Абас Галямаў: Увядзенне ваеннага становішча — выратаванне для Пуціна
Не варта верыць Пуціну, што ваеннага становішча ў РФ не абвесцяць, наадварот — гэта выратавальны крок для яго, перакананы палітолаг Абас Галямаў.

Фота: РИА «Новости»
Былы спічрайтар
Пуціна Абас Галямаў не выключыў, што ў РФ могуць быць адменены прэзідэнцкія
выбары 2024 года і ўведзена ваеннае становішча.
Палітолаг Абас Галямаў у эфіры праграмы «Паветра» заклікаў не верыць заяве расійскага прэзідэнта аб тым, што ў Расіі не будуць уводзіць ваеннае становішча.
На думку былога спічрайтара прэзідэнта РФ, увядзенне ваеннага становішча і адмена выбараў можа ўяўляцца для Пуціна выратавальным крокам у сітуацыі, калі выйграць выбары будзе вельмі складана.
«Пры адсутнасці Перамогі (у вайне) пратэснае галасаванне будзе надзвычай магутным. Пуцін не апраўдаў надзей расіян: ён уцягнуў краіну ў авантуру — і прайграе яе. Людзі будуць галасаваць супраць яго — і фальсіфікаваць выбары прыйдзецца ў гіганцкіх маштабах.
Адна справа — з 50 да 55% падняць вынікі, а калі прыйдзецца з 20 да 55 — гэтага ўжо не схаваеш. Можа здарыцца новая Балотная. А ва ўмовах нелаяльнасці сілавікоў (а яны расчараваны) гэта рызыкоўны сцэнар. Пазбегнуць яго можна, калі ўвесці ваеннае становішча і адмяніць выбары».

Расійскі прэзідэнт, які ўпарта выдае поўнамаштабную вайну за «спецаперацыю», проста не пакінуў сабе выбару, мяркуе Галямаў.
«Пуцін — закладнік узятага ім курса «ўсё нармальна, усё паводле плана». Ён спрабуе гэту думку максімальна пераканаўча трансліраваць. Ён ужо не ў стане змяніць мадэль паводзін, плыве па цячэнні. Гэты план нікому незразумелы — і ўсе усведамляюць, што ўсё ідзе не па плане, а начальнік неадэкватны. І ўсе пачынаюць працаваць на саміх сябе, сістэма пачынае рассыпацца. Самы яскравы прыклад — канфлікт паміж Прыгожыным і Мінабароны, калі ўся сістэма дзяржаўнай улады аказваецца не ў стане яго вырашыць».
