Сяргей Навумчык: «Крэмль прыступіў да канчатковага этапу ліквідацыі беларускай дзяржавы рукамі Лукашэнкі»

Палітычны аглядальнік і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Навумчык разважае пра палітычных дзеячаў, якія, крытыкуючы Лукашэнку, падтрымлівалі варыянты інтэграцыі з Расіяй, і ролю гэтых людзей у гісторыі.

Сяргей Навумчык. Фота Франак Вячорка

Сяргей Навумчык. Фота Франак Вячорка


Сёньня, калі Незалежнасьць на валаску, яшчэ больш выразна прадстае пазыцыя партый і асобных палітыкаў, якія, крытыкуючы Лукашэнку, адначасна падтрымлівалі, а некаторыя і вылучалі ўласныя варыянты інтэграцыі з Расеяй, прыгожа называючы гэта «умацаваньнем двухбаковых эканамічных стасункаў, але без Лукашэнкі».
Менавіта яны занялі асноўнае месца ў канфігурацыі «аб’яднанай апазыцыі» з 1996, калі ніводзін кандыдат БНФ ня быў прапушчаны ў парламент. У Маскве разумелі, што нельга вось гэтак адразу ўзяць і зьнішчыць ўсе партыі — зьнішчыць трэба было «нацыяналістаў», а «демократов вообще», наадварот, падтрымаць — у прынцыпе, іх прысутнасьць у палітычным полі Маскву збольшага задавальняла.Маскву да пэўнага моманту задавальняла, хто рабіў свой унёсак ва ўмацаваньне прысутнасьці Масквы і “русского мира” у Беларусі (цяпер Крэмль прыступіў да канчатковага этапу ліквідацыі беларускай дзяржавы рукамі Лукашэнкі, і гэтаму замінае кожны, хто супраць Лукашэнкі — нават калі б ён і быў супраць «нацыяналістаў»).
На Маскву працавала кожнае слова (хаця б нават толькі адно) на карысьць «двухбаковых эканамічных стасункаў», на карысьць дзяржаўнага двухмоўя.


На Маскву працавала вылучэньне ў 1995 годзе кожнага кандыдата па кожнай акрузе, дзе балатаваўся кандыдат БНФ — бо толькі БНФ катэгарычна выступаў супраць якой бы тое ні было інтэграцыі з РФ (сюды ж я далучаю і БСДГ, фронтаўцы і грамадоўцы ішлі адным блокам).
На Маскву працаваў і лёзунг захаваньня дамоўленасьцяў з Масквой у 2020-м.

Усе гэтыя хітрыкі, спосабы спадабацца Маскве (чым бы яны ні тлумачыліся) — аказаліся, у канчатковым выглядзе, на карысьць “русскому миру”. І, адпаведна — супраць Беларусі.  

Ня ведаю, як будзе ацэньвацца такое праз гады ў Беларусі, калі яна будзе вольнай — у выпадку, калі Беларусь зьнікне, гэта, перакананы, будзе звацца нацыянальнай здрадай.
Зрэшты, тады ўжо ня будзе каму ацэньваць. Таму — Гасподзь ім усім судзьдзя.