Столтэнберг: няма ніякіх прыкмет, што Пуцін хоча міру ці перамоў
Невядома, ці хутка Украіна і Расія змогуць сесці за стол перамоў. Таму цяпер мэта NАТО — дапамагчы Украіне вызваліць яе тэрыторыі, падкрэсліў генеральны сакратар арганізацыі Енс Столтэнберг.
Генеральны сакратар Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора Енс Столтэнберг заяўляе, што няма ніякіх прыкмет, што прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін хоча міру або перамоў аб спыненні распачатай ім вайны супраць Украіны.
Пра гэта Столтэнберг сказаў на брыфінгу ў пачатку пасяджэння міністраў абароны краін-чальцоў Альянсу, якое праходзіць 15-16 чэрвеня ў Бруселі, піша «УНІАН».
«Мы не бачым нейкіх прыкмет ад прэзідэнта Пуціна і Расіі, што яны ў рэчаіснасці рыхтуюцца да міру або любых сапраўдных перамоў. Да таго ж чым больш зямлі Украіна здольна адваяваць падчас контрнаступлення, тым мацнейшай будзе яе пазіцыя за сталом перамоў», — сказаў Столтэнберг.
«Мы таксама ведаем, што чым больш паспяховым будзе ўкраінскае контрнаступленне, тым больш імаверна, што на пэўнай стадыі прэзідэнт Пуцін усвядоміць, што ён не можа выйграць гэту вайну на полі бою і што ён будзе вымушаны сесці (за стол перамоў)», — сказаў Столтэнберг.
Столтэнберг: яшчэ рана казаць, ці стане контрнаступленне УСУ паваротным у вайне.
Пры гэтым генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу падкрэсліў, што для справядлівага і трывалага міру трэба забяспечваць Украіну падтрымкай, таму што гэта адзіны спосаб, каб вызваліць акупаваныя тэрыторыі і паслаць выразны сігнал Маскве, што расійскія войскі не змогуць выйграць: «Але, калі мы хочам міру, нам трэба пастаянна аказваць ваенную падтрымку Украіне. Таму што гэта адзіны спосаб для Украіны працягваць вызваленне сваіх тэрыторый. А таксама даслаць выразнае паведамленне Маскве, што Расія не выйграе на полі бою».
Столтэнберг адзначае, што яшчэ рана казаць, ці стане буйное контрнаступленне Украіны паваротным момантам у вайне, якую пачала Расія.
Пытанне пра сяброўства Украіны стане адной з самых гарачых тэм на будучым саміце NATO — на сустрэчы ў сталіцы Літвы Вільні ў сярэдзіне ліпеня. Паводле CNN, Байдэн і яго адміністрацыя настойваюць на ўступленні Украіны ў NАТО. Некаторыя саюзнікі, асабліва ва Усходняй Еўропе, выступаюць за больш канкрэтны шлях уступлення Кіева ў NATO пасля заканчэння вайны. Сам жа Столтэнберг адзначаў, што Украіна можа стаць часткай арганізацыі, толькі калі скончыцца вайна.
Украіна пачала наступ
У першыя тыдні лета ўкраінскія войскі актывізавалі наступальныя дзеянні на ўсходзе і паўднёвым усходзе Украіны. Узброеным сілам удалося вызваліць сем населеных пунктаў у Запарожскай і Данецкай абласцях.
Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што наступленне УСУ працягваецца на трох кірунках — Бярдзянскім, Марыупальскім і Бахмуцкім. Ва ўкраінскіх вайскоўцаў ёсць пэўныя поспехі.
Паводле www.unian.net, Украінскай службы РБК