Закрыць усё!
Яшчэ нядаўна ўсе сумняваліся ў «карэізацыі» Беларусі. Маўляў, немагчыма краіну ў цэнтры Еўропы закрыць, як закрытая Паўночная Карэя. Можа, і немагчыма, але, падаецца, улады ўсё робяць для гэтага.
Фота www.pikabu.ru
Найперш, самае балючае пытанне — пытанне дзейнасці прадпрымальнікаў. Як вядома, дробныя бізнесоўцы чакаюць вынікаў перамоваў з уладамі да 25 студзеня. У гэты дзень яны павінны сабрацца ў Мінску на чарговы Антыкрызісны форум і паглядзець, што прапануюць улады, каб ІП аднавілі працу.
Але справа ў тым, што форум прадпрымальнікаў у гэты дзень можа і не адбыцца. Як распавёў старшыня прадпрымальніцкага РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, 16 студзеня яны заключылі дамову з галоўным гаспадарчым упраўленнем Кіраўніцтва справамі прэзідэнта аб арэндзе залы Міністэрства эканомікі. У той жа дзень арэнда была аплачана. Аднак 19 студзеня Шумчанку паведамілі, што ў арэндзе адмоўлена. Гэта патлумачылі тым, што 25 студзеня ў памяшканні плануецца правядзенне калегій міністэрстваў «з удзелам першых асоб».
Зала, у якой планавалася правесці чарговы прадпрымальніцкі форум, разлічана на 438 месцаў. Традыцыйна свае мерапрыемствы ў апошнія гады «Перспектыва» ладзіла ў актавай зале гасцініцы «Беларусь», але на папярэднюю сустрэчу 11 студзеня, паводле ацэнак арганізатараў, сабралася больш за тысячу прадстаўнікоў малога бізнесу. Па словах Шумчанкі, гэта выклікала незадаволенасць адміністрацыі гасцініцы, і цяпер там згодныя на мерапрыемствы «Перспектывы», калі колькасць удзельнікаў не перавысіць 250 чалавек.
Аб’яднанне шукае ў Мінску новую залу для правядзення форуму. Аднак не факт, што такія памяшканні знойдуцца. Гэта значыць, альбо прадпрымальніцкі форум пройдзе на вуліцы — чаго так палымяна не хацеў Шумчанка. Альбо мерапрыемства не будзе ўвогуле, што аўтаматычна пераводзіць непрацуючых зараз ІП у стадыю «бестэрміновага страйку». Бо працаваць у новых умовах ім немагчыма.
Такім чынам, улада потым можа з чыстым сумленнем казаць, што прадпрымальнікі самі завалілі тыя дамоўленасці, пра якія тыя і не пачулі, бо залы для іх збору не знайшлося. І будзе ў нас толькі «дзяржаўны гандаль», як у Паўночнай Карэі, з усімі ягонымі наступствамі: дэфіцытам і адсутнасцю выбару.
Апроч таго, хутка дзяржава вызначыць, што нам варта глядзець па тэлебачанні, а што шкодна. У Міністэрстве інфармацыі завяршаецца праца над праектам указа аб увядзенні ў Беларусі адзінага дзяржаўнага дыстрыбутара замежных тэлеканалаў.
Зараз кожны кабельны аператар самастойна фармуе сваю сетку вяшчання і спіс рэтранслюемых тэлеканалаў. З прыходам адзінага дзяржаўнага рэгулятара гэта стане немагчымым. Сітуацыя ўскладняецца і палітыкай саміх замежных тэлеканалаў.
Найперш, буйныя замежныя каналы прынцыпова супраць таго, каб у адной сетцы іх прадукцыя спалучалася з канкурэнтамі. Напрыклад, там, дзе транслюецца Sony Pictures, не павінна быць Fox Life. Там, дзе ёсць «Охота и рыбалка», не павінна быць Animal Planet ад Discovery. А калі ў Беларусі будзе толькі адзін рэтранслятар замежных тэлеканалаў, зразумела, некаторыя канкуруючыя кампаніі проста адмовяцца ад нашага рынка. Найперш, адмовяцца сусветныя лідары, бо наш рынак у іх маштабах — кропля ў моры, за які ваяваць не варта. Напрыклад, у таго ж Discovery агульная колькасць абанентаў у свеце — 3 мільярды.
А некаторыя буйныя замежныя тэлекампаніі таксама прынцыпова не вядуць вяшчанне праз дзяржаўныя кампаніі-рэтранслятары. Звычайна ў статутных дакументах буйных міжнародных медыяхолдынгаў прапісаныя абмежаванні па партнёрстве з дзяржаўнымі і афіляванымі з дзяржавай кампаніямі. Гэтага патрабуе іх антыманапольнае і антыкарупцыйнае заканадаўства. А калі ў Беларусі будзе адзін дыстрыбутар, які сам рэгіструе тэлеканалы, сам выдае дазвол на іх распаўсюд і сам жа «за парадкам назірае», — што гэта, як не манаполія?
То бок, большасць сусветных адукацыйных і асветніцкіх тэлеканалаў мы больш не пабачым інакш, як па спадарожнікавай талерцы. Яе пакуль што не да канца зарэгулявалі, — толькі месцы яе ўстаноўкі.
За закрыццём сусветных адукацыйных тэлеканалаў навацыі чакаюць і айчынную адукацыю. Прынамсі, наш міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў выказаў пажаданне скараціць базавую школьную праграму як мінімум на 20–30%.
«Сучасная школьная праграма значна больш складаная, чым яна была ў 70–80-я гады мінулага стагоддзя, — піша ён у артыкуле, апублікаваным 19 студзеня ў газеце «Советская Белоруссия». — Гэтае ўскладненне праграмы пачалося ў 1990-х гадах і працягваецца дагэтуль. Трэба пакінуць у школьнай праграме толькі самую важную і неабходную базавую інфармацыю».
На думку Жураўкова, стварэнне базавай праграмы трэба праводзіць паэтапна: «Спачатку рашуча адкінуць відавочна другарадны або немагчымы для вывучэння ў сярэдняй школе матэрыял (для дакладных навук адзін з галоўных арыенціраў і сёння — праграма савецкай школы другой паловы XX стагоддзя), а затым заняцца ўважлівым адборам інфармацыі, абсалютна неабходнай для вывучэння ў школе».
Ну, зразумела, што сучасная школьная праграма больш складаная, чым тая, што была паўстагоддзя таму! Можа, нагадаць спадару Жураўкову, што «арыенцір — праграма савецкай школы другой паловы XX стагоддзя» называла генетыку «прадажнай дзеўкай імперыялізму», а інфарматыку і кібернетыку — ілжэнавукамі? Можа, абрэзаць усім інтэрнэт, і замест кампутараў у школы паставіць калькулятары як вышэйшае дасягненне айчыннай электронікі?
Некаторыя (і я ў іх ліку) думаюць, што ў нас школьная праграма і так спрошчаная ў параўнанні з той, па якой мы вучыліся напачатку 1990-х гадоў. Куды ўжо прасцей, калі нам у першым класе ставілі адзнакі, а зараз першы клас — усё роўна што «нулёўка» ў дзіцячым садку?
Карацей, па выразе кіраўніка дзяржавы, будзем мы хадзіць «п’яныя і дурныя». П’яныя, бо гарэлка ў крамах ёсць, а на рынках нікога няма. І дурныя, бо няма адукацыйных тэлеканалаў, а школа навучыць, што генетыка — «прадажная дзеўка імперыялізму».