«Нічога асабістага, проста ўлада». Праблема камандзіра ў ядзернай зброі
Пуцін у пятніцу агучыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўлены ў Беларусь. Яму не надта паверылі — збольшага таму, што словы, прамоўленыя на Санкт-Пецярбургскім міжнародным форуме, супярэчаць яго ранейшым заявам. Але такія заявы ствараюць усё больш небяспекі для Лукашэнкі.
У Беларусі ці не?
Тыднем раней да пятнічнай заявы, 9 чэрвеня, Пуцін на сустрэчы з Лукашэнкам абвясціў, што ядзерная зброя ў Беларусь будзе дастаўлена тады, калі будзе гатова сховішча для гэтай зброі. Падрыхтоўка сховішчаў павінна была закончыцца 7-8 ліпеня.
Яшчэ раней, 25 траўня, Лукашэнка казаў, што перамяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусь «пачалося». Але 13 чэрвеня на пытанне, ці атрымаў ён ад Расіі нешта, беларускі кіраўнік замяўся: «Ну, не ўсё… Паціху…».
Самым імаверным сродкам перамяшчэння ядзернай зброі была названа чыгунка. Але ані тэлеграм-канал чыгуначнікаў Беларусі, ані канал, які адсочвае ваенную актыўнасць у Сінявокай, не падалі ніякіх звестак пра нейкія «спецтранспарты» са «спецгрузам».
За час, што прайшоў з заявы Пуціна, назіральнікі не фіксавалі ані буйных расійскіх эшалонаў, ані асаблівых калон расійскай ваеннай тэхнікі, якія былі б заўважаны на тэрыторыі Беларусі. Аднак ядзерныя боегалоўкі — гэта не проста кантэйнеры. Да іх павінен быў бы далучыцца і персанал для абслугоўвання, і ахова. Апошніх заўважана таксама не было.
Заходнія разведкі, спадарожнікавыя здымкі і іншае пра ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі таксама маўчаць. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць размяшчэнне ядзернай зброі ў РБ чарговай «прывязкай» Беларусі да Расіі ў ваенным плане — і нічога не кажа пра перасоўванне ядзерных зарадаў.
Адзіная магчымасць правезці ядзерную зброю ў Беларусь больш-менш незаўважна — гэта выкарыстаць такую зброю на аўтамабільным шасі. То-бок у краіну павінны заехаць комплексы кшталту «Ярс» ці «Таполя-М» на цягачах вытворчасці МЗКТ. Гэта вельмі вялікія машыны, якія таксама нельга назваць асабліва незаўважнымі.
Канешне, і яны не назіраліся, але пра такую схему абмовіўся Лукашэнка.
Мэта ўдару — уся Беларусь?
Даючы інтэрв’ю Скабеевай, Лукашэнка сказаў, што расійская ядзерная зброя не будзе знаходзіцца ў адным месцы. «Як толькі ўсё завязём, яно будзе развезена па Беларусі. У нас жа сховішчаў гэтых, як сабак у вёсцы. Сур’ёзна. У нас іх было шмат. Мы іх ужо пяць-шэсць аднавілі. Будзем больш аднаўляць. Мы не будзем жа трымаць у адным месцы», — сказаў Лукашэнка.
Калі верыць Лукашэнку (канешне, крыніца сумніўная, але ў адсутнасць іншых…), то расійская ядзерная зброя будзе ездзіць па ўсёй Беларусі, што кажа на карысць перамяшчальных комплексаў кшталту «Ярса». І гэта з ваеннага пункту гледжання апраўдана, таму што тады больш складана нанесці ўдар па гэтай зброі — ніхто не ведае, дзе яна акажацца заўтра. Але ў гэтым выпадку пад удар трапляе ўся Беларусь.
Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык (дый мы таксама) неаднаразова казаў, што Беларусь можа аказацца не пад зваротным ударам, а пад прэвентыўным. І ён мае рацыю.
Заходнія палітыкі, у адрозненне ад беларускага і расійскага дыктатараў, вельмі залежаць ад грамадскага меркавання. І на Захадзе (асабліва ў Еўропе) непазбежна ўздымуцца галасы пра тое, што ядзерная зброя ў Беларусі — наўпроставая пагроза бяспецы і дабрабыту еўрапейцаў. І канешне ж, нехта запатрабуе «зрабіць усё магчымае, каб…»
Але ў выпадку ядзернай эскалацыі будуць біць не па канкрэтных цэлях, а па «месцах верагоднага знаходжання» расійскага ядзернага арсенала. Гэта значыць, замест адной-двух ракет у Беларусь прыляціць пяць-шэсць, а мо і дзесяць. Прычым, у розныя кропкі. Такая вось у нас «бяспека».
Камандзір — галоўны, ці не так?
Але значна больш Лукашэнку ў гэтай сітуацыі павінна турбаваць схема аховы расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Паводле яго ж слоў, ахоўваць гэту зброю будуць сумесна беларусы і расіяне. «Я прапанаваў: ахоўваць будзем разам. Расійскі салдат, наш салдат. Гэта значыць, мы разам павінны быць. І навучылі нашых, нашы хлопцы схопліваюць імгненна гэта ўсё», — сказаў Лукашэнка ў тым жа інтэрв'ю Скабеевай.
У 2024 годзе, фактычна на носе, у Пуціна — чарговыя прэзідэнцкія выбары. Відавочна, што «малой пераможнай вайны» ва Украіне ў яго не атрымалася, і гэты маштабны правал трэба будзе кампенсаваць нечым не менш маштабным. Самы лёгкі для яго варыянт — поўная анексія Беларусі.
Кантраляваць нейкую адну кропку размяшчэння расійскіх войскаў (якія будуць у Беларусі пры ядзернай зброі) значна прасцей, чым пяць-шэсць, пра якія кажа Лукашэнка. А тым больш, калі гэтыя кропкі пастаянна перасоўваюцца.
Як і ў выпадку з прымяненнем ядзернай зброі, з яе аховай узнікае праблема камандавання. Відавочна, што гэта не будзе схема, агучаная Лукашэнкам: «Расійскі салдат, наш салдат». Гэта будзе схема «Наш салдат — расійскі камандзір». І канешне, ахоўваць ядзерную зброю будуць найлепшыя беларускія падраздзяленні. Ставіць на такую адказную пазіцыю «народнага апалчэнца» проста не мае сэнсу.
І калі Пуцін вырашыць зрабіць з прэзідэнцкага палаца Лукашэнкі «палац Аміна», што будзе рабіць беларускае войска? Асабліва калі расійскі камандзір загадае высунуцца ў напрамку Драздоў, а беларускім падначаленым — скласці зброю і адысці ўбок?
Цяпер безліч расійскіх палітолагаў варожаць, як Пуцін будзе выкарасквацца з той сітуацыі, у якую сябе загнаў, маючы на ўвазе тыя самыя прэзідэнцкія выбары-2024. Замірэнне ва Украіне? А ці пойдуць на яго ўкраінцы? І ці не прывядзе гэта да грамадзянскай вайны ўжо ў Расіі, як піша Уладзімір Пастухоў?
Увядзенне ваеннага становішча і адмена прэзідэнцкіх выбараў, як мяркуе былы спічрайтар Пуціна Абас Галямаў? Гэта таксама не вельмі добры варыянт, бо стварае і праблемы легітымнасці, і вельмі моцнае напружанне ў расійскім грамадстве. Усе «ўнутрырасійскія» варыянты вырашэння праблемы пераабрання нясуць багата небяспекі. А вось з анексіяй Беларусі Пуцін атрымае такі ж рэйтынг, як з анексіяй Крыма ў свой час. І за гэта яму могуць прабачыць нават страту таго самага Крыма.
Варыянт з паўторам у Беларусі «палаца Аміна» я б не стаў скідаць з рахункаў. І гэта можа адбыцца зусім не таму, што Лукашэнка дрэнны для Пуціна ці не выконвае нейкіх яго загадаў. Проста ў Пуціна нічога больш зручнага не застанецца. Як кажуць, нічога асабістага — проста так склалася.
А лепшая частка беларускіх вайскоўцаў будзе сядзець бяззбройнай і хрумстаць папкорнам. Па загадзе расійскага камандзіра.