Генры Кісінджэр: «Украіна павінна быць у NATO». Але якім чынам?

Свой стогадовы юбілей 27 траўня святкуе Генры Кісінджэр — ці не самы аўтарытэтны геапалітычны стратэг апошніх 50 гадоў. Адныя лічаць яго геніем, а іншыя амаральным злачынцам, якому самае месца за кратамі з пажыццёвым тэрмінам. Напярэдадні свайго дня народзінаў аналітык зрабіў чарговыя гучныя заявы, якія выклікалі рэзананс.

Фота dzen.ru

Фота dzen.ru


На мінулым тыдні гэты вядомы амерыканскі палітык і адзін з лепшых экспертаў ХХ стагоддзя ў галіне міжнародных адносін, даў вялікае інтэрв'ю часопісу The Economist. Як і 50 гадоў таму Кісінджэр прапануе Амерыцы і Кітаю навучыцца жыць разам, бо ў адваротным выпадку нас можа чакаць вялікае супрацьстаянне дзяржаў.

Менавіта Генры Кісінджэр быў адным з тых амерыканскіх стратэгаў, хто ў пачатку 1970-х удала скарыстаўся савецка-кітайскімі супярэчнасцямі, літаральна ўбіўшы клін паміж сацыялістычнымі дзяржавамі. Савецкі Саюз і КНР знаходзіліся тады ў стадыі глыбокай канфрантацыі, якая магла перарасці ў сапраўдную вайну — час ад часу назіраліся нават збройныя сутычкі. Да перарастання ў канфлікт заставаўся літаральна адзін крок.

У 1971 годзе ён асабіста наведаў Пекін, сустрэўся з Чжоу Эньлаем, тагачасным старшынёй Дзяржсавета КНР, а потым і з самім Маа Цзэдунам. На наступны год у Кітай прыляцеў амерыканскі прэзідэнт Рычард Ніксан, а ў канцы 1970-х краіна нарэшце здолела выйсці з міжнароднай ізаляцыі, атрымаць прызнанне і нават месца ў ААН. Тая паездка Кісінджэра выклікала неверагоднае здзіўленне ў многіх, бо кардынальным чынам мяняла палітычны ландшафт.

Сёння Генры Кісінджэр неадназначна выказваецца на тэму вайны ва Украіне. Паводле яго нашую суседку неадкладна трэба прыняць у склад NATO, каб яна не магла ў будучым распачаць вайну з Расіяй за вяртанне сваіх тэрыторый пасля заканчэння цяперашняй вайны. Раней, да расійскага ўварвання ён выступаў за нейтральны статус Украіны, але цяпер нечакана змяніў сваё меркаванне.

«Калі вайна скончыцца так, як яна, верагодна, скончыцца, калі Расія страціць шмат сваіх заваёваў, але захавае Севастопаль, мы можам мець незадаволеную Расію, а таксама незадаволеную Украіну — іншымі словамі, баланс незадаволенасці. Таму для бяспекі Еўропы лепш мець Украіну ў NATO, дзе яна не зможа прымаць рашэнні па тэрытарыяльных прэтэнзіях на нацыянальным узроўні», — тлумачыць сваю пазіцыю Кісінджэр.

На яго думку, найбольш імаверным вынікам вайны ва Украіне будзе тое, што ўмоўная мяжа пройдзе «дзесьці па той лініі статус-кво, якая існавала да 24 лютага 2022 года. Гэта не ідэальны вынік. Гэта мой погляд на тое, што можа адбыцца».

Такія заявы нязменна выклікаюць рэзка негатыўную рэакцыю ў Кіеве. Прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў, у тым ліку прэзідэнт Зяленскі, неаднаразова катэгарычна заяўлялі, што ніякія перамовы з Крамлём немагчымыя, пакуль апошні расійскі салдат не пакіне тэрыторыю Украіны. Аднак застаецца незразумелым, наколькі цвёрдай застанецца гэтая рашучасць, калі пастаўкі ўзбраенняў з ЗША — галоўнага донара ваеннай дапамогі Украіне — пачнуць істотна скарачацца.


Падобна на тое, што ў агляднай перспектыве ваенны канфлікт будзе спынены тым ці іншым чынам. Але на якіх умовах? Прыкладна, калі выйшла гутарка з Генры Кісінджэрам, аўтарытэтнае амерыканскае выданне Politico апублікавала матэрыял, дзе сцвярджаецца, што Украіна можа папоўніць шэрагі краінаў з «замарожанымі» канфліктамі. Прасцей кажучы, стаць другой Паўднёвай Карэяй.

Паводле аўтараў выдання, якія спасылаюцца на ананімныя крыніцы ў амерыканскай адміністрацыі, на сёння ў Белым доме вывучаюць варыянт замарожвання расійска-ўкраінскага канфлікту па тыпе карэйскага, які адбыўся ў пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя і цягнуўся тры гады. У выніку яго на мапе свету з’явілася дзве Карэі — Паўночная і Паўднёвая.

Гісторыя там даволі простая — савецкія войскі ў жніўні 1945 года ў часе разгрому квантунскай арміі Японіі занялі поўнач паўвыспы, а ў верасні на поўні высадзіліся амерыканцы. Аб падзеле тэрыторыі па 38 паралелі дамовіліся ў рабочым парадку — гэта значыць ніякіх папярэдніх перамоваў і не было. І адныя, і другія войскі пакінулі краіну ў 1948 годзе, там засталіся толькі вайсковыя дарадцы.

Кім Ір Сэн пачаў задумвацца пра сілавы варыянт аб’яднання паўвыспы ўжо ў 1949 годзе, але не меў для таго рэсурсу. Да ўсяго вагаўся па гэтым пытанні ягоны патрон Іосіф Сталін, якому ў той час было проста не да Карэі. Схіліў яго да ўдзелу ў вайне Маа Цзэдун, які сам толькі нядаўна стаў фактычна адзінаасобным кіраўніком Кітая пасля перамогі ў працяглай грамадзянскай вайне з нацыяналістамі з Гаміньдану. Тым давялося ўцякаць на Тайвань, дзе і цяпер існуе асобная Кітайская Рэспубліка.

Вайна пачалася ў канцы чэрвеня 1950 года, калі паўночнакарэйскія войскі перайшлі 38-ю паралель і пачалі ўварванне на поўдзень. Але паводле афіцыйнай версіі, якая была агучана карэйскімі камуністамі — гэта «здраднік» Лі Сын Ман уварваўся на абшары КНДР. І для кіраўніцтва Паўднёвай Карэі і для амерыканцаў пачатак вайны стаў поўнай нечаканасцю.

Але ў хуткім часе армія Паўночнай Карэі была фактычна разгромленая. Не змяніў сітуацыі і мільён кітайскіх добраахвотнікаў, якіх даслаў Маа. Савецкая дапамога была істотнай, але і з ёй кіраўніцтва КНДР не магло перамагаць. Таму з вясны 1951 года вайна займела пазіцыйны характар. А ў ліпені 1953-га адбылося замірэнне, якое «замарозіла» канфлікт на дзесяцігоддзі.


Паводле аналітыкаў з Белага дому, цяперашняя расійска-ўкраінская вайна працягнецца шмат гадоў, магчыма, дзесяцігоддзяў — накшталт супрацьстаяння на Карэйскім паўвостраве. Гэты сцэнар, мяркуюць у Белым доме, можа аказацца найбольш рэалістычным у доўгатэрміновай перспектыве, улічваючы, што ні Кіеў, ні Масква не схільныя прызнаваць паражэнне. Але разам з тым не могуць і перамагчы.

Уласна «замарожаны» канфлікт, пры якім баявыя дзеянні прыпыняюцца, але ніводны з бакоў не аб'яўляецца пераможцам і не згаджаецца з афіцыйным заканчэннем вайны, таксама можа стаць палітычна прымальным доўгатэрміновым вынікам для Злучаных Штатаў і іншых краін, якія падтрымліваюць Украіну, лічаць аўтары Politico.

Але разам з тым у матэрыяле ніяк не абгаворваецца магчымая лінія мяжы, па якой можна было б правесці такую ўмоўную «размежавальную» лінію. Асабліва з улікам таго, што Расія ў верасні мінулага года заявіла аб далучэнні да свайго складу чатырох абласцей Украіны, у тым ліку і тых, што ёй нават не ўдалося цалкам акупаваць. У любым разе ўжо зараз вядома, што такія «межы» не будуць з’яўляцца дзяржаўнымі, але разам з тым кожны з бакоў не мусіць іх перасякаць.