Улады ЗША думаюць, як замарозіць расійска-ўкраінскую вайну?
Улады ЗША абмяркоўваюць варыянты, пры якіх расійска-ўкраінская вайна з цяперашняй гарачай стадыі магла б ператварыцца ў яшчэ адзін замарожаны канфлікт, піша выданне Politico са спасылкай на ананімныя крыніцы ў амерыканскай адміністрацыі.
Верагоднасць такога развіцця падзей расцэньваецца ў Белым доме ўсё вышэй. Такі канфлікт будзе доўжыцца шмат гадоў, магчыма, дзесяцігоддзяў — накшталт супрацьстаяння на Карэйскім паўвостраве, адзначае выданне Politico.
Гэты сцэнар, мяркуюць у Белым доме, можа аказацца найбольш рэалістычным у доўгатэрміновай перспектыве, улічваючы, што ні Кіеў, ні Масква не схільныя прызнаваць паразу.
Замарожаны канфлікт, пры якім баявыя дзеянні прыпыняюцца, але ні адзін з бакоў не абвяшчаецца пераможцам і не згаджаецца з афіцыйным заканчэннем вайны, таксама можа стаць палітычна прымальным доўгатэрміновым вынікам для Злучаных Штатаў і іншых краін, якія падтрымліваюць Украіну, лічыць Politico.
Гэта азначала б, што колькасць ваенных сутыкненняў і выдаткі на падтрымку Кіева скароцяцца, а грамадская ўвага да вайны аслабне.
Так, два амерыканскія чыноўнікі і былы чыноўнік адміністрацыі Байдэна пацвердзілі журналістам, што працяглае замарожванне баявых дзеянняў з'яўляецца адной з магчымасцей, да якіх ЗША рыхтуюцца. Амерыканскія чыноўнікі таксама думаюць аб доўгатэрміновых сувязях бяспекі Вашынгтона з Кіевам, а таксама аб адносінах Украіны з ваенным альянсам NATO.
«Ёсць адна групоўка, якая кажа: "О, украінцы павінны мець [горад] Марыупаль і доступ да Азоўскага мора". Ёсць іншыя, якія менш заклапочаныя размяшчэннем ліній, пакуль Украіна ў бяспецы ідзе ў будучыню», — сказаў былы чыноўнік адміністрацыі, калі апісваў унутраныя размовы ў ведамстве.
Зрэшты, піша Politico, такія дыскусіі застаюцца на ранніх стадыях, пры гэтым афіцыйныя асобы ЗША падкрэсліваюць, што вайна будзе заставацца гарачай яшчэ даволі доўга і што адміністрацыя Байдэна мае намер забяспечыць Украіну неабходнай зброяй і падтрымкай, каб выціснуць расіян з як мага большай тэрыторыі.
Здагадкі аб тым, што заходнія партнёры Украіны былі б рады пераходу вайны ў замарожаны канфлікт, нязменна выклікаюць рэзка негатыўную рэакцыю ў Кіеве.
Прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў, уключаючы прэзідэнта Зяленскага, неаднаразова катэгарычна заяўлялі, што ніякія перамовы з Крамлём немагчымыя, пакуль апошні расійскі жаўнер не пакіне тэрыторыю Украіны.
Аднак застаецца незразумелым, наколькі цвёрдай застанецца гэтая рашучасць, калі пастаўкі ўзбраенняў з ЗША — галоўнага донара ваеннай дапамогі Украіне — працягнуць скарачацца.
Таксама застаецца невядомым, па якой менавіта мяжы можна было б правесці меркаваную лінію размежавання з улікам таго, што Расія ў верасні мінулага года ўнесла ў сваю Канстытуцыю чатыры вобласці Украіны, уключаючы тыя, што ёй не ўдалося цалкам акупаваць, і наўрад ці добраахвотна пойдзе на саступкі ў гэтым пытанні.