«Адзіны аргумент супраць прымянення бомбы — логіка і здаровы сэнс. Але яны ўжо не ёсць рэлевантнымі»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» шукае практычныя сэнсы ў размяшчэнні ў Беларусі ядзернай зброі. І прыходзіць да высновы, што галоўнае тут — душэўнае самаадчуванне саюзнікаў. Асабліва малодшанькага.
Учора сёй-той назваў (дзякуй, кэп) вынікі будучых выбараў. Сказаў, што яго падтрымліваюць законныя восемдзесят адсоткаў, а за астатнія дваццаць ён яшчэ пазмагаецца. Гэта значыць, налічыць яны сабе вырашылі 80 з плюсам. І можна падумаць, калі б сёй-той учора не сказаў, дык мы б з табой самі не здагадаліся колькі яны сабе налічаць. Карацей, адкрыццё сумнеўнай практычнай каштоўнасці. Выбарчыя ўчасткі — гэта дакладна не тое месца, дзе беларускія грамадзяне будуць вырашаць, што ім рабіць з бягучай беларускай уладай.
Вось іншая справа — адкрыцці з нагоды ядзернай зброі. У сэнсе іх практычнай каштоўнасці я таксама сабе сумняваюся, але ёсць хаця б чым нервы паказытаць. Глядзі, як яно цікава атрымліваецца. Спачатку сёй-той распавядаў пра сваю ядзерную бомбу, якая ў яго ці тое ёсць, ці тое няма, не знаходзячы сваім прамовам ніякай падтрымкі ў старэйшага саюзніка. Але ў пятніцу ўжо і Пуцін сказаў, што Расія перамясціла ў Беларусь частку сваіх ядзерных зарадаў, а астатнія ядзерныя зарады перамесціць да канца года. Гэта значыць, саюзнікі ўдваіх пачалі выяўляць, што ў малодшага з'явілася ўласная ядзерная бомба.
Але вось асобныя экстрэмісты, якіх нельга называць, але якія ведаюць пра перамяшчэнні ў Беларусі ваеннай тэхнікі лепш за беларускіх генералаў, кажуць, што ніякіх прыкмет пастаўкі ядзернай зброі ў краіну яны не заўважылі. Ні да заяваў Пуціна не заўважылі, ні пасля заяваў Пуціна не заўважылі.
Добра экстрэмісты. Перамяшчэння ў Беларусь ядзернай зброі не заўважылі і разведкі варожых беларускім уладам дзяржаў. (Гэта значыць NATO, ЕС і ўсіх суседзяў за адным сумніўным выключэннем). А мне ўсё ж такі здаецца, што ядзерная бомба ў сучасным свеце — гэта не такая штука, якую можна перамясціць куды-небудзь незаўважна. І атрымліваецца, што саюзнікаў можна павіншаваць схлусіўшы. Да чаго ім, зрэшты, не прывыкаць.
Пры гэтым інтэнсіўнасць вербальных ядзерных інтэрвенцый з боку саюзнікаў рэзка павысілася. Каб зрабіць уражанне, яны ж нават прыдумалі сабе прэвентыўны ядзерны ўдар адплаты.
Вось мне падаецца, што некаторая паспешлівасць саюзнікаў у віртуальным перамяшчэнні ядзернай бомбы ў Беларусь звязана з асцярогамі за лёс малодшанькага. Што асцярогі гэтыя ў апошні час рэзка павысіліся. Таму што NATO ляскае вайсковай авіяцыяй ля межаў, экстрэмісты точаць зубы з усіх бакоў, а Sunday Тimes распавяла пра беларускіх баевікоў, якія ў польскіх лагерах рыхтуюцца кагосьці зрынуць.
І паколькі надзеі на ўсе гэтыя паўтара мільёна байцоў тэрытарыяльнай абароны і сельскіх апалчэнняў мала, то застаецца толькі палохаць сапраўдных і ўяўных нядобразычліўцаў бомбай, якая ў тры разы больш магутная, чым тая, што была ў Хірасіме.
Хоць, усё гэта зусім не азначае, што саюзнікі не абдумваюць прымяненне сваёй бомбы. Таму што адзіны аргумент супраць прымянення бомбы — логіка і здаровы сэнс. А логіка і здаровы сэнс у дадзеным выпадку даўно ўжо не з'яўляюцца рэлевантнымі.