лукашэнка надумае балатавацца (я маю на ўвазе прэзідэнцкія выбары), то можа замахнуцца і на той вынік, пра які толькі марыў — можа гэтым разам замахнецца і на 90%. Калі палічыць, што гэта апошнія для яго прэзідэнцкія выбары: ператварыў Беларусь у ядзерную краіну, вынішчыў усіх ворагаў, абараніў яе ад вайны — ён столькі зрабіў для краіны, што яму могуць намаляваць і 90%.

Тым больш, што гэтым разам умовы для такога сцэнару вельмі спрыяльныя: палітычнае поле зачышчана, альтэрнатыўныя кандыдаты (калі яны будуць) будуць смешнымі, яны будуць падтрымліваць яго, ніякіх пратэстаў, хутчэй за ўсё, не будзе, — у такіх прэзідэнцкіх выбарах з удзелам Лукашэнкі збудуцца ўсе яго мары. Яны стануць яшчэ больш трыўмфальнымі, чым спакойныя выбары 2015 года. Лукашэнку карціць узяць рэванш за 2020 год, перакрэсліць 2020 год такімі выбарамі: атрымаць неверагодную лічбу — і нічога не адбылося.

Шчыра кажучы, не думаю, што рэжым глядзіць наперад і пралічвае, колькі Лукашэнка атрымае на прэзідэнцкіх выбарах. Відаць, ён зараз думае не пра прэзідэнцкія выбары, і я не ўпэўнены па-ранейшаму, што ён будзе вылучацца. Ёсць шэраг чыннікаў, сярод якіх і стан яго задроўя, і магчымы ордэр на яго арышт, выдадзены Гаагай, — усё гэта будзе ўплываць на тое, ці будзе ён вылучацца на наступных выбарах ці перасядзе ў крэсла кіраўніка Усебеларускага народнага сходу.

Што мне падаецца абсалютна неверагодным — што Лукашэнка сыдзе, зусім сыдзе. Ён застанецца, але на якой пасадзе — ужо іншае пытанне.

20201109_114826_logo_1.jpg

Лукашэнка сказаў, што электаральны цыкл правядуць спакойна і ціха. А вось прэс-сакратар Пуціна зноў загаварыў пра падрыхтоўку дзяржперавароту ў Беларусі. З Крамля беларускую сітуацыю відаць лепш?

— Гэта вельмі цьмяная гісторыя ў тым сэнсе, што не вельмі зразумела, адкуль растуць вушы і што насамрэч адбываецца ў Познані. “Сандэй Таймс” апублікавала матэрыял, што ў Познані ідзе падрыхтоўка некалькіх соцень беларусаў, якія паспрабуюць узяць уладу ўзброеным шляхам. Такія чуткі хадзілі і раней, Лукашэнка сам пра іх выказваўся.

Але што цікава: гэтыя чуткі падхапіла прэса, прычым у асноўным расіяне, калі я не памыляюся, у беларускіх медыя тэма не знайшла асаблівага адлюстравання. Дайшло нават да Пяскова. Але іх традыцыя такая: браць нейкую навіну і раскручваць яе да ўсяленскіх маштабаў.

Пэўны сэнс у гэтым ёсць: паказаць Лукашэнку, што на Захадзе, маўляў, з табой вырашылі расправіцца, глядзі, хлопец, каб табе ў галаву не прыйшла думка зрабіць нейкія крокі ў заходнім накірунку.

І, канечне, такія тэмы патрэбныя для таго, каб уплываць на грамадскасць — і ў Беларусі, і ў Расіі. У той жа Беларусі ёсць значная колькасць людзей, якія ў цяперашніх варунках зрабіліся апалітычнымі і якія зусім не жадаюць, каб у Беларусі дайшло да грамадзянскай вайны і ўвогуле любога кровапраліцця. Падобнай інфармацыяй вельмі лёгка маніпуляваць запужанымі людзьмі.

Але гэтую інфармацыю проста вырвалі з кантэксту. Чаму ўвогуле “Сандэй Таймс” звярнулася да гэтай тэмы? У сувязі з размяшчэннем ядзернай зброі ў Беларусі, і гаворка ішла не столькі пра Лукашэнку, колькі пра Пуціна: у брытанскай прэсе Лукашэнку не лічаць самастойнай фігурай, а нейкая барацьба ў Беларусі разглядаецца як барацьба супраць Пуціна. Таму значэнне гэтага артыкула я б не перабольшваў.