У школьнікаў са шматдзетных семʼяў забралі бясплатныя сняданкі

З новага года бацькі будуць даплачваць за сняданкі па 15 тысяч рублёў. Абеды застаюцца бясплатнымі.



sniadanak.jpg

Дзяржава зменшыла дапамогу дзецям са шматдзетных семʼяў: каб дзеці снедалі ў школе, бацькам трэба даплачваць па 15 тысяч рублёў у тыдзень. Увядзенне такой сімвалічнай сумы абумоўленае спыненнем сацыяльнай праграмы, якая была разлічаная да канца 2015 года. Пакуль улады працуюць над стварэннем новай, бацькі будуць часткова даплачваць за сняданкі.

Ільготы на абеды захаваліся.

У беларускіх школах бясплатна харчуюцца толькі вучні пачатковай школы. У сярэдняй і старэйшай школах бацькі выдаткоўваюць на сняданкі і абеды дзяцей па 20–25 тыс. у дзень (100–125 тыс. у тыдзень).

Шматдзетная семʼя — сямʼя з трыма і болей дзецьмі. Такія семʼі маюць ільготы, недасяжныя іншым — звычайна гэта ільготы, зніжкі і надбаўкі на выплату. Напрыклад, для беспрацоўных бацькоў са шматдзетных семʼяў грашовая дапамога па беспрацоўі больш на 20 %. Статус шматдзетнай сямʼі пацвярджаецца пасведчаннем, якое выдае выканкам.

belsat.eu