«У Лукашэнкі з'явілася яшчэ адна гістарычная місія: зрабіць Беларусь мішэнню для ядзернага ўдару»

Валерый Карбалевіч на «Свабодных навінах» разважае пра тое, што планы Лукашэнкі ўмацаваць перагаворныя пазіцыі з Захадам пры дапамозе ядзернай зброі праваліліся: замест гэтага Лукашэнка ўласнымі рукамі падставіў Беларусь пад прыцэл.

Ілюстрацыйная выява Midjourney

Ілюстрацыйная выява Midjourney


Паміраць я не збіраюся, хлопцы. Вы яшчэ мучацца са мной будзеце вельмі доўга.

Аляксандр Лукашэнка, 23 мая 2023 года.

24-25 мая ў Маскве адбыўся II Еўразійскі эканамічны форум, а таксама пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета. Мерапрыемствы прайшлі па стандартнай, традыцыйнай схеме. Выступленні кіраўнікоў краін-удзельніц гэтага саюза выглядалі як дэкларацыі аб намерах, яны заклікалі да больш актыўнай інтэграцыі, яшчэ больш цеснага эканамічнага супрацоўніцтва. Лукашэнка гаварыў пра неабходнасць ператварыць еўразійскі саюз у сусветны цэнтр, насуперак Захаду. Нічога новага.

Хоць новае ў дзейнасці ЕАЭС усё ж з'явілася. Праўда, публічна пра гэта кіраўнікі не гаварылі. Летась у Еўразійскага саюза ўзнікла новая функцыя. ЕАЭС стаў зручным механізмам кантрабанды падсанкцыйных тавараў у Расію.

Але галоўнай падзеяй гэтага дня стаў пачатак працэсу размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі.


Нагадаю, 25 сакавіка Пуцін абвясціў аб рашэнні размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі і аб намеры пабудаваць тут да 1 ліпеня аб'ект яго захоўвання. Тады многія эксперты палічылі гэта блефам, інфармацыйнай атакай, накіраванай на запалохванне Захаду. Цікава, што 16 траўня афіцыйны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў фактычна пацвердзіў гэтую версію, заявіўшы: «Што тычыцца анонсаў размяшчэння тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Па-першае, гэта толькі заявы. Нічога з практычнага пункту гледжання не было зроблена ў гэтым кірунку».

Але роўна праз два месяцы, 25 траўня, уся гісторыя з ядзернай зброяй раптам павярнулася зусім іншым бокам. У гэты дзень у Мінску міністры абароны Беларусі і Расіі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак утрымання расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі.

Лукашэнка быў вымушаны звярнуцца да гэтай тэмы, адказваючы на пытанні журналістаў у Маскве. Паводле яго слоў, гэтае пытанне ён абмяркоўваў з прэзідэнтам Расіі падчас Еўразійскага форуму:

«Ён мяне праінфармаваў, што ён падпісаў указ аб нашых дзеяннях па размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі. Гэта значыць гаворка ішла пра дакумент канкрэтны. Прынята рашэнне ў развіццё таго, што сказана было вусна».

Такім чынам, зафіксуем гэты момант. Пуцін падпісвае дакумент аб размяшчэнні растйскай ядзернай зброі ў Беларусі і толькі потым інфармуе пра гэта Лукашэнку, ставіць яго перад фактам. У яго не пытаюцца згоды. Найважнейшае стратэгічнае пытанне нацыянальнай бяспекі Беларусі вырашаецца ў Маскве без удзелу Беларусі, без Лукашэнкі.

А далей ідзе не менш паказальны дыялог Лукашэнкі з журналістам:

Лукашэнка: «Пачалося перамяшчэнне ядзерных боепрыпасаў».

Журналіст: «Ужо пачалося? Яна (ядзерная зброя. — Заўв. «БелТА») ужо ў Беларусі?»

Лукашэнка: «Магчыма. Я прыеду — пагляджу».

Такім чынам, сітуацыя фенаменальная. Сам Лукашэнка прызнаецца, што не ведае, ці размясціла Расія ядзерную зброю ў Беларусі або яшчэ не. Хто ж у такім выпадку рэальны гаспадар у краіне?

Думаю, мы так да канца і не даведаемся ўсе дэталі гэтага працэсу, не зразумеем, дзе тут блеф, а дзе рэальнасць. Але ў любым выпадку падпісаныя ў Мінску дакументы, афіцыйнае паведамленне пра практычную рэалізацыю абвешчанага рашэння многае мяняе і будзе мець важныя палітычныя наступствы для Беларусі.

Размяшчэнне ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі з'яўляецца дадатковым механізмам вайскова-палітычнага кантролю РФ над Беларуссю. Радыкальна ўзрастае вайсковая залежнасць Беларусі ад Расіі, звужаецца суверэнітэт краіны ў сферы абароны. У Масквы з'яўляецца новы інструмент уплыву на беларускі рэжым, які можа быць выкарыстаны для ўцягвання нашай краіны ў вайну насуперак яе жаданню.

Лукашэнка, заклікаючы Расію размясціць у Беларусі ядзерную зброю, разлічваў, што гэта павысіць яго палітычную вагу, гарантуе бяспеку, стане яшчэ адным рычагом ціску на Захад. На самой справе можа здарыцца наадварот. Для Расіі Беларусь цяпер не столькі суверэнная дзяржава, колькі тэрыторыя, на якой размешчаная расійская ядзерная зброя. І замежныя дзяржавы будуць разглядаць Беларусь як краіну з абмежаваным суверэнітэтам. Думаю, не выпадковы тролінг, зладжаны прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым на Еўразійскім эканамічным форуме, дзе ён заявіў, што Беларусь і Расія сталі адным народам — адной дзяржавай, і нават «ядзерная зброя адна на дваіх цяпер».

Размяшчэнне ў Беларусі расійскіх ядзерных боезарадаў яшчэ больш цесна звязвае палітычны лёс двух рэжымаў. Цяпер значна складаней будзе дыстанцыявацца ад Масквы, сказаць, што мы не ўдзельнічаем у вайне, мы за мір, а тым больш прапанаваць ролю міратворца.

Магчыма, Лукашэнка, згаджаючыся на гэты крок, меркаваў, што статус Беларусі як ядзернай дзяржавы павысіць яго перагаворныя пазіцыі ў адносінах з Захадам. Аднак хутчэй усё наадварот. Ядзерная зброя ў Беларусі стварае сітуацыю незваротнасці ў адносінах з Захадам, спальвае масты, што засталіся. З пункту гледжання заходніх палітыкаў, рэжым Лукашэнкі становіцца значна больш таксічным і несамастойным, чым раней. Што можа пацягнуць за сабой увядзенне новых санкцый.

У любым выпадку, размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі можа стаць фатальным крокам як для кіруючага рэжыму, так і для Беларусі. А ў Лукашэнкі з'явілася яшчэ адна гістарычная місія: зрабіць Беларусь мішэнню для ядзернага ўдару.


Цяпер што тычыцца вынікаў візіту Лукашэнкі ў Маскву. 22 мая ён прыняў з дакладам пасла Беларусі ў Расіі Дзмітрыя Крутога. Абмяркоўвалі праблемы эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін. Лукашэнка заявіў: «Я бачу па сітуацыі, што ўсё-ткі праблемы ёсць, нестыкоўкі нейкія. Часам бюракратызм. Хто ў гэтым вінаваты? Каб вось, сустракаючыся паслязаўтра ў Маскве, мы з прэзідэнтам Расіі Пуціным маглі абмеркаваць і зняць тыя праблемы». Такім чынам, Лукашэнка разлічваў на паўнавартасныя перамовы з расійскім лідарам падчас сваёй паездкі ў Маскву 24-25 траўня на II Еўразійскі эканамічны форум і саміт Еўразійскага эканамічнага саюза.

Тое, што Пуцін і Лукашэнка гутарылі ў кулуарах мерапрыемстваў, якія праходзілі ў Маскве, сумневаў не выклікае. Але ці былі паўнавартасныя перамовы? Тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі «Пул першага» паведаміў:

«Пасля заканчэння працоўнага абеду Лукашэнка і Пуцін пагутарылі яшчэ і сам-насам. Натуральна, за зачыненымі дзвярыма».

Але з расійскага боку пацвярджэння гэтага факту не было. На сайце прэзідэнта Расіі паведамляецца, што той увечары 25 траўня сустракаўся з кіраўнікамі Азербайджана і Арменіі. Пра сустрэчу з Лукашэнкам нічога не гаворыцца.